Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастах пачало выходзіць новае незалежнае выданьне


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Мастах у Гарадзенскай вобласьці ўзьнікла новае выданьне пад назвай “Мастоўская праўда”+дайджэст”. Яго мэта — даць жыхарам альтэрнатыўную інфармацыю аб падзеях у Беларусі і сьвеце. Выдае “Мастоўскую праўду” дэпутат раённага Савету Алесь Зарамбюк.

Алесь Зарамбюк — вельмі актыўны маладзён, яго не засмучае тое, што раней у Мастах некалькі разоў узьнікалі незалежныя выданьні, але ўсе яны перасталі існаваць. Зрэшты, гэта сьведчыць пра пэўныя традыцыі, патэнцыял, пра сталае імкненьне да вольнага слова. Варта сказаць, што выходзіў “Мастоўскі весьнік”, мастоўскае выданьне газэты “Тэлескоп” і “Местной газеты”.

(Зарамбюк:) “Пабачыў сьвет другі нумар грамадзка-інфармацыйнага выданьня Мастоўшчыны “Мастоўская праўда”+дайджэст. Мэта выданьня — інфармаваньне жыхароў Мастоўскага раёну пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне і, у першую чаргу, на Мастоўшчыне. Працуюць над выданьнем актывісты грамадзкай ініцыятывы “Мастоўскі вулей”.

У апошнім нумары падрабязна апавядаецца пра крэдытаваньне насельніцтва ў Беларусі і, дзеля параўнаньня -- у заходніх краінах. Каб чытач мог зарыентавацца — як рэальна атрымаць крэдыт, напрыклад, на жытло.

Надрукаваныя зьвесткі пра падрыхтоўку да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, інтэрвію з Алесем Белакозам, нататкі жыхара Мастоў, які езьдзіў на сёлетняе “Басовішча”, ёсьць інфармацыя пра Саюз палякаў. Алесь Зарамбюк так вызначае месца свайго выданьня:

(Зарамбюк:) “Адной з галоўных мэтаў зьяўляецца данясеньне аб’ектыўнай інфармацыі да жыхароў, таму што, як мы бачым, па афіцыйным радыё, тэлебачаньню ідзе вельмі аднабаковая інфармацыя, часта яна зьяўляецца непраўдзівай, і нашае выданьне, яно было запатрабаванае людзьмі, таму што нават нашая раённая газэта “Зара над Нёманам” — яна таксама аднабакова падае факты і падзеі, якія адбываюцца ў нашым раёне”.

Алесь Зарамбюк гаворыць, што большасьць жыхароў раёну ня мае доступу да інтэрнэту, дзе шмат надзённай альтэрнатыўнай інфармацыі, якой няма ў дзяржаўных выданьнях, таму “Мастоўская праўда” яе перадрукоўвае.

Яна выдаецца на чатырох старонках фарматам А3. Выданьне раскідаецца па паштовых скрынках, але Алесь Зарамбюк плянуе зрабіць таксама падпіску.
XS
SM
MD
LG