Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі і Фрадкоў прызналі, што адзінай валюты ў студзені 2006 года ня будзе


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ўвечары ў Менску пад старшынствам кіраўнікоў урадаў Расеі і Беларусі Міхаіла Фрадкова і Сяргея Сідорскага прайшло паседжаньне так званага саюзнага Саўміна. Цягам 1,5 гадзін вышэйшыя чыноўнікі дзьвюх дзяржаў разгледзелі 27 пытаньняў парадку дня. Пытаньне аб расейскім рублі як адзінай валюце, якая згодна з папярэднімі плянамі, павінна была быць уведзенай у Беларусі з 1 студзеня 2006 года, афіцыйна не разглядалася зусім. Але прэм’еры вымушаныя былі закрануць гэтую тэму на выніковай прэсавай канфэрэнцыі.

Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі і ягоны расейскі калега Міхаіл Фрадкоў дэманстравалі адсутнасьць праблемных пытаньняў у адносінах двух бакоў. Галоўнымі з разгледжаных саюзным Саўмінам пытаньняў Сяргей Сідорскі назваў чатыры праекты пагадненьняў аб роўных правах беларусаў у Расеі і расейцаў у Беларусі ў галіне свабоды перамяшчэньня, працаўладкаваньня, падаткаабкладаньня, аховы здароўя і пэнсійнага забесьпячэньня.

Прэм’еры Расеі і Беларусі заявілі, што яны ўжо сёньня ўхвалілі праект саюзнага бюджэту на 2006 год, з запасам у некалькі месяцаў, чаго раней ніколі не было, прычым з ростам на 10 адсоткаў у параўнаньні зь бягучым годам.

Саюзны бюджэт на новы год аднак не прадугледжвае выдаткаў на пераход да адзінай саюзнай валюты, пад выглядам якой у 2006 годзе меркавалася ўвесьці ў Беларусі расейскі рубель.

Пытаньне "адзінай валюты" застаецца нявырашаным, прызналі абодва прэм’еры, хаця пры гэтым яны дыпляматычна даводзілі, што тэма гэтая ўсё яшчэ застаецца актуальнай. Гаворыць кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Фрадкоў:

(Фрадкоў: ) “Іншымі словамі, з 1 студзеня 2006 года адзінай валюты ня будзе, таму што засталося літаральна некалькі месяцаў і проста тэхнічна гэта зрабіць немагчыма. Але гэта не пацьвярджае магчымых сумненьняў у тым, што гэтага ня будзе, і што гэтае пытаньне не зьяўляецца актуальным.”

Міхаіл Фрадкоў пагадзіўся з “комплексным” альбо “пакетным” падыходам да ўвядзеньня адзінага рубля, які прапануе беларускі бок. Ягоны калега Сяргей Сідорскі нагадаў пазыцыю афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні:

(Сідорскі: ) “Мы ўзьнялі не як самамэту пытаньне аб увядзеньні адзінага рубля на тэрыторыі саюзнай дзяржавы, а рэалізацыю комплексу эканамічных захадаў, якія б далі роўныя правы перш за ўсё для працы нашых суб’ектаў гаспадараньня, эканомік нашых краін.”

Сяргей Сідорскі адмовіўся ў прынцыпе казаць нешта пра магчымыя новыя тэрміны ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзіна законнага плацёжнага сродку ў Беларусі. Паводле ягоных словаў, перш за гэта трэба дасягнуць адзінства мытнай прасторы дзьвюх краін, адзіных умоваў гаспадараньня, аднолькавага рэгуляваньне цэнаўтварэньня, дамовіцца наконт эмісійнага цэнтру. Усе гэтыя пытаньні і павінны вырашацца ў пакеце.
XS
SM
MD
LG