Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казані адкрыўся міжнародны фэстываль мусульманскага кіно


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Аналягаў гэтаму кінафоруму пакуль яшчэ ў сьвеце не было. Фэстываль прымеркаваны да тысячагодзьдзя Казані. Цягам тыдня гледачы змогуць паглядзець болей як 70 фільмаў з арабскіх і цэнтральна-азіяцкіх краінаў, зь Ірану, Турэччыны, , Расеі, Эўропы, Канады і ЗША.

Усяго ў фэстывалі ўдзельнічаюць кінэматаграфісты 18 краінаў. На фэстывалі будуць дэманстравацца мастацкія, дакумэнтальныя і анімацыйныя фільмы. Пераможцы ў розных намінацыях атрымаюць залаты, срэбны і бронзавы мінбар. (Мінбар – гэта катэдра, зь якой прамаўляюцца павучэньні ў мячэці.) Але першы “Залаты Мінбар” быў уручаны ўжо ў дзень адкрыцьця фэстывалю. Яго атрымаў рэжысэр Уладзімер Хаціненка за ўнёсак у рэлігійную цярпімасьць і прапаганду павагі да рэлігійных пачуцьцяў.

Мэта фэстывалю – паказаць сьвет мусульманаў без адмоўных стэрэатыпаў, якія часта тыражуюцца ў сучасным мастацтве. Калі чачэнец - дык ён абавязкова з аўтаматам Калашнікава ў руках, калі аўганец – дык ён гандляр наркотыкамі, а азэрбайджанцы прадаюць садавіну на кірмашах. Адсюль і крытэрыі, паводле якіх выбіраліся конкурсныя карціны. Гаворыць дырэктар фэстывалю Заўдзі Маміграў.

(Маміграў:) “Адборачная камісія выбірала фільмы паводле наступных крытэрыяў: каб не было гвалту, жахаў, містыкі, каб фільмы не заклікалі да варожасьці паміж людзьмі, а заклікалі да агульначалавечых каштоўнасьцяў, спрыялі збліжэньню народаў.”

У праграме фэстывалю таксама фільмы пра гісторыю і культуру ісламу, яго вялікіх людзей. Але аўтары фільмаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, не абавязкова мусульмане. Сярод іх ёсьць прадстаўнікі і іншых рэлігіяў, якія з павагаю гавораць у сваіх творах пра іслам і мусульманаў.

У складзе журы, акрамя Маміграва, таксама сырыйская акторка Муна Васіф, эгіпэцкі рэжысэр Асма аль-Бікры, рэжысэр з Азэрбайджану Джаміль Фараеў і Эльза Дзінмухаметава з кінастудыі “Казахфільм”. Ачольвае журы знакаміты азэрбайджанскі драматург Рустам Ібрагімбекаў, аўтар сцэнароў такіх фільмаў як “Белае сонца пустыні” і “Сыбірскі цырульнік”. Ён падкрэсьлівае, што галоўным крытэрам, паводле якога будуць ацэньвацца конкурсныя стужкі, гэта -- мастацкасьць.

Ініцыятары фэстывалю, а гэта -- Рада муфтыяў Расеі і тэлевідэакампанія “Ісламскі Сьвет” пры падтрымцы прэзыдэнта Татарстану Мэнтаміра Шайміева, таксама падкрэсьліваюць, што ідэя фэстывалю ні ў якім выпадку не скіраваная супраць вернікаў іншых рэлігіяў.

На здымку: старшыня журы фэстывалю “Залаты мінбар” Рустам Ібрагімбекаў
XS
SM
MD
LG