Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія кампаніі запрашаюць да сябе на працу беларусаў


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскія працадаўцы заяўляюць пра намеры шукаць работнікаў у Беларусі і Ўкраіне. Грамадзяне Літвы, якія цяпер могуць свабодна выяжджаць на працу ў краіны Эўразьвязу, вызваляюць працоўныя месцы для сваіх бліжэйшых суседзяў, аднак літоўскія прафсаюзы настойваюць на тым, каб запрашаць з-за мяжы не танную працоўную сілу, а толькі кваліфікаваных спэцыялістаў.

Найбуйнейшая ў Балтыйскіх краінах гандлёвая кампанія паведаміла, што пачала шукаць работнікаў з суседніх краінаў – Беларусі, Малдовы, Украіны.

Кампаініі “VP Market” належыць, у ліку іншых 289 крамаў, сетка супэрмаркетаў “Maxima”, добра вядомых беларусам, якія бываюць у Вільні.

Цяпер у гандлёвай сетцы “ВП Маркет” працуе больш за 15 000 чалавек у Літве і каля 6 000 – у Латвіі. Кампанія адчувае недахоп у работніках і ў Латвіі. У гэтую краіну таксама будуць запрашацца грамадзяне Беларусі, Украіны ды іншых краінаў-суседзяў Эўразьвязу. Паводле кіраўнікоў “ВП Маркет”, няведаньне літоўскай мовы ня будзе перашкодай для тых грамадзянаў суседніх краінаў, якія прыедуць сюды на працу. Напачатку новыя работнікі ня будуць мець дачыненьняў з пакупнікамі.

Гэтае паведамленьне выклікала досыць бурную рэакцыю ў Літве. Кіраўніцтва Біржы працы ў інтэрвію літоўскаму “Радыё навінаў” заявіла, што ня выдасьць легальных дазволаў на некваліфікаваную працу, паколькі на такія месцы ў краіне ёсьць свае ўласныя беспрацоўныя.

Дзяржаўная інспэкцыя працы як раз гэтымі днямі паведаміла пра выяўленыя 1 500 нелегальных работнікаў у розных месцах Літвы і прызначаныя пакараньні.

Прафсаюзы выступілі з заявай адносна плянаў працадаўцаў Літвы шукаць работнікаў у суседніх краінах і прыгразілі акцыямі пратэсту.

Старшыня Канфэдэрацыі прафсаюзаў Літвы Артурас Чарняўскас патлумачыў:

(Чарняўскас: ) “Гэтыя акцыі пратэсту пераважна скіраваныя ў адрас гандлёвай кампаніі “ВП Маркет”, бо менавіта яна плянуе ўвозіць некваліфікаваную працоўную сілу, што нас найбольш раззлавала. Усьцешна, што зьменшылася ў нас беспрацоўе, аднак у Літве прыкладна 1 мільён 300 працуючых, і, – паводле розных дадзеных, прыкладна, – каля 400 000 зь іх выехалі за мяжу, гэта 30%, – вось яны вызвалілі працоўныя месцы. Мы ня супраць імпарту працоўнай сілы, такога, які існуе цяпер – каля 1000 работнікаў на ўсю краіну, найбольш – спэцыялісты, якіх няма ў Літве. Літоўцы зьяжджаюць, калі яны не задаволеныя ўмовамі, бо для іх Эўропа адкрытая.

Працадаўцы спадзяюцца, што беларусы, якіх запросяць на працу і якім кампаніі аплацяць навучэньне, нікуды ня змогуць зьехаць, бо ім трэба новая віза, ім цяжэй зьехаць. Як учора пісала газэта “Летувос рытас”, беларусы так сьмела згаджаюцца працаваць “звышурочныя”, вечарамі, у выходныя".

Пра спадзевы знайсьці работнікаў у Беларусі кажуць і іншыя працадаўцы зь Літвы. Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Віленская мэбля” Віктарас Маяўскас кажа, што яго прадпрыемствам ня стае каля 250 кваліфікаваных работнікаў, якіх мяркуецца запрасіць найперш зь Беларусі, – ім будуць створаныя спрыяльныя ўмовы для працы і заробак яны атрымаюць такі самы, як і літоўскія грамадзяне, – гэта значыць, у некалькі разоў большы, чым у Беларусі.

(Маяўскас: ) "Мы будзем рабіць усё легальна. Гэта значыць, – ехаць туды, запрашаць спэцыялістаў, – а я дакладна ведаю, што яны ёсьць, і ў Менску, і ў Горадні, з былых мэблевых прадпрыемстваў. Гэта будзе ня танная працоўная сіла, а кваліфікаваныя работнікі, з працоўным досьведам, – такіх у Літве бракуе".

Легальны дазвол на працу выдае Літоўская біржа працы, на яго падставе выдаецца пасьведчаньне на часовае пражываньне ў краіне. Пра гэта рупіцца працадаўца, які аплачвае таксама і мэдычную страхоўку.

***

Паводле сёлетніх дадзеных літоўскай біржы працы, на 1 верасьня ўзровень беспрацоўя ў Літве складае 4,3%. Цяпер у Літве легальны дазвол на працу маюць 1000 замежных грамадзянаў, у іх ліку 20% беларусаў (усе – кваліфікаваныя спэцыялісты), якія па колькасьці на другім месцы пасьля каля 1500 ўкраінцаў (30%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG