Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Італія – Беларусь: камэнтары пасьля гульні


Ігар Карней, Менск Сёньня позна ўвечары зборная Беларусі ў футболе прымала на сваім полі супернікаў з Італіі і буйна прайграла – 1:4. Такім чынам футбольная зборная Беларусі страціла ўсе шанцы, каб патрапіць у фінал Чэмпіянату сьвету ў Нямеччыне. І футбольныя спэцыялісты, і заўзятары ня вельмі высока ацэньвалі шанцы беларускай, але падобны вынік аказаўся нечаканым нават для іх. Наш карэспандэнт падсумоўвае ўчорашнюю сустрэчу лідэра і аўтсайдэра – менавіта такім чынам разьмеркаваліся пасьля матчу месцы ў пятай адборачнай групе.

Сапраўдныя заўзятары мелі магчымасьць сачыць за хадой сустрэчы калі наўпрост на стадыёне “Дынама”, дык ля тэлевізараў, і бачылі плянамерны “расстрэл” беларускіх брамаў... Адразу адзначу, што гульня выклікала беспрэцэдэнтны ажыятаж. За ўсю гісторыю сувэрэннага футболу ў Менск прыехала толькі другая каманда, якая сапраўды адносіцца да ўсясьветнай эліты. І калі перамога над зборнай Галяндыі ў сярэдзіне 1990-х дагэтуль расцэньваецца як гістарычная, то ўчорашнюю буйную паразу цяжка аднесьці нават у пасіў.

Тым ня меней, аматары футболу (перадусім, футболу італьянскага), спадзеючыся на цуд, усё ж ішлі пабачыць італьянскіх зорак: Пэруццы, Тоцьці, Пірлі, Гроса, Гатуза. Гэтыя прозьвішчы многім кажуць больш, чым прозьвішчы беларускіх спартоўцаў. У сваю чаргу, італьянцы былі настолька ўпэўненыя ва ўласных сілах, што ня сталі выклікаць на падмогу сваіх супэрзорак – Алясандра дэль П’ера, Крысьціяна Віеры, Алясандра Нэсту.

Адсутнасьць мегазорак на італьянскай камандзе амаль не адбілася. Магчыма, ня так добра вядомы аматарам, як іншыя, нападнік Лука Тоні адзначыўся хэт-трыкам, а Маўра Камаранэсі, які ўчора дэбютаваў у зборнай, канчаткова пахаваў прывідныя спадзяваньні беларусаў пазмагацца за працяг барацьбы ў падгрупе.

У любым выпадку, роспач беларускіх заўзятараў можна зразумець – тым больш, нават па тэлекадрах можна было ўбачыць, што стадыён быў фактычна запоўнены. Па зьвестках адміністрацыі стадыёну “Данама”, было прададзена болей за 30 тысячаў квіткоў; яшчэ каля 10 тысячаў чалавек патрапілі на арэну па розных запрашальніках, кантрамарках, гэта значыць, бясплатна. Аднак па-сапраўднаму патрачаныя грошы апраўдвалі сябе толькі першыя пяць хвілінаў, пасьля стартавага сьвістка рэфэры: хуткі гол на чацьвертай хвіліне Віталя Кутузава даваў падставы падумаць, што, магчыма, нацыянальная зборная сапраўды нацэленая рэабілітавацца за бязвольную паразу ў Малдове (у суботу беларусы прайгралі з лікам 0:2).

І нават гол у адказ, які ўжо праз хвіліну забіў у вароты Юрыя Жаўнова згаданы Лука Тоні, не выклікаў вялікай панікі – маўляў, італьянцы ёсьць італьянцы, і гульня працягваецца. Аднак калі да 15-й хвіліны лік стаў 1:2 не на карысьць гаспадароў, можна было ўжо рабіць высновы.

Два наступныя галы былі ўжо цалкам лягічным працягам “гульні ў адны вароты”.

Калі я затэлефанаваў былому гульцу нацыянальнай каманды Юрыю Шуканаву і падзяліўся ўражаньнямі – маўляў, дзеля таго, каб беларусы перамагалі, трэба, каб прайгравалі ўсе астатнія, той такую тэорыю сустрэў сумным сьмехам.

(Шуканаў: ) “Не, каб беларусам быць пераможцамі (дый ня толькі беларусам, а ўсім), трэба, каб ня хтосьці прайграваў, а трэба самім выйграваць. Вынік жа не звальваецца адкульсьці; на пустым месцы вынік ня можа ўзяцца. Каб штосьці атрымаць, трэба папярэдне ўкласьці. А сёньняшняя інфраструктура нашага футболу такая, што калі б быў станоўчы вынік, гэта было б наадварот нелягічна. Сёньняшні беларускі футбол не на тым узроўні, каб можна было патрабаваць выніку. Перш за ўсё я гавару аб унутранай інфраструктуры”.

Пасьля суботняй сустрэчы з камандай Малдовы галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Анатоль Байдачны фактычна абвінаваціў ў бязвольнасьці саміх гульцоў. І гэтым разам Байдачны практычна самаадхіліўся ад адказнасьці.

На пасьляматчавай прэсавай канфэрэнцыі галоўны трэнэр беларускай дружыны назваў галоўных вінаватых – абаронцаў каманды, якія паказалі, словамі трэнэра, “жахлівую гульню”. Абароны няма, і няма з каго выбіраць, паскардзіўся настаўнік, паралельна пазайздросьціўшы італьянскаму калегу – яму, маўляў, можна сёньня паставіць ля варотаў абарону “Пармы”, заўтра – “Мілану”, пасьлязаўтра – яшчэ кагосьці. А на разьвітаньне Байдачны прызнаўся: у зборнай кудысьці зьнік камандны дух – гуляюць бязвольна, без інтарэсу, "дзяжурна".

Дарэчы, напярэдадні, яшчэ перад гульнёў, пра гэта ж мне казаў адзін са старэйшых футбольных спэцыялістаў Леанід Гарай. Паводле Гарая, цяпер у гульцоў мэркантыльныя інтарэсы перабіваюць усе астатнія, а пры такім настроі гаварыць пра гонар краіны, які ім даверана абараняць, бессэнсоўна.

І, каб завершыць тэму ўчорашняга матчу (дарэчы, з большым лікам у сваіх сьценах беларусы прайгравалі толькі нарвэжцам – 0:4), можна канстатаваць: ад такога выніку выйгралі хіба толькі букмэкеры. Як апавялі ў адной зь менскіх кантораў, менскія заўзятары ставілі, што называецца, “фіфці-фіфці”, не аддаючы асабліва перавагу камусьці з супернікаў. Але што да ліку, то нават самыя вялікія пэсымісты не жадалі сваёй зборнай такой паразы. У выніку, хутчэй за ўсё, лік амаль ніхто так і не ўгадаў, а грошы перацяклі ў скарбонку букмэкераў.

Гл. таксама • Беларусь - Італія 1:4
XS
SM
MD
LG