Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць жыхары Гомеля пра ўплыў Чарнобылю на здароўе?


Казімер Яноўскі, Гомель “Ці згодны вы з высновамі ААН, якія прагучалі ў Вене, што праблемы здароўя людзей у чарнобыльскіх раёнах выкліканы не радыяцыяй, а стрэсамі і нізкім узроўнем жыцьця”? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў жыхарам Гомеля.

(Студэнт: ) “Магчыма, гэта і правільна. Калі ўважліва паглядзець і разабрацца, то бачна, што ўмовы жыцьця людзей вельмі цяжкія”.

(Хлапец: ) “Кепскія ўмовы жыцьця і стрэсы, канечне, уплываюць. Але ўсё ж такі заражаныя прадукты і радыяцыйная зона ўплываюць значна больш. І ад гэтага стан нашага здароўя пагаршаецца”.

(Пэнсіянэр: ) “Мне 92 гады. У нас ужо 20 гадоў радыяцыя, але я ніякіх зьменаў не адчуваю. Калі і ўплывае, то на ногі. Ногі ў мяне баляць”.

(Хлапец: ) “Згодзен з ААН. І ад стрэсаў, і ад дрэнных умоваў жыцьця ёсьць праблемы ў здароўі людзей”.

(Жанчына: ) “Радыяцыя, безумоўна, уплывае на здароўе чалавека. Іначай прафэсар Бандажэўскі ніколі не сядзеў бы ў турме”.

(Мужчына: ) “Я ў свой час я наведваў Хойнікі. Гадзіну пабудзеш там, і ўжо ходзіш, як сонная муха. І сьмяротнасьць там высокая. Ад радыяцыі ўсё гэта”.

(Карэспандэнт: ) “Ці згодны вы з высновамі ААН, што праблемы здароўя людзей у чарнобыльскіх раёнах выкліканы не радыяцыяй, а стрэсамі і нізкім узроўнем жыцьця?”

(Студэнтка: ) “Я ня згодная. Масква выплюхнула на Беларусь дождж з радыяцыяй. Усё з гэтай прычыны. Я сама адчуваю канкрэтныя наступствы, зьвязаныя менавіта з радыяцыяй”.

(Хлапец: ) “На мой погляд, радыяцыя вельмі моцна паўплывала на дзяцей, што нарадзіліся пасьля Чарнобыльскай катастрофы”.

(Хлапец: ) “Сьцьвярджэньне ААН ня надта слушнае. Ня можа быць, каб людзі ад стрэсаў хварэлі так цяжка. Гэта ад Чарнобыльскай катастрофы”.

(Студэнт: ) “Я лічу, што Чарнобыльская катастрофа зрабіла нэгатыўны ўплыў на здароўе беларусаў”.

(Студэнт: ) “З аднаго боку Чарнобыль, зь іншага – гэтыя стрэсы. Усё разам адмоўна ўплывае на здароўе людзей”.
XS
SM
MD
LG