Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 7 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Советская Белоруссия”, 1945 год. Палажэньне аб нагрудным знаку для асобаў, што скончылі дзяржаўныя ўнівэрсытэты:

“2. Уручэньне нагруднага знака адбываецца адначасова з уручэньнем дыплёма аб сканчэньні курсу дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Асобам, якія скончылі дзяржаўны ўнівэрсытэт у пэрыяд ад 1918 году па 1945 год, нагрудныя знакі выдаюцца тымі дзяржаўнымі ўнівэрсытэтамі, у якіх яны вучыліся. 3. Нагрудны знак уручаецца рэктарам унівэрсытэту ад імя Народнага Камісарыяту Асьветы саюзнай рэспублікі. 4. Нагрудны знак для асобаў, якія скончылі дзяржаўны ўнівэрсытэт, носіцца на правым баку грудзей ніжэй за ордэны і мэдалі СССР”.

“ЛіМ”, 1965 год:

“Віцебскі фатограф Сігізмунд Юркоўскі ўвайшоў у гісторыю як родапачынальнік імгненнай фатаграфіі. Ён вынайшаў шторна-шчылінны затвор, які апісаў у 1882 годзе ў часопісе “Фатограф”, а потым ахарактарызаваў у дакладзе на з’ездзе Рускага тэхнічнага таварыства. Падрабязнасці жыцця і творчасці таленавітага беларускага вынаходніка зацікавілі члена амерыканскага таварыства фатографа Лойда Уэста, які працуе над гісторыяй фатаграфіі. Па просьбе Л.Уэста яму накіравалі партрэт і кароткую біяграфію віцебскага фотамайстра”.

“БДГ”, 1996. Аляксандар Фядута:

“Сёньня два сталага ўзросту, ня надта здаровыя чалавекі з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй — Грыб і Ціхіня — могуць абараніць Беларусь ад дыктатуры, якая набліжаецца. Іх будуць шальмаваць і аплёўваць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Прышыюць сувязь з Сорасам, сустрэчу з Кінкелем ці яшчэ якую-небудзь “трасцу”, сьпехам сьпечаную чарговым журналістам Г. у газэце “С.Б.”. Магчыма, яшчэ раз папалохаюць дэманстрацыяй сілы. Ды што такое АМОН у параўнаньні з Канстытуцыяй?.. Хочацца спакою і законнасьці. Таму сёньня траціць усялякі сэнс апазыцыя ў адносінах нават да такога парлямэнту. Лепш такі Вярхоўны Савет, чым такі парадак”.
XS
SM
MD
LG