Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-гадовага Янку хочуць аддаць у расейскамоўную клясу


Міхал Стэльмак, Менск У Жодзіне былому навучэнцу беларускамоўнай клясы 9-гадоваму Янку Лапіцкаму сёньня паступіла прапанова пайсьці ў расейскамоўную. Нагадаем, у 2004 годзе адзіная жодзінская беларускамоўная кляса, у якой навучалася два вучні, была расфармаваная рашэньнем мясцовага гарвыканкаму. На знак пратэсту бацькі Янкі вырашылі не аддаваць хлопчыка ў расейскамоўную клясу і навучалі яго мінулы год дома. У хатніх умовах распачаў навучаньне жодзінскі хлопчык і сёлетні год.

Сёньня бацькі Янкі Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія атрымалі афіцыйны ліст за подпісам кіраўніка аддзелу адукацыі Жодзінскага гарвыканкаму Яўгена Горыда і дырэктара мясцовай гімназіі №1 Генадзя Коршуна. У лісьце паведамляецца, што Янка Лапіцкі 1 верасьня быў залічаны вучнем трэцяй клясы “В” згаданай гімназіі. Аднак сёлета Янка так і ня прыйшоў у згаданую клясу, што, на думку спадароў Горыда і Коршуна, зьяўляецца парушэньнем закону аб адукацыі. Гаворыць Сьвятлана Лапіцкая:

(Лапіцкая: ) “Сёньня быў Коршун, я зь ім размаўляла. Ён жадае, каб Янка прыйшоў да іх у школу. У расейскамоўную клясу. Я сказала, што такога не будзе. Ён кажа, што, мабыць, выканкам ня пойдзе на тое, каб адкрыць беларускамоўную клясу. А я кажу, што ў нас ёсьць на гэта канстытуцыйныя правы. Мы знаходзімся ў Беларусі. Ці патрабую я звыш таго, што трэба паводле закону? Яны адказалі, што не. Я кажу, што калі адкрыецца беларускамоўная кляса, то тады мы да вас абавязкова прыйдзем”.

Дарэчы, жодзінскае начальства настойвае, каб Янка пайшоў ня ў чацьвертую клясу, як яго аднагодкі, а толькі ў трэцюю. Яны лічаць, што за прапушчаны год хлопчык у хатніх умовах не атрымаў належнай адукацыі. Каб пайсьці ў чацьвертую, Янка мусіць прайсьці атэстацыю.

(Лапіцкі: ) “Карацей, яны кажуць, што вы можаце толькі праз атэстацыю патрапіць у наступную клясу. Я паставіў пытаньне такім чынам, што ў сувязі з тым, што не па нашай ініцыятыве мы прапускаем заняткі ў школе, інакш кажучы, пазбаўлены бясплатнай сярэдняй адукацыі, якая гарантавана кожнаму грамадзяніну Беларусі, мусяць праяўляць іншую ініцыятыву. Яны павінны прадугледжваць нармалёвы ўзровень адукацыі ў любых умовах, кансультаваньне альбо індывідуальнае навучаньне да таго часу, пакуль ня адкрыюць нармалёвай клясы”.

Так лічыць Аляксей Лапіцкі, бацька 9-гадовага Янкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG