Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Арлеан забясьпечыць Беларусь аўтамабілямі-“тапельцамі”?


Ігар Карней, Менск Прыродная і, як ужо відавочна, гуманітарная катастрофа ў Новым Арлеане для асобных прадпрымальных грамадзянаў можа стаць ў літаральным сэнсе “залатым дном”. Як прагназуюць спэцыялісты аўтамабільнай сфэры, неўзабаве ва Ўсходнюю Эўропу – перадусім, у прыбалтыйскія краіны, Беларусь і Расею – можа хлынуць вал амэрыканскіх машынаў-“тапельцаў”.

У гэтым зьвязку адмыслоўцы папярэджваюць: спакусіўшыся таннай машынай, вы рызыкуеце апынуцца сам-насам з праблемай рамонту эксклюзійнага аўтамабіля: ня выключана, што ён абыдзецца даражэй за ўласна аўтамабіль.

Паводка – бадай адзіны з форс-мажорных прыродных катаклізмаў, які можа працягнуць жыцьцё аўтамабіля. Шмат хто зь беларускіх аўтааматараў ў мінулыя гады ўжо патрапіў на кручок да гандляроў, якія прапаноўвалі за дарагія аўтамабілі досыць невысокія цэны. Прынамсі, заўважана: пасьля сур''ёзных надзвычайных здарэньняў, перадусім, у Нямеччыне, беларускі рынак імкліва напаўняецца адносна новымі й адносна недарагімі машынамі.

Адзін зь перагоншчыкаў, якія раней спэцыялізаваўся на дастаўцы аўто зь Нямеччыны, а цяпер пераарыентаваўся на ЗША, перакананы: неўзабаве трэба чакаць аўтадэсанту з амэрыканскімі машынамі-“тапельцамі” з Новага Арлеану. Расказвае аўтапрадпрымальнік Валерый Галаванаў:

(Галаванаў: ) “Верагоднасьць настолькі вялікая, што “тапельцаў” будуць купляць ня толькі ў Эўропе, але ў суседняй з ЗША Канадзе. Гэта ўжо паказаў досьвед ранейшых вялікіх паводак. Некаторыя трапляюцца на вуду дылераў, нічога непадазраючы. Бо, па сутнасьці, сытуацыя паўсюль аднолькавая: калі прыйдзеш да гандляра-пакістанца ці турка, то ён гледзячы табе ў вочы, скажа, што машына выдатная. Ёсьць людзі, якія працуюць у тых жа Штатах канкрэтна на загрузцы паромаў: купляюць машыны ў гаражах, дзе іх папярэдне даводзяць да таварнага выгляду. Ёсьць цэлыя “арцелі”, якія спэцыялізуюцца на “тапельцах”: бяруць такія машыны амаль задарма, перафарбоўваюць і потым ставяць на паромы”.

Паводле спадара Галаванава, выявіць папсаваны аўтамабіль хоць і цяжка, але можна. Перадусім, тапельца выдае спэцыфічны пах салёну – пах сырасьці. Яшчэ адна характэрная дэталь – акісьленьне праводкі. Найбольш небясьпечна набыць такую машыну напярэдадні восеньскіх дажджоў, якія толькі паскораць каразійныя працэсы. У тым, што падобная пэрспэктыва непазьбежная, мой суразмоўца, які сам арганізуе дастаўку амэрыканскіх аўтамабіляў, не сумняецца. Як ён кажа, перадусім, для мігрантаў гэта выдатная магчымасьць зарабіць немалыя грошы літаральна роўным месцы.

(Галаванаў: ) “Мясцовыя адназначна падобным займацца ня будуць, а мігранты – канечне, паколькі ёсьць попыт. Пасьля патопу двухгадовай даўніны ў Нямеччыне адзін знаёмы набыў вельмі прэстыжны “Мэрсэдэс” па прыстойнай цане. Нацешыцца ня мог, пакуль яму не сказалі, што гэта “тапелец”. Калі той запытаў – адкуль такі дыягназ? – спэцыяліст паказаў, як па дзьвярох “паплыла” афарбоўка. Іншымі словамі, ад пачатку можна нічога і не заўважыць, але потым балячкі будуць вылазіць вельмі актыўна. Зь іншага боку, невядома, колькі “цікавых” для нашых пакупнікоў машынаў у тым жа Новым Арлеане. Калі меркаваць па тэлекадрах, то, па-мойму, горад не самы багаты. Хоць, пэўна, у самой Луізіяне, у суседняй Алабаме заможных шмат”.

Спэцыялісты прагназуюць, што бліжэйшай “майстэрняй” у справе навядзеньня марафету на аўтамабілі-“тапельцы” можа стаць Літва: мясцовыя аўтамайстры ўжо паказалі сябе адметнымі “рэаніматарамі” падчас паводак ў Нямеччыне, Аўстрыі, Францыі і Швайцарыі. Да таго ж, менавіта да Літвы пераважна і ідуць паромы з ЗША, якія вязуць у Эўропу заакіянскія аўтамабілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG