Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн зрабіў важныя прызнаньні


Сьвятлана Курс, Прага Ірацкі прэзыдэнт Джалал Талябані заявіў, што былы дыктатар Садам Хусэйн прызнаўся ў шэрагу ваенных злачынстваў. Заява Талябані прагучала за паўтары месяцы да пачатку судовага працэсу над Хусэйнам. Гэты працэс, паводле заходніх юрыстаў, ня можа быць дастаткова аб''ектыўным з-за ангажаванасьці ірацкіх юрыстаў.

Ірацкі прэзыдэнт Джалал Талябані заявіў дзяржаўнай тэлевізіі “Аль-Іракія”, што сьледзтва “здолела атрымаць прызнаньні” ад былога ірацкага лідэра Садама Хусэйна. Са словаў Талябані, Хусэйн прызнаўся, што асабіста аддаў загад аб масавых забойствах курдаў у канцы 1980-х.

(Талябані: ) "Я сустрэўся са сьледчым, які дапытваў Садама. Я заклікаў яго працягваць сьледзтва, а ён паведаміў мне добрую навіну – што атрымаў важныя прызнаньні ў Садама Хусэйна, якія той падпісаў. Напрыклад, ён прызнаўся ў масакры курдаў аль-Анфаль. Ён сказаў: “Загад аддаў я”. Садама трэба асудзіць на сьмерць 20 разоў. Ёсьць сто прычынаў асудзіць яго на сьмерць”.

Заява Талібані, які з паходжаньня курд, была эмацыйнай і дала новыя падставы дакараць урад у ціску на суд. Талябані адкідвае гэтыя папрокі. Дэвід Гартўэл, аглядальнік лёнданскай аналітычнай групы “Джэйн”, што займаецца Сярэднім Усходам, сказаў:

(Гартўэл: ) "Талябані выступіў не на карысьць сабе й судоваму працэсу, сьцьвярджаючы, што Садам прызнаўся й заслугоўвае сьмяротнай кары”.

Хіва Асман, прэсавы сакратар прэзыдэнта Талябані, пацьвердзіў, што прэзыдэнт лічыць Хусэйна вартым сьмяротнага пакараньня, але не падпіша сьмяротнага выраку Хусэйну асабіста. Са словаў Асмана, Талябані даручыў падпісаць вырак свайму прадстаўніку або віцэ-прэзыдэнту доктару Адэлю Абдэль Мэхдзі.

На думку адвакатаў Хусэйна, выступ прэзыдэнта Талябані можа пашкодзіць аб’ектыўнаму разгляду справы ў судзе. Абдэль Хак Аляні, юрыдычны кансультант сям’і Хусэйна, заявіў, што ў панядзелак, калі ён адведваў свайго кліента, той ня згадваў ні пра якое прызнаньне.

Садам Хусэйн знаходзіцца ў зьняволеньні са сьнежня 2003 году, сьпіс папярэдніх абвінавачаньняў супраць яго сягае 500 пунктаў і ўключае ўварваньне ў Кувэйт у 1990-м, масакру курдаў аль-Анфаль у 1986-1988; хімічную атаку на курдзкі горад Халабджа ў 1988 году, жорсткае падаўленьне паўстаньня курдаў і шыітаў у 1991 годзе.
XS
SM
MD
LG