Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За нежаданьне служыць у войску – крымінальная адказнасьць


Міхал Карневіч, Горадня Гарадзенскі ваенкам палкоўнік Іосіф Ціс давёў сёньня бацькам прызыўнікоў, што пасьля зьменаў у законе Аб прызыве на сапраўдную вайсковую службу, калі іх сыны не зьявяцца па позьве ў ваенкамат, то парушальнікі будуць несьці крымінальную адказнасьць.

У залі гарадзкога Дома культуры сёньня прысутнічала больш за сотню чалавек. Сюды былі запрошаны бацькі тых, хто дагэтуль ужо нейкім чынам спрабаваў ухіляцца ад прызыву на вайсковую службу.

Палкоўнік Іосіф Ціс строга па-вайсковаму зазначыў, што сабраў прысутных дзеля таго, каб давесьці ім аб зьменах у законе Аб прызыве на сапраўдную вайсковую службу, які ўжо пачаў дзейнічаць з 9 жніўня. Прынцыповая зьмена на якой завастрыў увагу палкоўнік – у новым законе адсутнічае адміністрацыйная адказнасьць за няяўку прызыўніка ў ваенкамат, а адразу наступае крымінальная адказнасьць.

Ён параіў усім бацькам аб гэтым сур’ёзна падумаць, паколькі нават штрафы, згодна з законам будуць налічвацца ад 30 да 100 мінімальных заробкаў, не кажучы ўжо аб пазбаўленьні волі тэрмінам да 6 гадоў. Публіка ў зале заварушылася і пачаліся пытаньні. Шмат хто з хлопцаў у прызыўным узросьце знаходзіцца за мяжой. Палкоўнік Ціс адказаў, што толькі тыя, хто прадставіць сапраўдныя дакумэнты ў беларускія консульствы, завераныя натарыяльна, могуць там далей спакойна вучыцца, а астатнія раней ці пазьней стануць перад законам. Сам палкоўнік напачатку абмовіўся, што як бы не зусім падзяляе такія жорсткія меры, але потым, калі я яго папрасіў пракамэнтаваць гэта, загаварыў па-іншаму:

(Ціс: ) "Ёсьць закон аб абароне Айчыны і гэта сьвятое, без камэнтараў. Нам можа падабацца ён альбо не падабацца, але мы абавязаны яго выконваць. Што амэрыканцам падабаецца ў Іраку ваяваць? Але яны едуць туды і ваююць".

А вось, што думаюць бацькі прызыўнікоў, якія слухалі палкоўніка Іосіфа Ціса:

(Спадарыня: ) “Яны закрылі магчымасьць майму сыну вярнуцца на радзіму”.

(Прызыўнік: ) “Трэба набіраць прафэсійную армію, а не зьбіраць салдатаў па дварах”.

(Спадарыня: ) “Чаму мой сын ня хоча ісьці служыць у войска, як я лічу? Таму, што ягоны аднагрупнік, калі служыў у войску, ён да яго прыходзіў і пасьля размоваў зь ім у яго папросту зьявіўся страх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG