Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да каго патрапіла гуманітарная дапамога з Польшчы?


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадню днямі трапіла частка дапамогі, сабранай падчас акцыі “Жыхары Варшавы салідарныя з Горадняй”. Аб''ёмы і спосаб дастаўкі трымаюцца ў сакрэце. Якім чынам дапамога будзе разьмеркавана — высьвятляў наш карэспандэнт.

Актывісты Саюзу палякаў гавораць пра гэтую акцыю, так бы мовіць, напаўголас. Вядома, што беларускія ўлады імкнуцца кантраляваць прывоз у краіну любога віду гуманітарнай дапамогі. Мне было сказана, што да разьмеркаваньня дапамогі нібыта будзе мець дачыненьне Генэральнае консульства Польшчы, а Саюз палякаў можа даць адрасы людзей, калі да яго зьвернуцца. Генэральны консул Анджэй Крантоўскі пагадзіўся паразмаўляць са мной, аднак размова не адбылася, дыплямат тэрмінова выехаў у Польшчу. Вядома, што Беларускае тэлебачаньне зрабіла закіды на адрас спадара Крантоўскага, што ён нібыта паспрыяў улетку таму, каб надрукаваны ў Польшчы наклад газэты “Glos znad Niemna” трапіў у Горадню.

На пытаньне “дзе можа знаходзіцца частка гуманітарнай дапамогі, якая прывезена ў Горадню?” актывісты Саюзу палякаў нічога не адказваюць. Яны толькі гавораць, што пакуль няясна — як і хто будзе яе разьмяркоўваць і не выключаюць, што давядзецца зьвяртацца да каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас”. У “Карытасе” мне адказалі, што ўпершыню чуюць аб гэтым, хаця калі такая дапамога паступіць, яны будуць яе разьмяркоўваць, але самі з Варшавы яны нічога не атрымлівалі.

Гуманітарны груз часова мог бы быць разьмешчаны пры Доме польскім, аднак цяпер там кіраўніцтва, абранае пры падтрымцы ўладаў. Старшыня Саюзу палякаў Юзаф Лучнік мне сказаў: яшчэ на зьезьдзе ў Ваўкавыску ён заявіў, што гуманітарнай дапамогай яны займацца ня будуць. Інфармацыі аб тым, што такая дапамога паступіла, у яго няма, але няхай разьмеркаваньнем займаюцца тыя, хто яе замаўляў, сказаў ён. Што датычыць кантактаў з польскім консульствам, дык такой неабходнасьці пакуль у яго не ўзьнікала, зазначыў спадар Лучнік.

Польскі бок падкрэсьлівае: кантакты надалей будуць падтрымлівацца зь непрызнаным беларускім уладамі кіраўніцтвам Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс і яму будзе аказвацца дапамога. Актывісты Саюзу гавораць, што да разьмеркаваньня дапамогі ня дойдзе, пакуль ня вернецца з-за мяжы сама Анжаліка Борыс, а яна мае прыехаць на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG