Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эла Памфілава ня будзе сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве прайшло чарговае паседжаньне расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савету ў правах чалавека пры прэзыдэнту Расеі. Расейскія і беларускія праваабаронцы рэкамэндавалі старшыні савету Эле Памфілавай адмовіцца ад запрашэньня на сустрэчу з А.Лукашэнкам і вырашылі наступнае паседжаньне правесьці ў Беларусі.

Расейска-беларуская грамадзкая праваабарончая камісія вырашыла правесьці маніторынг становішча зьняволеных расейцаў у вязьніцах Беларусі. Беларускі Хэльсынскі камітэт мусіць высьветліць іх колькасьць. Таксама будзе вывучана сытуацыя са зьняволенымі беларусамі ў турмах Расеі. У рамках гэтага праекту плянуецца прыезд у Менск старшыні Савету ў правах чалавека пры прэзыдэнту Расеі Элы Памфілавай. Адначасова камісія мае намер правесьці наступнае паседжаньне ў Беларусі. На сёньняшнім паседжаньні расейска-беларуская камісія палічыла немэтазгоднай сустрэчу Элы Памфілавай з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, тлумачыць сябра камісіі, старшыня БХК Тацяна Процька.

(Процька: ) “Такая прапанова паступіла ад кіраўніцтва, і амбасадар Беларусі сказаў, што і Лукашэнка жадае зь ёй сустрэцца. Але гэта вельмі па-беларуску зробленае запрашэньне. Спачатку газэта “Советская Белоруссия” друкуе артыкул, у якім у такіх выразах піша пра спадарыню Памфілаву, у якіх нават у савецкі час не пісалі пра жанчын, тым болей тых, якія займаюць такую адказную дзяржаўную пасаду. Мы вырашылі, што гэта будзе нейкая піяраўская акцыя, але няведама для каго і для чаго”.

Сярод актуальных тэмаў, абмеркаваных на паседжаньні камісіі ў Маскве, — прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Адносна выбарчага заканадаўства камісія зробіць адмысловую заяву.

(Процька: ) “Мы прыйшлі да высновы, што Выбарчы кодэкс і выбарчы працэс не адпавядаюць стандартам, якія існуюць нават у Расеі і тым больш міжнародным стандартам. Інтэграцыйныя працэсы, якія будуць мець завершаньне шляхам рэфэрэндуму ці нейкіх выбараў, ня будуць мець легітымізацыі. Яны ня будуць прызнаныя ні міжнароднай супольнасьцю, ні грамадзянамі краінаў”.

Сябры грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савету пры прэзыдэнту Расеі вырашылі таксама зьвярнуцца да генэральнага пракурора Расеі, які мог бы спрыяць у расьсьледаваньні расейскага сьледу ў справах палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Сябра камісіі, дырэктар Інстытуту правоў чалавека Валянцін Гефтэр лічыць, што сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца.

(Гефтэр: ) “Беларусь ідзе наперадзе ў справе мінімізацыі захаваньня правоў чалавека. З аднаго боку, ёсьць нейкія аптымістычныя моманты, мы толькі што абмяркоўвалі, што некаторых вызваляюць, спачатку асудзіўшы, як Васільева, Бандажэўскага ці Клімава. Але з другога боку, іншыя справы вядуцца, узьнікаюць новыя, па аўтарах мультфільмаў ды іншыя. І гэта сьведчыць на тое, што агульная сытуацыя не мяняецца ў лепшы бок у палітычна матываваных перасьледах ні ў Беларусі, ні ў Расеі. Таму нам трэба аб’ядноўваць намаганьні, каб хоць бы купіраваць самае горшае разьвіцьцё падзеяў, а пра нейкі аптымізм тут і марыць нават не даводзіцца”.
XS
SM
MD
LG