Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Маскве адбудзецца паседжаньне расейска-беларускай праваабарончай камісіі


Алесь Дашчынскі, Менск Паседжаньне грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савету пры прэзыдэнце Расеі ў спрыяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека будзе адбывацца якраз у дзень народзінаў Віктара Ганчара, які зьнік у Менску ў верасьні 1999 году.

Паводле сустаршыні камісіі, каардынатара сувязяў беларускіх дэмакратычных рухаў з Расеяй, генэрала Валерыя Паўлава, на паседжаньні ў Маскве будзе ўзгоднены плян дзейнасьці камісіі. Абодва бакі, расейскі і беларускі, агучаць свае канкрэтныя прапановы.

(Паўлаў: ) “Больш за ўсё гэта будзе зьвязана непасрэдна з правамі чалавека. Вельмі многа пытаньняў узьнікае. Мы ўдакладнім сёньня, чым будзе займацца камісія. Стукацца да беларускай улады – бессэнсоўна. Ёсьць іншыя шляхі. Мы пра гэта пагаворым – пра эфэктыўнасьць нашай дзейнасьці. Ёсьць вельмі цікавыя прапановы. Мы не зьбіраемся быць нейкім гнойным месцам, якое ўсе будуць пастаянна пасыпаць і выдаляць. Мы будзем займацца колам пытаньняў, якія вызначаныя дамовай паміж Расеяй і Беларусьсю”.

Беларуская дэлегацыя прывезла ў Маскву шэраг прапановаў. Паводле сябра зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяны Равяка, расейска-беларуская камісія ня мусіць абмяжоўвацца выключна заявамі.

(Равяка: ) “У нас распрацаваны плян, і згодна зь ім мы пачынаем рабіць пэўныя крокі. Хацелася б вельмі хутка і вельмі якасна атрымаць канчатковы вынік. Камісія створана ўсяго тры месяцы таму, і ў нас яшчэ такая стадыя станаўленьня дзеяздольнай структуры. Але трэба, каб былі прынятыя канкрэтныя прававыя альбо нейкія іншыя крокі дзеля таго, каб мы вырашылі тыя праблемы, зь якімі мы прыйшлі да нашых расейскіх калегаў, якія мы селі абмяркоўваць за адзін стол і дзеля вырашэньня якіх мы ўвогуле сядаем за гэты стол”.

Савет у правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі накіраваў у чэрвені сёлета адкрыты ліст да Лукашэнкі, у якім выказаў глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй з грамадзянскімі правамі і свабодамі ў Беларусі. У гэтым лісьце таксама адзначаецца, што расьсьледаваньне ў справах зьніклых беларускіх палітыкаў дагэтуль мае фармальны характар і не набліжае беларускую і сусьветную грамадзкасьць да праўды пра лёс Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Ніякага адказу ад кіраўніка Беларусі ні Савет, ні яго камісія не атрымалі. Не адрэагаваў афіцыйны Менск і на заяву расейска-беларускай праваабарончай камісіі супраць зьбіцьця амонаўцамі жонкі зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Аднак, паводле генэрала Паўлава, тэма палітычных зьнікненьняў у Беларусі не адыходзіць на другі плян.

(Паўлаў: ) “Пытаньне зьніклых вельмі важнае. Было б слушна накіраваць запыт генэральнаму пракурору Расеі, каб паглядзелі, ці ёсьць расейскі сьлед у гэтых справах. Вельмі шмат размоваў, асабліва па Завадзкім. І той жа Ганчар і Захаранка разам прыяжджалі сюды, праводзілі тут сустрэчы. Трэба тут адпрацаваць гэты варыянт. Я думаю, калі мы зьвернемся да пракурора Расеі, нам ня будзе адмовы”.

У складзе беларускай дэлегацыі, якая возьме ўдзел у працы камісіі -- Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага шэсьць гадоў таму Віктара Ганчара.

(Ганчар: ) “Гэтае пытаньне будзе ўздымацца, і яно стаіць у парадку дня нашага паседжаньня. Я спадзяюся, мы сёньня яшчэ раз гэта абмяркуем, і я ўпэўненая, што камісія будзе працаваць эфэктыўна. Прапановы ёсьць і з расейскага боку вельмі добрыя, і са свайго боку я, натуральна, буду ўздымаць гэтае пытаньне. Хочацца кожны крок рабіць прадумана і прадуктыўна”.

Чакаецца, што ў сёньняшнім паседжаньні грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савету пры прэзыдэнце Расеі ў правах чалавека возьмуць удзел старшыня гэтага Савету Эла Памфілава і расейскі ўпаўнаважаны ў правох чалавека Ўладзімер Лукін. Запрошаны таксама беларускі амбасадар у Расеі Уладзімер Грыгор’еў. Паводле Валерыя Паўлава, прадстаўнікі расейскіх уладаў зважаюць на дзейнасьць грамадзкай праваабарончай камісіі.

(Паўлаў: ) “Тое, што прэзыдэнт Расеі ўважліва ставіцца да працы камісіі і Савету ў цэлым, у гэтым у мяне ёсьць пэўныя аргумэнты. Невыпадкова ён сустрэўся зь сябрамі Савету, да яго ходзяць сябры камісіі – і Эла Памфілава, і Ўладзімер Лукін, у тым ліку дакладаюць і нашыя пытаньні. Многія сябры камісіі бываюць у прэзыдэнцкай адміністрацыі. Ёсьць аналіз сытуацыі ў Беларусі, яны інфармуюць кіраўніцтва. Такі самы аналіз паступае ў расейскі парлямэнт”.

Нагадаем, грамадзкая расейска-беларуская праваабарончая камісія была ўтвораная 1 чэрвеня сёлета падчас сустрэчы ў Маскве расейскіх і беларускіх праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячоў і журналістаў.
XS
SM
MD
LG