Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская дэлегацыя ў Нью-Ёрку – два ахоўнікі, ніводнага перакладчыка


Алеся Сёмуха, Вашынгтон На працягу апошніх трох дзён у Нью-Ёрку пад эгідай Арганізацыі аб’яднаных нацыяў праходзіць Другая сусьветная канфэрэнцыя сьпікераў парлямэнтаў. Першая падобная канфэрэнцыя адбылася ў 2000 годзе з нагоды урачыстай Асамблеі ААН пачатку новага тысячагодзьдзя. На сёлетнюю канфэрэнцыю запрошаныя лідэры парлямэнтаў усіх краін, у тым ліку і Беларусі. Мэта канфэрэнцыі – азнаёміць ААН з роляй парлямантаў усіх краін сыстэме шматбаковых зносін, а таксама іх унёску ў справу бясьпекі, дэмакратыі, правоў чалавека.

Беларуская дэлегацыя прадстаўленая трыма афіцыйнымі асобамі: старшыня Савету рэспублікі Генадзь Навіцкі, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, старшыня сакратарыята Савету рэспублікі Глеб Бядрыцкі. У складзе беларускай дэлегацыі таксама дарадца Сяргей Кудрэйка. Генадзя Навіцкага ў гэтай паездцы ў Нью-Ёрк суправаджае яго жонка.

Варта адзначыць, што беларуская дэлегацыя, хоць і адна з самых нешматлікіх на канфэрэнцыі, прывезла з сабой аж двух афіцэраў аховы: Юрыя Чахоўскага і Ўладзімера Драчова. Таксама варта адзначыць, што ў складзе дэлегацыі няма перакладчыка. Падобныя канфэрэнцыі звычайна выкарыстоўваюцца ўдзельнікамі для наладжваньня двухбаковых ці шматбаковых сустрэч з дэлегатамі з розных краін, і менавіта з гэтай мэтай бальшыня дэлегацый мае ў сваім складзе перакладчыкаў.

Паводле правілаў удзелу ў канфэрэнцыі, кожны кіраўнік парлямэнту мае права на 5-хвілінны выступ. Выступы двух прадстаўнікоў ад адной краіны абмяжоўваюцца чатырма хвілінамі. Выступ Уладзімера Канаплёва заплянаваны на канец ранішняга паседжаньне 8-га верасьня. Генадзь Навіцкі атрымае слова пад час паседжаньня сэсіі ў другой палове дня.

Канфэрэнцыя сьпікераў парлямэнтаў павінна стварыць інфармацыйны падмурак для Саміту кіраўнікоў дзяржаў, заплянаванай на 14-16 верасьня ў Нью-Ёрку. Чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка таксама прыбудзе на гэту сустрэчу.
XS
SM
MD
LG