Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь - Італія 1:4


Уладзімер Глод, Менск Сёньня нацыянальная футбольная дружына Беларусі прайграла ў Менску зборнай Італіі зь лікам 1:4 і страціла апошні шанец патрапіць у фінальную частку чэмпіянату сьвету 2006 году ў Нямеччыне.

Першымі лік адкрылі беларусы. Гол у беларусаў на 4-й хвіліне пасьля цудоўнай перадачы Дзяніса Коўбы забіў Віталь Кутузаў. Гэта восьмы гол Кутузава за нацыянальную каманду Беларусі. Але ўжо на 6-й хвіліне італьянцы зраўнялі лік, а на 14-й хвіліне выйшлі наперад. У італьянцаў тры галы забіў Лука Тоні (6, 14, 55 хв.); адзін гол на ліку Камаранэсі (45 хв.). Італія атрымала ў Менску тры ачкі і ўмацавала свае пазыцыі на першым месцы ў пятай адборачнай групе.

Беларуская каманда пачала гульню наступным складам: Жаўноў, Амельянчук, Ясковіч, Штанюк (капітан), Лаўрык, Кульчы, Коўба, Аляксандар Глеб, Бялькевіч, Булыга, Кутузаў.

На стадыёне практычна не было вольных месцаў. Наагул, на трыбунах менскага стадыёну "Дынама" панавала такая атмасфэра, як быццам заўзятар патрапіў на стадыён дзесьці ў Грэцыі, Гішпаніі ці Італіі: размалёваныя твары заўзятараў, мноства дудак, барабанаў, бясконцы шум і гам. Перад пачаткам гульні на трыбунах раздавалі адмыслова падрыхтаваную да яе газэту. На першай старонцы гэтага выданьня, якое аформлена ў чырвоных і зялёных колерах, словы і ноты цяперашняга дзяржаўнага гімну Беларусі. Наклад газэты – 25 тысячаў асобнікаў.
XS
SM
MD
LG