Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: ахвярамі Чарнобылю сталі ня больш за 4000 чалавек


Юры Дракахруст, Прага “Наступствы Чарнобыльскай катастрофы не настолькі істотныя, як меркавалася і чакалася раней”. Гэта – галоўная выснова аанаўскай справаздачы “Спадчына Чарнобыля: узьдзеяньне на здароўе, навакольле і сацыяльна эканамічныя наступствы”. У падрыхтоўцы дакумэнта, які налічвае 600 старонак, удзельнічалі больш за 100 экспэртаў, якія прадстаўлялі 8 спэцыялізаваных агенцтваў ААН і тры пацярпелыя краіны – Беларусь, Расею і Ўкраіну. Паводле справаздачы катастрофа стала прычынай сьмерці 4000 чалавек.

У справаздачы гаворыцца, што адразу пасьля выбуху на ЧАЭС загінулі 50 чалавек, у асноўным супрацоўнікі станцыі й выратавальнікі. Усяго высокія дозы апраменьваньня атрымалі каля 600 тысячаў чалавек – гэта тыя, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы, а таксама жыхары навакольных абласьцей Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Аднак паводле ацэнак аўтараў дакумэнта колькасьць сьмерцяў у выніку Чарнобыля была значна меншай, чым прадказвалася. Гаворыць адзін з аўтараў справаздачы, экспэрт Усясьветнай арганізацыі здароўя зь Нью-Мэксіко Фрэд Мэтлер.

(Мэтлер: ) "Ёсьць прыблізна 4000 дзяцей, якія захварэлі ракам шчытападобнай залозы і 9%-15% зь іх на цяперашні час памерлі. Гэтая хвароба разьвіваецца павольна і яшчэ пэўная колькасьць зь іх могуць памерці пазьней. Акрамя таго ёсьць праблема розных відаў раку і адказ на пытаньне, колькі людзей памерла ў выніку Чарнобыля, залежыць ад ацэнкі дозаў і рызыкаў, а таксама колькасьці людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. З гэтых ацэнак, разам атрымліваецца, што Чарнобыль стаў прычынай сьмерці прыблізна 4 тысячаў чалавек".

Доктар Фрэд Мэтлер гаворыць, што ў рэгіёне працягласьць жыцьця рэзка скарацілася пасьля распаду СССР, і на гэтым тле вельмі цяжка вызначыць якая частка сьмерцяў ёсьць наступствамі ўласна катастрофы.

Паводле справаздачы, у рэгіёне вакол Чарнобыля не было зафіксавана росту захворваньня лейкеміяй, акрамя супрацоўнікаў самой станцыі, не назіралася і прагназаванага зьніжэньня нараджальнасьці й павялічэньня колькасьці дзяцей зь фізычнымі адхіленьнямі.

На думку аўтараў дакумэнту ААН, найбольшай мэдычнай праблемай, спароджанай Чарнобылем, зьяўляецца псыхічнае здароўе людзей, якія жывуць у рэгіёне, яны былі траўмаваныя перасяленьнем, чуткамі, недахопам інфармацыі, страхам хуткай сьмерці ад радыяцыі.

У справаздачы крытыкуецца палітыка маштабных кампэнсацыяў для насельніцтва рэгіёну, якія на думку аўтараў дакумэнту “ёсьць перашкодай для аднаўленьне”, бо ствараюць сытуацыю ўтрыманства. У Беларусі, Расеі і Ўкраіне чарнобыльскія льготы атрымліваюць каля 7 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыях, заражаных у выніку Чарнобыля, пражывае каля 5 мільёнаў чалавек. Аднак у справаздачы адзначаецца, што значная іх частка атрымлівае дозы радыяцыі не вышэй, чым у Кітаі і Бразыліі, дзе адносна высокі натуральны радыяцыйны фон. “Людзей адсялялі з раёнаў, дзе цяпепр узровень радыяцыі ніжэй, чым у Нью-Мэхіко, дзе я жыву” – цытуе "New York Times" словы аднаго з аўтараў справаздачы Фрэда Мэтлера.

У справаздачы гаворыцца, што радыяцыйнае забруджваньне на землях па-за межамі 30-кілямэтравай зоны зьнізіўся да прымальнага ўзроўню і 70% земляў, на якіх была забароненая сельскагаспадарчая праца, могуць быць вернутыя да эканамічнага выкарыстаньня.

Сур''ёзная праблемай у “Спадчыне Чарнобыля” названа становішча саркафагу над 4-м блёкам ЧАЭС. Украіна абвясьціла, што да 2008-2009 году будзе пабудаваны новы саркафаг, які будзе каштаваць прыблізна 2 мільярды даляраў. 28 ўрадаў пагадзіліся выдаткаваць на гэта 750 мільёнаў даляраў – паведамляе "Washington Post".

Высновы ААНаўскай справаздачы ўжо выклікалі крытыку з боку экалягічных арганізацыяў. Гаворыць Ян Задэпут, экспэрт па радыяцыі арганізацыі "Greenpeace".

(Задэпут: ) "Я мяркую, што ў справаздачы прымяншаецца ўплыў катастрофы, і гэта ёсьць ня толькі непавага да ахвяраў, такая ацэнка вядзе да небясьпечных рэкамэндацыяў, такіх як парады расьсяляць людзей у заражаных зонах, што можа прывесьці да росту колькасьці ахвяраў у будучыні".

Але ў любым выпадку варта чакаць, што вынікі справаздачы “Спадчына Чарнобыля” зробяць уплыў на палітыку адносна наступстваў катастрофы як урадаў пацярпелых краінаў, гэтак і міжнародных арганізацыяў.

Гл. таксама • У Вене на Чарнобыльскім форуме абмяркоўваюць даклад “Спадчына Чарнобылю: мэдычныя, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы” • Некаторыя дактары лічаць апошні даклад МАГАТЭ тэндэцыйным • З.Трафімчук: “Дзяржавы адказныя за сваіх пацярпелых” • У Вене адбываецца прадстаўнічая канфэрэнцыя на тэму Чарнобыля • Ці будзе АЭС у Беларусі?
XS
SM
MD
LG