Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Reader''s Digest: ці можна стаць экспэртам для свайго цела?


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. У сёньняшнім выпуску – карысныя парады з адной вельмі папулярнай у Злучаных Штатах Амэрыкі кнігі.

Верасьнёўскае выданьне папулярнага амэрыканскага часопісу “Reader’s Digest” знаёміць чытачоў з новай кнігай дактароў мэдыцыны Майкла Ройзана і Магмэта Оза. Кніга мае інтрыгуючую назву – “Ты: інструкцыя ўласьніка”. Амэрыканскія мэдыкі распрацавалі комплекс парадаў, як чалавеку лепш карыстацца сваім целам і як трымаць яго ў найлепшай кандыцыі. Сярод іншага, чытачам прапануецца сьпіс займальных фактаў, у якіх аўтары паспрабавалі аддзяліць рэальнасьць ад мітаў. Вось некаторыя зь іх.

Цьверджаньне першае. Вы можаце разьвіваць свой мозг пры дапамозе гантэляў. Гэта праўда. Паспрабуйце праверыць сваё пачуцьцё раўнавагі. Станьце на адну нагу з заплюшчанымі вачыма. Калі вы здолееце прастаяць 20 сэкунд, а ваш узрост 45 і болей гадоў – гэта вельмі добры вынік. Дактары Ройзан і Оз цьвердзяць, што практыкаваньні з гантэлямі разьвіваюць ня толькі цягліцы, але і мозг – у выніку ў чалавека паляпшаецца пачуцьцё балянсаваньня і стымулюецца нэрвовая актыўнасьць. Практыкаваньні на трэнажорах такога ўплыву на мозг не аказваюць, бо гіры зафіксаваныя дакладна і не аказваюць уплыву на чалавечую здольнасьць балянсаваць.

Цьверджаньне другое. Кава – вельмі карысная для вашага мозгу. Гэта праўда. Шматлікія дасьледаваньні паказваюць, што два-тры кубачкі кавы штодзень могуць істотна зьменшыць рызыку захварэць на хваробу Паркінсона ці Альцгаймэра. Пакуль не зусім ясна – чаму, але ўзьдзеяньне кафэіну на арганізм вельмі станоўчае і не залежыць ад таго, п’яце вы каву, чай ці іншы лёгкі напой з утрыманьне кафэіну. Але ня трэба забывацца на адну важную засьцярогу – у некаторых людзей вялікія дозы кафэіну могуць выклікаць сардэчныя праблемы.

Цьверджаньне трэцяе. Поўны пакой можа дапамагчы хутчэй пазбыцца боляў у сьпіне. Гэта – няпраўда. Насамрэч, ляжаньне ў ложку болей за два дні можа сур’ёзна аслабіць цягліцы сьпіны. Таму, нягледзячы на боль варта нават пры абвастрэньнях пачынаць памалу рухацца. Вельмі дапамогуць таксама масаж і лячэбная гімнастыка. А самая простая і даступная нагрузка на цягліцы сьпіны – лёгкія прагулкі.

Цьверджаньне чацьвёртае. Праблемы з эрэкцыяй непазьбежныя ў пажылых мужчын. Гэта – няпраўда. А праўда заключаецца ў тым, што падтрыманьне полавых органаў у здаровым стане можа павялічыць працягласьць жыцьця і забясьпечыць вам паўнавартасную і багатую на эмоцыі старасьць. Для гэтага вы павінны прытрымлівацца некалькіх правілаў. Важна сачыць за тым, што і як вы ясьцё, бо дыета ўплывае на старэньне судзінаў. Трэба таксама рэгулярна рабіць спартовыя практыкаваньні і сачыць за крывяным ціскам і ўзроўнем халестэрыну ў крыві. У выніку здаровыя судзіны забясьпечаць нармальны прыток крыві да ўсіх частак вашага цела.

Цьверджаньне пятае. Мужчыны могуць спажываць алькаголю болей, чым жанчыны. Гэта праўда. Прычым зьвязана гэта не з мужчынскім пачаткам і не зь фізычнай сілай. Насамрэч, у арганізьме мужчынаў утрымліваецца значна больш энзымаў, якія пачынаюць перапрацоўваць алькаголь яшчэ да таго, як ён трапіць у кроў. Жанчыны маюць такіх энзымаў значна менш, апрача таго іх целы ўтрымваюць у сваім складзе і менш вады. У выніку ўзровень алькаголю ў крыві жанчын расьце прапарцыйна выпітаму алькаголю.

Цьверджаньне шостае. Гармоны кантралююць вашыя эмоцыі. Звычайна, гэта – няпраўда. Выключэньне – цяжарныя жанчыны. А ў большасьці выпадкаў – усё наадварот. Менавіта эмоцыі кантралююць нашыя гармоны праз біяхімічныя зьмены ў мозгу. Страх, напрыклад, выклікае выдзяленьне гармонаў, якія могуць прымусіць вас ратавацца ўцёкамі, а асалода, наадварот, выклікае зьяўленьне ў мозгу гармонаў, якія расслабляюць і супакойваюць. Стрэс выклікае зьяўленьне ў арганізьме гармонаў стрэсу, якія сур''ёзна ўскладняюць працэс навучаньня і запамінаньня.

Цьверджаньне сёмае. Вы можаце браць вітаміны замест ежы. Гэта толькі частковая праўда. У асобных выпадках вітаміны могуць замяніць ежу, але і тады іх трэба браць разам з кальцыем. Але ня думайце, што браць вітаміны – гэта лепш, чым есьці садавіну і гародніну. Апэльсінавы сок утрымлівае ў сабе ня толькі вітамін С, а значна болей карысных рэчываў. Садавіна мае ня толькі біяхімічную каштоўнасьць для арганізму, яна таксам забясьпечвае наша цела пэўнага роду энэргіяй. Напрыклад, мэдыкі ня ведаюць канкрэтнага хімічнага рэчыва, якое б магло зьмяншаць рызыку ўзьнікненьня раку або сардэчных праблемаў. Затое мэдыцына ведае, што зьмяншэньня рызыкі можна дамагчыся пры дапамозе камбінацыі некалькіх рэчываў. І камбінацыі гэтыя часьцей за ўсё сустракаюцца ў садавіне і гародніне. Энэргія, што ўтрымліваецца ў расьлінных прадуктах, вельмі важная для арганізму і яе, практычна, нічым нельга замяніць.
XS
SM
MD
LG