Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучні гімназіі-каледжу пратэстуюць супраць пераходу на расейскую мову


Ігар Карней, Менск Навучэнцам гімназіі-каледжу мастацтва імя Ахрэмчыка, якая дагэтуль была беларускамоўнай, паведамілі, што ў новым навучальным годзе асобныя дысцыпліны пачнуць выкладаць па-расейску. У прыватнасьці, было абвешчана, што няма грошай на набыцьцё беларускамоўнага падручніка матэматыкі. Падобная навіна абурыла ня толькі гімназістаў, але і многіх бацькоў. Напярэдадні навучэнцы напісалі ліст у адміністрацыю гімназіі з прапановай адмовіцца ад абедаў, каб на заашчаджаныя сродкі купіць беларускія кнігі.

З трыццаці вучняў 10 клясы толькі адзін не падпісаўся пад лістом на імя дырэктаркі Людмілы Шахавай з просьбай вярнуць выкладаньне матэматыкі на роднай мове. Расказвае гімназістка Валерыя:

(Валерыя: ) “Мы прыйшлі на заняткі па матэматыцы, і нам сказалі падпісваць сшыткі па-расейску. Калі мы запыталі: “Чаму?”, нам адказалі: у наяўнасьці толькі расейскія падручнікі і няма грошай, каб набыць беларускія. Мы напісалі ліст да кіраўніцтва гімназіі, дзе, у прыватнасьці, прасілі, каб школа ўсё ж набыла беларускія падручнікі. А каб зьявіліся грошы, дзеля гэта мы прапанавалі ахвяраваць раз на тыдзень абедамі ў сталоўцы”.

Запытваю яшчэ ў адной навучэнкі, Веранікі: ці можа мець рэальны плён прапанова самім заплаціць за беларускамоўныя дапаможнікі, эканомячы грошы на харчаваньні?

(Вераніка: ) “У залежнасьці ад таго, наколькі сур’ёзна гэта ўспрымуць. Цяпер цяжка сказаць, але, прынамсі, мы цешым сябе спадзяваньнямі”.

(Валерыя: ) “А я думаю, што адказу ня будзе. Таму што ў нас звычайна не адказваюць на лісты”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ўвогуле верыце ў тое, што ў краіне няма беларускіх падручнікаў?”

(Вераніка: ) “Верым, у нас можа такое быць, так”.

(Карэспандэнт: ) “Вам новыя падручнікі ўжо выдалі на рукі?”

(Вераніка: ) “Так, мы іх ужо атрымалі”.

(Карэспандэнт: ) “Настаўніца матэматыкі дагэтуль на якой мове выкладала?”

(Валерыя: ) “Яна выкладала па-беларуску, і вось нават гэты ўрок, пачаўшы па-расейску, у канцы ўсё роўна перайшла на беларускую мову”.

(Карэспандэнт: ) “Але праблема толькі з матэматыкай?”

(Валерыя: ) “Справа ў тым, што іншых урокаў сёлета ў нас яшчэ амаль не было, таму дакладна нават ня ведаем”.

Прадстаўніца бацькоўскага камітэту Валянціна Лойка апавядае, што спроба русіфікацыі навучальнага працэсу характэрная ня толькі для гэтай гімназіі. Зь іншага боку, спадарыня Лойка перакананая: калі б справа была толькі ў адсутнасьці сродкаў, бацькі самі маглі б сабраць неабходную суму на беларускія падручнікі.

(Лойка: ) “Справа ня ў тым, што падручнікаў няма. Магчыма, гэта проста нагода адмовіцца ад беларускай мовы ўвогуле, вось што. Я ўжо цікавілася — такая самая сытуацыя і ў 26-й мастацкай школе: дзеці перайшлі ў 10 клясу, і раптам матэматыка стала на расейскай мове, хоць увесь час гэтыя навукі ішлі па-беларуску. А ў 10 клясе, калі зьмяняецца тэрміналёгія, зноў пачнуць дурыць дзецям галаву. Але калі ў 26-й школе нічога не тлумачаць, проста кажуць, што пераходзім на расейскую мову, то ў нас яшчэ крыху баяцца адназначна канстатаваць, таму ўсё робіцца проста для адводу вачэй. А што да ліста, то мне здаецца, што гэта такое дзіцячае “ёрнічаньне” — маўляў, адмовімся ад абедаў, калі ў вас няма грошай. Каб сапраўды не было сродкаў на падручнікі, мы б сабралі ў бацькоў грошы і гэтыя падручнікі набылі”.

Калі я затэлефанаваў дырэктарцы гімназіі Людміле Шахавай, тая пацьвердзіла: нейкі час навучэнцы ўсё ж будуць займацца па расейскамоўных падручніках. Аднак запэўніла, што адміністрацыя знойдзе спосаб вярнуцца да выкладаньня па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG