Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт МАГАТЭ: “Трэба жыць, вырошчваць прадукцыю, есьці і прадаваць яе”


Алена Струвэ, Менск У венскай штаб-кватэры МАГАТЭ завяршылася канфэрэнцыя, прысьвечаная мэдычным, экалягічным і сацыяльна-эканамічным наступствам чарнобыльскай катастрофы. Паводле арганізатараў, прадстаўнікоў васьмі агенцтваў ААН і трох урадаў пацярпелых ад аварыі краінаў (Беларусі, Украіны і Расеі), “наступствы Чарнобылю насамрэч не такія цяжкія, як уяўлялася раней”. Меркаваньні падобнага кшталту утрымліваюцца і ў асноўным дакладзе канфэрэнцыі, аўтарамі якога 100 навукоўцаў і экспэртаў-практыкаў з розных краінаў сьвету. Нашая карэспандэнтка гутарыла з адным з аўтараў дакладу, экспэртам у пытаньнях радыяцыі Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі ў Вэнэ Міхаілам Балёнавым.

Пры падрыхтоўцы асноўнага дакладу канфэрэнцыі, які складаецца з трох разьдзелаў — экалягічныя, мэдычныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы Чарнобылю, Міхаіл Балонаў адказваў за разьдзел экалёгіі. Спадар Балонаў сьцьвярджае, што “ў большасьці чарнобыльскіх раёнаў праблемы эканамічныя і псыхалягічныя, але зусім не зьвязаныя з мэдычнымі і экалягічнымі фактарамі”.

Ці згодны прадстаўнік МАГАТЭ зь меркаваньнем тых гомельскіх навукоўцаў, якія лічаць, што ў справаздачы не нададзенае пэўнай увагі пытаньням распаду небясьпечнага для здароўя людзей амэрыцыя ці пытаньням апраменьваньня ў малых дозах (тэорыя прафэсара Юрыя Бандажэўскага)?

(Балонаў: ) “Наконт распаду амэрыцыя магу растлумачыць, паколькі ў гэтай справе я прафэсійна працую зь першых дзён чарнобыльскай аварыі. Колькасьць амэрыцыя ўвесь час расьце. Яна не дасягнула нават піку, аднак, на наша шчасьце, на населеных тэрыторыях ягоны назапашаны ўзровень ніякай небясьпекі не ўяўляе, акрамя 30-кілямэтровай зоны, дзе сёньня ніхто не жыве.

Што да Бандажэўскага, то я зусім не праціўнік ягонай тэорыі, проста таму, што я яе ня ведаю. Гэтае імя я чуў, але я ніколі ня бачыў публікацыяў Бандажэўскага ў міжнароднай навуковай літаратуры. Што да малых дозаў апраменьваньня ў Беларусі, то я мушу сказаць, што ня толькі Беларусь, увесь сьвет знаходзіцца ў полі апраменьваньня малымі радыяцыйнымі дозамі. Гэта тое, што прыходзіць да нас з космасу. Ёсьць месцы на Зямлі, дзе гэты ўзровень у некалькі разоў большы, чым тое, што беларусы атрымліваюць ад прыроды і Чарнобылю”.

Як перакананы Міхаіл Балонаў, барацьба з наступствамі чарнобыльскай катастрофы запатрабавала вялікіх затратаў ад Беларусі. Цяпер, калі ўзровень апраменьваньня значна зьменшыўся, урадам і насельніцтву краіны трэба надаваць увагу іншым пытаньням, а менавіта сацыяльна-эканамічным.

(Балонаў: ) “Трэба жыць, вырошчваць нармальную прадукцыю, есьці яе, гандляваць ёй. Яе купяць за мяжой, бо яна цалкам адпавядае міжнародным нарматывам бясьпекі. За мяжой, у тым ліку ў ААН, гэта ўжо зразумелі. Напрыклад, мы, МАГАТЭ, падтрымліваем праекты тэхнічнага супрацоўніцтва. Мы займаемся самымі забруджанымі тэрыторыямі, пераважна ў Беларусі, дапамагаем аднаўляць эканоміку, напрыклад, у Хойніцкім раёне, мы даём грошы на набыцьцё сучаснага абсталяваньня для вытворчасьці чыстай мукі, малака. Нядаўна закупілі сьпіртзавод, бо з забруджанага збожжа можна вырабіць чысты сьпірт. Разам зь іншымі калегамі з ААН мы больш думаем пра эканамічную рэабілітацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Як у МАГАТЭ ставяцца да рэкамэндацыяў беларускага кіраўніка — вырошчваць на забруджаных тэрыторыях тую ж кукурузу?”

(Балонаў: ) “Што прапануе канкрэтна прэзыдэнт Беларусі, ня ведаю. У любым выпадку, мы за тое, каб менш увагі надавалася радыялёгіі і больш сацыяльна-эканамічнай палітыцы. Даклад кіраўніка беларускай дэлегацыі на канфэрэнцыі ў Вене спадара Ўладзімера Цалкі быў адэкватным, насычаным фактамі. Мы ўжо даўно дамовіліся з вашым урадам пра супрацоўніцтва”.

Міхаіл Балонаў — адмысловец у галіне радыялёгіі, доктар навук, пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС займаўся пытаньнямі радыяцыйнай абароны на Браншчыне і доўгі час супрацоўнічаў зь беларускімі калегамі, якія праводзілі падобную працу на Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Апошні час спадар Балонаў стала працуе ў Вене, зьяўляецца навуковым сакратаром арганізацыі “Чарнобыльскі форум”, у якую ўваходзяць восем агенцтваў ААН, уключна з МАГАТЭ і Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя, а таксама ўрады Беларусі, Украіны і Расеі.

Гл. таксама • Чарнобыльская справаздача ААН выклікае нэгатыўную рэакцыю • Навукоўцы і чыноўнікі камэнтуюць "чарнобыльскую" справаздачу ААН • ААН: ахвярамі Чарнобылю сталі ня больш за 4000 чалавек
XS
SM
MD
LG