Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цытаты мінулага – 6 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 6 верасьня.

“Беларуская крыніца”, 1935 год. Пра мэліярацыю Палесься:

“Гэты вялікі плян асушкі Палесься мае ў сабе і другі плян, галоўны, які зрадзіў і сам плян мэліорацыі гэтай этнографічна беларуска-украінскай краіны, — гэта плян польскай там колёнізацыі. У выніку дасюлетняй мэліорацыйнай працы ў Косаўшчыне асушана 1.891 гэктар зямлі, якая можа радзіць усялякае збожжа. Незважаючы, што кругом беларускія палякі душацца ў цеснаце на дробных гаспадарках і сквапна паглядаюць на новую зямлю, на асушанай плошчы пасаджана 94 сям’і колёністаў з карэннай этнографічнай Польшчы”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“Кампазытар і музыказнаўца, прафэсар М.Куліковіч задумаў вялікую і патрэбную справу — прадставіць перад зацікаўленымі коламі беларускага грамадзянства беларускую песьню ўва ўсёй разнастайнасьці ейных відаў і жанраў і, гэтым самым, даць магчымасьць выкананьня роднай песьні аматарамі і прафэсыйнымі харавымі калектывамі, як у практыцы хатняга музыкаваньня, так і на канцэртнай эстрадзе. У прадбачаных васьмёх выпусках “Беларускага Песеннага Зборніка” аўтар імкнецца ахапіць як народную песьню ўва ўсёй шматграннасьці ейнай сюжэтыкі, так і свае арыгінальныя кампазыцыі…”

“Звязда”, 1995 год. Дэпутат Ул.Новік выступіў з праектам закону “Аб другім нацыянальным тэлевізійным канале”:

“Дэпутат Новік, у прыватнасці, лічыць, што дамінуючае становішча рэспубліканскага тэлебачання на беларускай інфармацыйнай прасторы можа прывесці да ліквідацыі нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. “Стварэнне другога, а ў перспектыве, — трэцяга і чацвёртага нацыянальных каналаў наталіць “інфармацыйны голад” насельніцтва рэспублікі. Пры гэтым павінна быць гарантавана незалежнасць праграмнай палітыкі новых нацыянальных тэлерадыёкампаній ад дзяржаўных органаў”, — заявіў Ул.Новік”.
XS
SM
MD
LG