Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь-Італія: на футбольны матч распрададзеныя ўсе квіткі


Ігар Карней, Менск Сёньня беларускія заўзятары маюць магчымасьць на свае вочы ўбачыць наймацнейшых футбалістаў сьвету: у Менск на матч адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету-2006 прыехала зборная Італіі, дзе што ні прозьвішча, то зорка. Пра ажыятаж сьведчыць і той факт, што ўпершыню за апошнія гады прададзеныя ўсе квіткі на матч, пры тым, што месцы на цэнтральныя трыбуны каштавалі 35 тысяч рублёў. Цікавасьць да гульні сваёй зборнай выявілі і італьянскія СМІ: на матч акрэдытавалася больш як сто іх выданьняў — больш журналістаў у Беларусь не дэлегаваў яшчэ ніхто. Якія мэты ў сёньняшняй гульні мае кожная з камандаў?

Пасьля суботняй паразы ад каманды Малдовы зборная Беларусі з 7 ачкамі апусьцілася на 4-ты радок у турнірнай табліцы адборачнай групы; італьянцы ж ідуць першымі, маючы удвая больш — 14 ачкоў. Нягледзячы на гэта, гульню трэнэры абедзьвюх камандаў лічаць прынцыповай: у выпадку станоўчага выніку ў выхаванцаў Анатоля Байдачнага застануцца прывідныя шанцы працягнуць барацьбу за другое месца ў групе. Калі выйграюць госьці, яны датэрмінова забясьпечаць выхад у фінальную частку ўсясьветнага першынства 2006 году.

Паводле невытлумачальнай лёгікі, з усёй футбольнай эліты беларусы найбольш пасьпяхова гуляюць якраз супраць італьянцаў. У афіцыйных матчах паміж камандамі Беларусі і Італіі двойчы былі зафіксаваныя нічыйныя вынікі (1:1 у Італіі і 0:0 дома). Летась у Парме гаспадары поля літаральна вырвалі ў беларусаў перамогу зь мінімальным разрывам 4:3. Ці можна разьлічваць, што сёньня беларусы, дэмаралізаваныя суботняй паразай, пакажуць падобную клясу гульні? На гэтае пытаньне адказвае былы гулец зборнай Беларусі і да нядаўняга часу трэнэр менскага “Дынама” Юры Шуканаў:

(Шуканаў: ) “Пэўна, гэта нашая ўбогая доля — увесь час лічыць тэарэтычныя шанцы. Толькі на пэўным прамежку, вельмі кароткім, можна гаварыць пра “шанцы”, а потым мы пачынаем ўдавацца ў тэорыю. І ў гэтым нашая слабасьць. Сёньняшняя турнірная табліца такая, што разьлічваць на посьпех можна ў такой далёкай тэорыі, што на практыцы наўрад ці гэта будзе рэалізавана. За пятнаццаць гадоў зборная так і не навучылася ламаць хаду сустрэчы, якая складваецца не на нашу карысьць. Гэта ўжо элемэнт характару, які непасрэдна залежыць ад трэнэра. Зразумела, што павінен быць лідэр на полі, але хтосьці мусіць перад гульнёй укласьці гэтую ідэю перамогі ў галаву. Магчыма, у Байдачнага проста не атрымалася, калі шанцы сапраўды яшчэ былі — нічыя ў першым матчы з Нарвэгіяй, добрая гульня з тымі ж італьянцамі. А потым гэта ўсё кудысьці прапала. Але што да сёньняшняй сустрэчы з італьянцамі, то, думаю, яна будзе баявой”.

Пасьля паразы ад зборнай Малдовы галоўны трэнэр беларускай зборнай Анатоль Байдачны ў роспачы кінуў: “Нашыя гульцы вялікія толькі ў сваіх клюбах; у зборнай іхная вялікасьць кудысьці зьнікае”. Найстарэйшы футбольны спэцыяліст Леанід Гарай удакладняе: пакуль у футбалістаў будзе перамагаць мэркантыльны інтарэс, спадзявацца на самааддачу не выпадае.

(Гарай: ) “У некаторых футбалістаў (на пэрсаналіі не хачу пераходзіць) зьяўляецца нейкая абыякавасьць: маўляў, а што нам у зборнай плацяць, каб выкладацца? Малафееў у гэтых выпадках заўсёды казаў: мы за вас радуемся, што вы ва Ўкраіне гуляеце, у Расеі, Нямеччыне, зарабляеце там прыстойныя грошы. Але ж, хлопцы, ваша краіна тут, яна вас выхавала, за яе выступаць можна і бясплатна. За гэта Малафеева выставілі амаль дурнем... Падобнае разуменьня вельмі цяжка ламаецца. Цяпер новае пакаленьне гульцоў ідзе. І сорамна, калі выходзяць людзі і вуглы абціраюць. Сорамна, калі думаюць толькі аб мэркантыльным. Аддзяч краіне, якая цябе выхавала! А то кажам: Глеб не ў сваю сілу згуляў, хтосьці іншы не ў сваю. А чаму не ў сваю сілу?”

Пасьля сустрэчы з Малдовай лідэр беларускай каманды Аляксандар Глеб сказаў у інтэрвію газэце “Прессбол”, што яму сорамна за такую гульню перад заўзятарамі, паабяцаўшы рэабілітавацца ў матчы супраць італьянцаў.

Учора ў Барысаве моладзевая зборная Беларусі згуляла з італьянскімі футбалістамі. Сустрэча завяршылася ўнічыю — 1:1, і пасьля васьмі гульняў каманда захавала трэцяе месца сьледам за Італіяй і Нарвэгіяй. Апошнія сустрэчы выхаванцы Юрыя Пунтуса правядуць 7 і 11 кастрычніка — на выезьдзе з шатляндцамі і дома супраць зборнай Нарвэгіі. У беларускай маладзёжкі яшчэ застаецца шанец заняць другое месца ў сваёй падгрупе і патрапіць у фінальную частку моладзевага Чэмпіянату Эўропы — адставаньне ад Нарвэгіі складае толькі адно ачко.
XS
SM
MD
LG