Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вытворцы скардзяцца на дыскрымінацыйныя ўмовы ў Беларусі


Ганна Соусь, Менск У Беларусі працягвае працу беларуска-расейскі эканамічны форум. У гэтыя дні на расейскай нацыянальнай выставе вытворцы з 16 рэгіёнаў прапаноўваюць свае тавары. Але бізнэсоўцы з суседняй краіны адзначаюць, што беларуская эканоміка становіцца ўсё больш закрытай для Расеі. Падчас перамоваў прэм’ераў Сяргея Сідорскага і Міхаіла Фрадкова гучалі скаргі на дыскрымінацыйныя захады беларусаў да расейскіх тавараў.

Калі зазірнуць на паліцы беларускіх крамаў, то падаецца, што расейскія бізнэсоўцы дарма скардзяцца на дыскрымінацыю. Расейскай прадукцыі, і харчовай, і прамысловай, поўна ў Беларусі. Чаго ня скажаш, напрыклад пра тавары з суседняй Літвы ці Польшчы, і нават Украіны…

Сапраўды, вонкава гэта так, але калі зьвярнуць увагу на лічбы, то напрыклад ўзаемны таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю зьнізіўся за 6 месяцаў гэтага году на 20 адсоткаў. Гэта можна патлумачыць пераходам на прынцып аплаты падатку на даданую вартасьць па краіне прызначэньня, але ня толькі. Як, напрыклад, піша расейская “Газэта”, Беларусь цяпер зьяўляецца лідэрам ва ўжываньні дыскрымінацыйных захадаў у дачыненьні да замежнага бізнэсу. Паводле выданьня, адпаведныя праблемы маюць вытворцы піва, цыгарэтаў, тэкстылю, мукі, крупаў, асфальту, аўтобусаў і гэтак далей. Гэта зьвязана і з тым, што ў сыстэме розьнічнага гандлю Беларусі дзейнічаюць абмежаваньні на імпартныя тавары. Як піша тая ж “Газэта”, агульны арыенцір для розьнічнага гандлю – ня больш за 10 адсоткаў для імпартных тавараў. Пра асаблівасьці гэтак званай абароны ўласных вытворцаў гаворыць намесьнік старшыні аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Зьмітровіч.

(Зьмітровіч: ) “Нам навязваюць неліквідны тавар, неканкурэнтаздольны ані цаной, ані якасьцю, ані дызайнам. Напрыклад, берасьцейскія пліты “Гефэст”, якія карыстаюцца попытам у Расеі, прадпрымальнікам не даюць. А менскія лядоўні ці тэлевізары “Гарызонт” нам навязваюць. Калі ў Менску прадпрымальнікі абавязаныя рэалізоўваць 30 адсоткаў тавараў беларускай вытворчасьці, то ў рэгіёнах ужо дайшло да 90 адсоткаў. У прыватнасьці ў Рагачове прадпрымальнікам не выдавалі ліцэнзіі, пакуль яны не напішуць, што абавязаныя мець асартымэнт беларускай вытворчасьці ня менш за 95 адсоткаў. Імпартныя шкарпэткі каштуюць для прадпрымальніка напрыклад 400-500 рублёў, а беларускія – каля 1 тысячы”.

Анатоль Зьмітровіч прыводзіць гэтаксама прыклад, як дзейнічаюць мясцовыя ўлады на Гомельшчыне. Там рашэньнем аблвыканкаму сёлета ад 5 траўня індывідуальным прадпрымальнікам даведзеная памеры рэалізацыі непрамысловых тавараў, вырабленых непасрэдна на Гомельшчыне. Такім чынам абавязкова трэба прадаваць ня толькі беларускія, але і тавары мясцовай вытворчасьці.

Але вернемся да праблемаў, зь якімі сутыкаюцца расейскія вытворцы тавараў на беларускім рынку. Ці можа Крэмль праз розныя эканамічныя форумы, двухбаковыя сустрэчы нейкім чынам паўплываць на сытуацыю?

Што да расейска-беларускага эканамічнага форуму, то напрыклад экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук лічыць яго часткай PR-кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, а не сапраўдным інтэграцыйным форумам, куды зь’яжджаюцца інвэстары, каб абмеркаваць, як лепш будаваць ўзаемадачыненьні паміж краінамі.

(Раманчук: ) “Я супраць таго, каб такімі адміністратыўнымі мэтадамі бараніць унутраны рынак. Калі беларускі ўрад яшчэ больш будзе забараняць імпарт з Расеі, то бізнэс таксама мае магчымасьці пралабіяваць свае інтарэсы праз расейскі ўрад, і тады можна чакаць, што ў нас будзе вельмі шмат праблемаў са збытам на расейскім рынку”.
XS
SM
MD
LG