Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Дабравольскі абвяргае старшыню Менскага гарвыканкаму


Уладзімер Глод, Менск Намесьнік кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі назваў звычайнымі хітрыкамі заяву Міхаіла Паўлава пра тое, што сталічны гарвыканкам не забараняў правядзеньня ў Менску Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. На думку спадара Дабравольскага, улады чарговы раз хочуць перанесьці праблему з хворай галавы на здаровую.

Старшыня сталічнага гарвыканкаму 7 верасьня сказаў журналістам, што ў гарвыканкам сапраўды паступіў запыт арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але ж, паводле спадара Паўлава, у камунальнай уласнасьці гораду такіх памяшканьняў няма. І таму арганізатарам мерапрыемства рэкамэндавалі зьвярнуцца да тых суб’ектаў гаспадараньня, якія маюць прыстасаваныя для такіх мэтаў памяшканьні. “Няхай дамаўляюцца за асобную плату, з выкананьнем усіх нормаў і патрабаваньняў бясьпекі”, — падкрэсьліў Міхаіл Паўлаў.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, які ўваходзіць у аргакамітэт па правядзеньні Кангрэсу дэмсілаў, тлумачыў сытуацыю, трымаючы ў руках афіцыйны адказ Менгарвыканкаму:

(Дабравольскі: ) “У адказе напісана: “Інфармуем вас, што вызначэньне месца правядзеньня масавага мерапрыемства зьяўляецца абавязкам асобаў, адказных за правядзеньне масавага мерапрыемства”. Такім чынам, нам хочуць сказаць, што “спасение утопающих дело рук самих утопающих”. Калі мы зьвярнуліся ва ўсе залі ў Менску і іншых гарадах Беларусі, дзе ёсьць больш за 700 месцаў, дык фактычна паўсюдна атрымалі адмову. І таму адказ, які падпісаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Пятрушын, фактычна не дае ніякай інфамацыі пра тое, што мы можам гэта недзе правесьці. Яны не забараняюць фармальна. Але фактычнай магчымасьці правесьці кангрэс няма. Вось увесь сэнс іхных хітрыкаў. Таму даверу да такіх людзей няма”.

Спадар Дабравольскі таксама дадаў, што пасьля зьяўленьня інфармацыі пра заяву старшыні Менгарвыканкаму сябры аргкамітэту, магчыма, зьвернуцца да яго. Разам з тым Аляксандар Дабравольскі не выключае, што гэтая заява зробленая дзеля таго, каб адцягнуць увагу арганізатараў кангрэсу ад падпісаньня дамоўленасьцяў пра правядзеньне мерапрыемства за межамі Беларусі. Ён нагадаў нядаўні эпізод, калі пасьля падпісаньня адмысловай дамовы з кіраўніцтвам гатэлю “Менск” у беларускай сталіцы ўдзельнікам зьезду АГП адмовілі ў арэндзе залі непасрэдна перад пачаткам мерапрыемства.
XS
SM
MD
LG