Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да канца 2005 году ў Варшаве адкрыюць "Беларускі дом"


Уладзімер Глод, Менск Менавіта тут прапануецца праводзіць адмысловыя праграмы для беларускіх мэдыяў, ладзіць незалежныя дасьледаваньні ды праекты, якія забараняюць праводзіць беларускія ўлады. Адзін з арганізатараў "Беларускага дому" -- былы супрацоўнік амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька, якога беларускія ўлады выслалі зь Менску. А сёньня ён зьяўляецца упаўнаважаным прадстаўніком мэра Варшавы Леха Качыньскага і цьвердзіць: у новым доме ня будзе месца прадстаўнікам афіцыйных уладаў Беларусі. Спадар Буцька тлумачыць гэта тым, што "яны вядуць барацьбу супраць уласных грамадзянаў". Раней палякі заўжды падкрэсьлівалі -- яны як непасрэдныя суседзі Беларусі мусяць працаваць і з апазыцыяй, і з афіцыйнымі менскімі ўладамі. Ці можна цяпер казаць пра новы падыход у палітыцы Польшчы адносна Беларусі?

Сапраўды, раней у Польшчы панавала наступная тэндэнцыя адносна Беларусі -- суседзяў не выбіраюць, а таму трэба пашыраць і максымальна выкарыстоўваць кантакты на ўсіх узроўнях і ва ўсіх галінах. Цяпер жа ўсё больш польскіх палітыкаў адкрыта гавораць пра тое, што адносна афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі будуць уводзіцца рэзкія санкцыі, будзе значна абмежаваны іхны ўезд у Польшчу. Прынамсі так бачыць сытуацыю Богдан Барусевіч -- адзін з кіраўнікоў Паморскага ваяводзтва, які ў свой час быў намесьнікам міністра і ўзначальваў беларуска-польcкую камісію ў справах міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Пан Барусевіч, які выставіў сваю кандыдатуру на выбарах у сэнат (да гэтага ён ужо двойчы абіраўся сябрам сэйму), нават заяўляе, што асабіста пачне ініцыяваць увядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Вось як ён тлумачыць такую кардынальную зьмену сваіх поглядаў:

(Барусевіч:) "Польшча выступіла супраць тых санкцыяў адносна Беларусі, якія хацеў увесьці Эўразьвяз. Гэта тлумачыцца тым, што мы суседзі і мусім разам вырашаць некаторыя канкрэтныя пытаньні. Акрамя таго, мы не хацелі абцяжарваць жыцьцё польскай меншасьці ў Беларусі. Гэтыя дзьве падставы давалі нам магчымасьць выступіць супраць санкцыяў Эўразьвязу. Больш таго, калі Эўразьвяз забараніў выдаваць уязныя візы некаторым беларускім асобам, Польшча не зрабіла такі крок. Цалкам верагодна, што Польшча пасьля парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў выступіць зь ініцыятывай у Эўрапарлямэнце ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Гандлёвы абарот Беларусі з краінамі Эўразьвязу апошнім часам складае амаль 40%. Гэта сур’ёзны аргумэнт".

Перадусім Богдану Барусевічу яшчэ трэба быць абраным у парлямэнт сваёй краіны. Уявім, што так і адбудзецца. Але ці падтрымаюць ягоныя захады іншыя дэпутаты? Гэты аспэкт разам з маім менскім калегам Раманам Якаўлеўскім мы абмяркоўвалі падчас нашай размовы з былым міністрам замежных справаў Польшчы, цяперашнім дэпутатам Эўрапарлямэнту Браніславам Герэмкам. Пан Герэмак упэўнены, што Эўропа падтрымае такія ініцыятывы. Былы міністар падкрэсьлівае: беларускі рэжым зьяўляецца фактарам дэстабілізацыі ў рэгіёне і на гэта трэба адпаведна адрэагаваць:

(Герэмак:) "У Эўразьвязе да нядаўняга часу мела вагу перакананьне, што Беларусь -- гэта або страчаная справа і таму няма сэнсу ёй займацца, або там не дазволяць нічога зрабіць. І толькі апошнім часам, перадусім пад уплывам прадстаўнікоў Польшчы і Літвы, пачынаюць разумець, што трэба дзейнічаць больш рашуча. І цяпер надзвычай важна, каб справа Беларусі ў Эўропе не разглядалася як справа Польшчы, Славаччыны ці Літвы, а як справа ўсёй Эўропы. Думаю, што мы тут знайшлі правільны кірунак".

Варта нагадаць, што парлямэнцкія выбары ў Польшчы прызначаныя на 25 верасьня. А ўжо ў кастрычніку тут пройдуць і выбары прэзыдэнцкія. Віцэ-сьпікер польскага сэйму і кандыдат на пасаду прэзыдэнта Дональд Туск, які наведваў ў мінулым месяцы Беларусь, каб выказаць падтрымку актывістам СПБ на чале з Анжалікай Борыс, паводле апытаньняў, выйшаў на першае месца ў прэзыдэнцкай гонцы. Ён значна абагнаў сваіх бліжэйшых канкурэнтаў -- мэра Варшавы Леха Качыньскага і цяперашняга сьпікера сэйму Уладзімежа Цімашэвіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG