Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніжная паліца мінулага лета


Сяргей Дубавец, Вільня Эфір 4 верасьня 2005 г. Паліцы менскіх кнігарняў сьведчаць, што становішча беларускай кнігі выраўнялася. За прамінулыя гады меншымі сталі наклады, але больш кідкімі сталі выданьні. Зьмянілася ідэалягічная цэнзура, але адкрылася мноства забароненых раней тэмаў, імёнаў і твораў. Зьнікла некалькі дзяржаўных выдавецтваў, затое зьявілася шмат прыватных. Гэтаксама як на тле заняпаду дзяржаўных часопісаў сапраўдным новым словам выглядаюць незалежныя літаратурныя пэрыёдыкі. Нельга сказаць, што беларуская кніга перажывае свой росквіт, бо па-ранейшаму далёка ня ўсё, што выходзіць, трапляе ў кнігарні. Па-ранейшаму дамінуе расейская кніжная прадукцыя ня самае лепшае якасьці. Па-ранейшаму ўсё жывое трымаецца не на прадуманай дзяржаўнай палітыцы, а на высілках энтузіястаў, якім даводзіцца пераадольваць бюракратычныя, ідэалягічныя і фінансавыя перашкоды. Тым ня менш, становішча выраўнялася. І чалавеку беларускай культуры, а нават і беларускаму інтэлектуалу не складае вялікай праблемы забясьпечыць сябе кнігамі. Прынамсі, на лета.

Як гэтая выснова стасуецца з антыбеларускім прэсінгам цяперашняга палітычнага рэжыму? Падобна на тое, што рэжым і кніга ў цэлым разышліся па паралельных прасторах і кожны заняты сваім. Магчыма таму, што само існаваньне кнігі – дастаткова маргінальнае – не выглядае для рэжыму небясьпечным. Прынамсі, такой сытуацыі, як у Польшчы за часамі ўздыму Салідарнасьці, калі запрацавалі сотні падпольных друкарняў і менавіта кніга стала рухавіком рэвалюцыі, у нас няма. Беларуская кніга па-ранейшаму зьяўляецца рухавіком нацыянальнага самапазнаньня. І бэстсэлерамі на абмежаванай тэрыторыі становяцца не брашуры, якія б выкрывалі аўтарытарызм, а тамы “Беларускага кнігазбору” і першыя густа ілюстраваныя альбомы кшталту “Краіны Беларусі”.

Яшчэ адзін доказ існаваньня паралельных прастораў – рэгулярныя кніжныя агляды ў газэце “Советская Белоруссія”, у якіх аўтарка Людміла Рублеўская абавязкова прадстаўляе навінку беларускай кніжнай паліцы. Пры гэтым прафэсійныя агляды Рублеўскай маглі б без дысанансу з агульным кантэкстам друкавацца і ў якой-небудзь апазыцыйнай газэце ці гучаць, да прыкладу, ў перадачах Радыё Свабода”.

(Рублеўская: ) “Я чытаю заўсёды шмат, як вымагае мая прафэсія. Вельмі яркія ўражаньні – дзьве перакладныя кніжкі: Ганны Андранікавай “Гук сонечнага гадзіньніка”... Вельмі мяне ўразіла і незвычайным перакладам, і зьместам, і тым, што маладая аўтарка, якая сёньня актуальная ў суседняй краіне, зрабілася нам даступнай...

(Дубавец: ) “Гэта пераклад з чэскай. Сапраўды, перакладаюць найчасьцей прызнаных карыфэяў, а ня тых, хто ў сябе дома яшчэ ня стаў клясыкам. А другая кніга...”

(Рублеўская: ) “Генрык Жавускі, “Успаміны Сапліцы”. Гэта кніга, якая толькі цяпер да нас прыходзіць, хоць зьяўляецца часткай нашай жа гісторыі”.

(Дубавец: ) “Жавускі перакладзены з польскай. І гэта, між іншым, цэлая зьява апошняга часу, калі польскамоўная, а па-сутнасьці беларуская літаратура – нашых аўтараў і пра нас, але напісаная па-польску – вяртаецца да беларускае мовы. Гэтым летам у кнігарнях зьявіўся томік бабчынскага этнографа Часлава Пяткевіча, перакладзены з польскай у сэрыі “Беларускі кнігазбор”. З ранейшых выданьняў варта згадаць “Шляхціца Завальню” Яна Баршчэўскага ці “Авантуры майго жыцьця” Саламеі Пільштыновай, падарожжы Сыракомлі ды шмат, шмат яшчэ. Мусіць, апошняя кніга з гэтага шэрагу – “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” Сяргея Пясецкага, таксама перакладзеныя з польскай і таксама па сутнасьці – твор беларускай літаратуры.

У Людмілы Рублеўскай дзьве найярчэйшыя кнігі мінулага лета выступаюць знакам пераадоленай недаступнасьці беларусаў да эўрапейскай сучаснасьці і да ўласнай беларускай мінуўшчыны. Вось самая вялікая інтэлектуальная праблема і самае ўдзячнае яе вырашэньне – тая “лінія фронту”, дзе чытаньне кніг сёньня прыносіць наймацнейшыя, нечаканыя паводле сваёй сілы ўражаньні.

(Рублеўская: ) “Уражаньне, якое можна было прадбачыць, таму што я раней чытала вершы гэтай аўтаркі і добра зь ёй знаёмая, гэта Віка Трэнас, “Цуд канфіскаванага дзяцінства”. Зараз гэтую кнігу вельмі абмяркоўваюць і вельмі розныя меркаваньні. Апошнім часам пачалі зьяўляцца такія вострыя рэцэнзіі менавіта на маладых аўтараў. З аднаго боку, гэта добра, з другога -- патрэбная пэўная раўнавага. Таму хачу чарговы раз Віку падтрымаць і сказаць, што кніжка сапраўды таленавітая, яе варта чытаць”.

(Дубавец: ) “Перапыню на нейкі час кніжны агляд Людмілы Рублеўскай, каб зрабіць бліц-апытаньне іншых прафэсійных чытачоў. Вось жа, маладых беларускіх аўтараў яны гэтым летам не чыталі альбо не надалі ім увагі, не былі ўражаныя. Да прыкладу, пісьменьнік Уладзімер Сьцяпан”.

(Сьцяпан: ) “Чытаю апошняе, што ляжыць у мяне на стале, гэта Даўлатаў і Арыстоцель, “Паэтыка”. Я і сам ня ведаю, чаму. Проста захацелася пачытаць Арыстоцеля, вось і выцягнуў яго з шафы. А Даўлатава набыў у Маскве. Раней яго чытаў, потым гэта ў мяне выпала, а зараз пачаў перачытваць. Даволі цікава, мне падабаецца. Але я ня думаю, што гэта супэрпісьменьнік, як яго ўсе хваляць. І я думаю, што многія беларускія пісьменьнікі ня горшыя за Даўлатава”.

(Дубавец: ) “Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч мінулым летам чытаў выключна тое, што патрэбнае яму з прафэсійнага гледзішча”.

(Пашкевіч: ) “З прачытанага найперш хочацца згадаць апавяданьні Васіля Быкава, пачынаючы ад 47-га году. Ідзе падрыхтоўка наступных тамоў поўнага збору мастацкіх твораў Быкава і некаторыя апавяданьні, прызнаюся, я чытаў упершыню. І да ўсяго хачу далучыць украінскую пэрыёдыку. Тры тыдні правёў у Крыме і што змог знайсьці па бібліятэках украінскага, украінскамоўнага, памаранчавага я зь вялікай радасьцю і нават з імпэтам перачытаў”.

(Дубавец: ) “У адрозьненьне ад Алеся Пашкевіча, паэт і філёзаф Ігар Бабкоў тое, што чытаў, чытаў для сябе, для душы. Але не забываўся пры гэтым аналізаваць прачытанае і тое, як зьмяняе час нашы адносіны да кніг”.

(Бабкоў: ) “Гэта малая проза, вершы і драматургія Хуліа Картасара, гэта вялікі том Лоўрэнса Дарэла і гэта апошняя кніга Пялевіна “Священная книга оборотня”. Лоўрэнс Дарэл – гэта хутчэй такая літаратурная легенда, прыяцель Генры Мілера, і мне доўгі час вельмі складана было вызначыцца, ці гэта літаратура ці гэта хутчэй інтэлектуальная графаманія. Кніга больш за тысячу старонак. І я чытаў-чытаў... Так і не зразумеў да канца. А Картасара я даўно люблю і перачытаў у тым ліку публіцыстыку, у якой ён заклікае быць на баку Кубы і Нікарагуа, на баку рэвалюцыі. Я яго з прыемнасьцю перачытаў. І як гэта ні дзіўна, калі ў канцы 80-х, на пачатку 90-х гэтая публіцыстыка чыталася хутчэй зь няхэнцю, дык цяпер -- усё нармальна, рэвалюцыя зноў у модзе. Ну а Пялевіна я даўно люблю, і хаця ўсе ягоныя раманы – гэта той самы “Чапаеў і пустата”, толькі экстрапаляваны на нейкі іншы матэрыял, тым ня менш, ён мяне не расчараваў”.

(Дубавец: ) “Пісьменьнік Кастусь Тарасаў не адсочвае пераменаў у адносінах да кніг, а мяркуе, што ўсе сапраўдныя, нават даўно напісаныя творы ствараюцца цяпер, у гэты самы момант”.

(Тарасаў: ) “Як гэта ні дзіўна, зараз адзін з маіх любімых аўтараў – гэта Марк Твэн. Я перачытваю “Прыгоды Гекльбэры Фіна”. І лічу, што гэтая кніжка – адна з найлепшых у сусьветнай літаратуры. У нас бог ведае чаму яе называюць дзіцячай, а насамрэч гэта вельмі трагічная гісторыя, якая добра тлумачыць усё жыцьцё на тым кантынэнце і наогул для ўсяго чалавецтва. І вось што шкада. Лічыцца, што кніга, напісаная даўно, гэта нібыта ўжо такая забытая кніга. Насамрэч, уся літаратура, яна створана сёньня, яна не памірае. У цэлым гэта вялікае шчасьце было для мяне, што я раптам стаў яе перачытваць зусім іншымі вачыма і душой, чым чытаюць дзеці, якім гэта рэкамэндуюць як прыгодніцкі жанр”.

(Дубавец: ) “Мастак Рыгор Сітніца думае пра вяршыні айчыннае літаратуры, прычым не гістарычныя, а, так бы мовіць, жывыя, якія самыя высокія сёньня”.

(Сітніца: ) “Гэта шмат ужо ў чым знаёмая, але наноў адкрытая паэзія Рыгора Барадуліна, геніяльная кніжка “Ксты”. Нездарма зьявілася ініцыятыва вылучыць гэтую кніжку на Нобэлеўскую прэмію. Я лічу, што як ніякая іншая кніжка, яна абсалютна вартая Нобэля. І як зь ніякай іншай літаратурай, мы маем рэальны шанец з гэтай кніжкай гэтага Нобэля здабыць”.

(Дубавец: ) “Рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч ня кажа пра рукапісы, якія яму даводзіцца ў рабочым парадку прачытваць штодня. Бо тое, што выйдзе ў часопісе, павінна ўразіць нас, а не яго”.

(Пятровіч: ) “Як ні дзіўна, чытаў старую добрую расейскую клясыку. Паўстоўскі, Купрын, Платонаў, Салагуб... Я быў у вёсцы, у сябе дома, а там у мяне ёсьць маленькая бібліятэчка, якую я зьбіраў некалі школьнікам. І вось я да яе дабраўся, стаў чытаць, дужа захапіўся Купрыным. Не разумею, чаму ён зараз незаслужана забыты. З задавальненьнем перачытаў “Алесю”. Дужа моцна ўражаны якраз гэтым чытаньнем. Чытаў, вядома, і беларускае. Брыль, Чорны. Перачытаў Чорнага таксама з задавальненьнем”.

(Дубавец: ) “А цяпер вернемся да агляду ўражаньняў Людмілы Рублеўскай. Гаворка пойдзе пра рэпрэсаваную літаратуру”.

(Рублеўская: ) “Сярэбраныя галасы”. Гэта зборнік, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гэта вершы паэтаў 20-30-х гадоў. Усе яны былі рэпрэсаваныя, некаторыя выжылі, большасьць – не, нехта загінуў на вайне. Гэта пакаленьне зьнішчаных паэтаў. Называецца “Душа мая тужлівая” гэты зборнік. Уражаньне вялікае. Бо разумееш, якая ў нас магла быць літаратура, калі б ня гэтае татальнае зьнішчэньне нават не аднаго пакаленьня, некалькіх пакаленьняў.

Яшчэ зь беларускіх кніжак – тое, што нядаўна да мяне трапіла, гэта Антон Адамовіч, “Да гісторыі беларускай літаратуры”. Канечне, высновы ў яго неадназначныя. Але гэта кніга, якую варта мець і зь якой я буду браць цытаты вельмі-вельмі доўга.

Яшчэ ўспамінаецца цікавая кніжка ў бібліятэцы часопіса “Куфэрак Віленшчыны”, галоўны рэдактар Міхась Казлоўскі. Вось яны выдалі кніжачку свайго земляка драматурга Козела. Пісьменьнік ён амаль забыты. Я думаю, выдаўцы ня будуць спрачацца, што ён, скажам, першарадны, што яго можна паставіць побач з Макаёнкам, але кожнае імя ў нашай гісторыі, нашай літаратуры, яно мае каштоўнасьць, якую нельга замяніць нічым. Кніжачка называецца “Над хвалямі Серабранкі”.

(Дубавец: ) “Гэтыя тры выданьні, якія назвала Людміла Рублеўская, прадстаўляюць тры плыні беларускае літаратуры мінулага стагодзьдзя: рэпрэсаваную, эмігранцкую і савецкую. У кожнай – дзесяткі ці нават сотні аўтараў. Нібы тры вялізныя рэзэрвуары, зь якіх будуць бясконца чэрпацца і новыя ўражаньні і новыя кнігі. Кнігі рэпрэсаваных – як знак пакаяньня. Кнігі эмігрантаў – дзеля пазнаньня і адкрыцьця. Кнігі савецкіх пісьменьнікаў – дзеля пераацэнкі”.

(Рублеўская: ) “З замежных самае вялікае ўражаньне – гэта індыйская пісьменьніца Арундаці Рой. Зноў падчас прачытаньня праводзіліся паралелі паміж Індыяй і Беларусяй. А паралеляў, аказваецца, вельмі шмат. І калі чытаеш пра тое, як індыйскія жыхары, арыстакратычныя касты стараюцца прымаць ангельцаў, і як для іх госьці, якія прыехалі з Англіі – гэта верх усяго... Хаця яна ня самая адукаваная, ня самая значная ў сацыяльным становішчы, яна – ангелька. І вось ёсьць кумір, ёсьць пэўны ўзор культуры. І тут жа побач жыве індыйская культура. І людзі, якія зьяўляюцца патрыётамі Індыі... Ну, вельмі кніжка і вострая, і напісаная з тым самым горкім рамантызмам, які быў характэрны многім нашым пісьменьнікам, таму ж Максіму Гарэцкаму. Калі сваё – яно дарагое да глыбіні душы і адначасова ты ўсьведамляеш неадукаванасьць, цемру яго, і ад гэтага яшчэ больш балюча, і яшчэ больш любіш, і яшчэ больш хочацца нешта зьмяніць, і яшчэ больш давіць і душыць гэтая цемра...

Далі мне пачытаць Васіля Аксёнава “Вальтар’янкі і вальтар’янцы”. Вясёлы літаратурны карнавал, зь якога можна для нас вывесьці мараль, што гісторыю свайго народу варта настолькі ўспрымаць як частку самога сябе, сваёй сьвядомасьці, каб яе можна было падаць і як драму і як вось такі вясёлы карнавал...

Панцеляймон Раманаў, расейскі пісьменьнік 30-х гадоў -- гэта надзвычай цікавая асоба. Доўгі час пра яго гаварылі як пра расстралянага. Таму што ў савецкай Расеі такое пісаць і застацца цэлым – проста неверагодна. Я лічу, так адбылося проста таму, што яго недаацанілі. Яго разьбіралі на розных партсходах і вінавацілі ў драбнатэм’і. А ён пра што пісаў? Як калгасы ўтвараліся, як мужыкоў гвалтам туды заганялі. Як зьбівалі званы з цэркваў, як ушчыльнялі кватэры, як у гэтыя кватэры засяляліся людзі, якія цягнулі туды казу, карову, сьвіньню, зрывалі паркет і разьбівалі шыбы, каб, ня дай бог, не палічылі, што яны “баре”, і пакінулі ў гэтай кватэры. І вельмі пранізьлівы, надзвычай мяне ўразіўшы твор яго – гэта апавяданьне “Харошыя людзі”. Вось уявіце, ён апісвае кватэру, якая пры саветах стала камунальнай. Яе засяляюць сапраўды вельмі добрыя мілыя людзі, інтэлігенты: настаўнікі, дактары, інжынэры. Усе любяць маленькую дзяўчынку, дачку ўдовага інжынэра. І тут інжынэра арыштоўваюць. Адразу ўсе спачуваюць беднай дзяўчынцы, у якой нікога няма. Яе кормяць, прытуляюць. А тады пачынаецца страх, які разьядае душы. Прычым час ад часу прыходзяць, пачынаюць распытваць, ці няма тут сваякоў гэтага інжынэра. І ўрэшце дзяўчынку высяляюць у калідор. Каб ніхто не западозрыў, што нехта канкрэтны ёй апякуецца. Яе пачынаюць падкармліваць па начах, каб ніхто ня бачыў. Нешта ёй кінуць і схаваюцца. І дзяўчынка, абсалютны анёлак, бяскрыўдная рахманая істота, яна ні на кога ня крыўдзіцца, яна па-ранейшаму ўсіх любіць. Але яе перастаюць ужо і карміць. Таму што баяцца. Яна вашывее, яе баяцца памыць. Стараюцца не заўважаць... Ну, заканчваецца, праўда, хэпі-эндам. Высьвятляецца, што бацьку пераблыталі зь нейкім злачынцам. Як толькі пра гэта даведваюцца, усе людзі адразу становяцца добрымі, мілымі. Кідаюцца дзяўчынку мыць, карміць. І ніхто ні ў чым не вінаваты. Вось такі прысуд таталітарнаму грамадзтву...

Ну вось маленькая частка таго, што я прачытала за лета. Вам, спадарства, гэтага хопіць”.

(Дубавец: ) “Такім чынам, недахопу кніг у Беларусі сёньня няма. Ужо з таго, што было названа ў сёньняшняй перадачы, складаецца ладная паліца на любы густ. І гэта пры тым, што гаварылі мы галоўным чынам пра беларускую літаратуру і ніяк не закраналі таго, што называецца літаратурнай папсой і чым уласна запоўненыя ў першую чаргу беларускія кнігарні.

Неяк самі сабой адыходзяць і забываюцца тыя літаратурныя і кніжныя турботы, пра якія мы гаварылі ў ранейшыя гады. Забытыя ўжо і многія праекты і ідэі. Скажам, ідэі падпольнага кнігавыдавецтва ці альтэрнатыўнае сеткі распаўсюду кніг. Паўсюль перамог прынцып суіснаваньня, прынцып паралельнай прасторы. Сказаць пра гэта падалося дарэчным менавіта сёньня, стоячы каля кніжнай паліцы мінулага лета.
XS
SM
MD
LG