Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“International Herald Tribune” піша пра замежнікаў у Новым Арлеане


Юрась Бушлякоў, Прага На паўднёвым узьбярэжжы Злучаных Штатаў працягваецца ліквідацыя наступстваў катастрафічнага ўрагану “Катрына”. Мэр Новага Арлеану Рэй Нэйджын загадаў пачаць прымусовую эвакуацыю людзей, якія адмаўляюцца пакідаць свае дамы ў затопленым горадзе. Тым часам ЗША памалу пакідаюць замежныя грамадзяне, якія апынуліся ў эпіцэнтры трагедыі. Шмат хто з гэтых людзей абураны дзеяньнямі ўладаў сваіх краін і лічыць, што дапамога пацярпелым ад прыроднай стыхіі мела быць больш дзейснай. Пра замежнікаў у зоне амэрыканскага бедзтва піша сёньня газэта “International Herald Tribune”.

У атмасфэры жорсткай крытыкі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі й Аўстраліі папрасілі прабачэньне за тое, што не змаглі зрабіць болей, каб дапамагчы тысячам сваіх суайчыньнікаў, увязьненым на паўднёвым узьбярэжжы Злучаных Штатаў.

“International Herald Tribune” прыводзіць словы афіцыйных прадстаўнікоў шэрагу краінаў. З тлумачэньняў вынікае, што амэрыканскія ўлады на працягу амаль тыдня пасьля ўрагану не дапускалі ў Новы Арлеан групы замежных дыпляматаў, матывуючы забарону на ўезд небясьпечнай сытуацыяй у зоне бедзтва.

Газэта апісвае, што давялося перажыць людзям, якія апынуліся сам-насам зь бядою. Калі абрынуўся ўраган, Джэрард Скот з брытанскага Мэрсысайду быў у Новым Арлеане на адпачынку разам з жонкаю й сынам. Дзеяньні амэрыканскіх уладаў у крызіснай сытуацыі ён называе “жахлівымі”. Пасьля ўрагану, расказвае Джэрард Скот, у горадзе пачаўся хаос. Трэ было ратавацца ад рабункаў. Каб засьцерагчы сваю сям’ю ад налёту бандытаў, Джэрард зьвязаў электрычнымі шнурамі мэблю і забарыкадаваў дзьверы гатэльнага пакою. У інтэрвію газэце брытанец прызнаўся, што перажыць бяду ў Новым Арлеане ягонай сям’і дапамагла дабрыня жыхароў гораду, якія дзяліліся даслоўна апошнім. “Людзі былі гатовыя застацца безь нічога, абы толькі мой сын не галадаў”, – цытуе “International Herald Tribune” словы Джэрарда Скота.

Афіцыйныя прадстаўнікі Аўстраліі, як і больш чым 30 іншых краінаў, чые грамадзяне прынялі ўдар стыхіі, шукалі магчымасьці доступу ў Новы Арлеан. “Мы рэгулярна зьвярталіся з такой просьбаю ў Дзяржаўны дэпартамэнт”, – гаворыць супрацоўнік аўстралійскага пасольства ў ЗША Мэт Фрэнсіс. Паводле ягоных словаў, амэрыканскія ўлады ўвесь час спасылаліся на небясьпеку, кажучы, што доступ у Новы Арлеан мае толькі пэрсанал службы экстранай дапамогі.

Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі паведаміла, што 20 брытанскіх дыпляматаў былі гатовыя выехаць у зону бедзтва, аднак улады ня раз ім адмовілі. На сёньняшні дзень палова з амаль 300 брытанцаў, якія знаходзіліся ў пацярпелых штатах ЗША, ужо знойдзеная. Сярод ахвяраў у Новым Арлеане, паводле зьвестак МЗС Вялікабрытаніі, брытанцаў няма.

Тым часам улады Новага Арлеану пакуль што не гатовыя назваць дакладную колькасьць ахвяраў стыхіі. На пачатку тыдня мэр гораду Рэй Нэйджын дапусьціў, што размова можа ісьці нават пра 10 тысяч загінулых.
XS
SM
MD
LG