Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: “Я ня буду змагацца за прэзыдэнцкую пасаду ў 2008”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін чарговым разам адрынуў чуткі, што ён нібыта жадае зрабіць папраўкі да канстытуцыі, каб застацца на прэзыдэнцкай пасадзе на трэці тэрмін. Гэтая заява прагучала 5 верасьня на сустрэчы зь міжнароднымі аналітыкамі і палітолягамі за зачыненымі дзьвярыма ў Крамлі.

“Я ня буду змагацца за прэзыдэнцкую пасаду ў 2008 годзе”, – заявіў Уладзімер Пуцін. Ён сказаў, што пасьля другога тэрміну, як і патрабуе канстытуцыя, пакіне Крэмль і дзеля сваёй далейшай улады не зьбіраецца мяняць канстытуцыю. Пуцін таксама дадаў, што хацеў бы атрымаць такую пасьля-прэзыдэнцкую пасаду, на якой ён змог выкарыстаць свой досьвед на карысьць Расеі.

Тым ня меней, гэтая заява выклікала новую хвалю камэнтароў і меркаваньняў, ці гэта канчатковае ягонае рашэньне. Назіральнікі ўзгадалі, што зусім нядаўна, на пачатку жніўня, Пуцін выказаўся на гэты конт некалькі двухсэнсоўна.

(Пуцін: ) “Можа, я і хацеў бы, але канстытуцыя краіны не дазваляе гэтага зрабіць. Я лічу, што для нас сёньня ў Расеі найважнейшым зьяўляецца стабільнасьць, якая можа быць дасягнутая толькі на падставе дзейнага заканадаўства.”

І ўжо празь некалькі дзён пасьля гэтай заявы заканадаўца ад Прыморскага краю прапанаваў сваім калегам з рэгіёнаў распрацаваць папраўку да канстытуцыі, якая б дазволіла Пуціну яшчэ раз ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Зрэшты, нядаўнія апытаньні паказалі, што бальшыня расейцаў, калі б гэта здарылася, аддалі б свае галасы за Пуціна.

Многія аналітыкі зь недаверам паставіліся і да апошняга абяцаньня Пуціна пакінуць Крэмль у 2008 годзе. Дырэктар “Фонду Наследие” Яўгені Волк кажа, што Пуцін яшчэ можа перадумаць.

(Волк: ) “Я думаю, гэта зроблена для заходняй аўдыторыі, для таго, каб супакоіць трывогу, якая там ёсьць. Але з майго гледзішча, гэта яшчэ – не канчатковы адказ”.

З гэтым пагаджаецца і кіраўнік Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі. Ён лічыць, што, магчыма. Пуцін і не жадае заставацца прэзыдэнтам яшчэ на адзін тэрмін. Але “сілавікі”, якія добра скарысталіся зь ягонай улады, напэўна ж, паспрабуюць на яго націснуць, каб ён пазмагаўся за трэці тэрмін.

(Піянткоўскі: ) “Ідзе вельмі сур''ёзная барацьба ў найбліжэйшым атачэньні Пуціна. Сам ён уважыў бы за лепшае ня ісьці. На тое ён мае шэраг прычынаў. У сваім жыцьці ён мае шмат і іншых задавальненьняў, ёсьць у яго і добрая стратэгія зыходу. Але ягонае найбліжэйшае сілавое атачэньне ўявіць сабе ня можа ніякага іншага варыянту, нават ніякага пераемніка. І яны настойваюць на тым, каб Пуцін ішоў на трэці тэрмін.”

Піянткоўскі кажа, што Пуцін можа лёгка дасягнуць права балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, бо пракрамлёўская партыя “Аб’яднаная Расея” складае бальшыню ў абедзьвюх палатах парлямэнту.
XS
SM
MD
LG