Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пабудуюць ГЭС на Нёмане?


Міхал Карневіч, Горадня Днямі старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Ўладзімер Саўчанка падчас сустрэчы з амбасадарам Літоўскай Рэспублікі заявіў, што будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС на Нёмане пачнецца ў 2006 годзе і скончыцца ў 2009. У “Гроднаэнерга” заяўляюць, што пакуль няма рашэньня ўраду наконт будаўніцтва ГЭС і наагул у гэтай справе больш пытаньняў, чым адказаў. Эколягі таксама пратэстуюць супраць будаваньня ГЭС.

Рашэньне аб неабходнасьці будаўніцтва Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі магутнасьцю 18 МВт было прынятае канцэрнам “Белэнерга” яшчэ ў 2003 годзе. Плянавалася, што ГЭС штогод будзе выпрацоўваць 90 млн кВт/г электраэнэргіі, што дастаткова для забесьпячэньня бытавых патрэбаў Горадні.

Былі распачатыя і працы на рацэ Нёман, праведзеныя нават археалягічныя дасьледаваньні тэрыторыі, якая мелася б быць затопленай у выпадку пабудовы ГЭС. Але ў мінулым годзе працэс пачатку будаўніцтва спыніўся. Такі загад быў атрыманы зь Менску.

Цяпер жа старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімер Саўчанка кажа, што праект будаўніцтва ўлічвае ўсе магчымыя экалягічныя наступствы і зводзіць іх да мінімальных.

Намесьнік галоўнага інжынэра “Гроднаэнерга” Віктар Мікуліч гаворыць, што дагэтуль няма рашэньня ўраду па будаўніцтве гідраэлектрастанцыі. Прычыны ён называе наступныя:

(Мікуліч: ) “Калі ўсе абсалютна пытаньні: і абводны канал, і пытаньні зямлі, і тэндарны гандаль і іншыя ня будуць вырашаныя ў комплексе – гаварыць пра будаўніцтва зарана. Пакуль у нас больш пытаньняў, чым адказаў”.

Нагадаем, што ГЭС на Нёмане магла б дазволіць давесьці долю электраэнэргіі, якія выпрацоўваюцца на Гарадзеншчыне да 50%. Цяпер вобласьць самастойна забясьпечвае свае патрэбы толькі на 27%.

Супраць будаўніцтва ГЭС ад самага пачатку выступаюць гарадзенскія эколягі. Два гады таму яны нават ладзілі акцыю пратэсту. Іх погляды не зьмяніліся і дагэтуль. Вось што кажа адна з актывістак экалягічнага руху на Гарадзеншчыне, журналістка Ніна Палуцкая:

(Палуцкая: ) "Наагул, любая электрастанцыя заведама парушае экалягічны рэжым ракі. Зьмяняецца і гідралягічны рэжым, зьмяняецца рэчышча. Зьмена рэчышча вядзе да зьменаў у экалёгіі водных аб’ектаў, якія там жывуць. Рыбы губляюць свае месцы нерасту, нагулу, цалкам зьмяняецца біялёгія ўсіх водных жывёлаў”.

Ніна Палуцкая лічыць, што перш чым будаваць ГЭС на Нёмане неабходна сабраць круглы стол, у якім маглі б удзельнічаць усе зацікаўленыя бакі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG