Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Борыс сустрэлася з эўрапейскімі амбасадарамі ў Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Анжаліка Борыс сустрэлася сёньня ў Варшаве з амабасадарамі краінаў Эўразьвязу, што акраэдытаваныя ў Польшчы. Спатканьне адбылося ў амбасадзе Вялікай Брытаніі. Расказвае наш варшаўскі карэспандэнт.

Пасьля завяршэньня сустрэчы, якая была закрытай для журналістаў, Анжаліка Борыс заявіла, што задаволеная вынікамі спатканьня і што паслы краінаў Эўразьвязу прынялі яе “вельмі пазытыўна і вельмі цёпла”.

(Борыс: ) “Для нас вельмі важна, каб палякі і польскі ўрад, якія нас падтрымліваюць, мелі ў сваю чаргу падтрымку Эўразьвязу”, – заявіла спадарыня Борыс. Яна, аднак, адмовілася выказацца ў справе вынікаў сустрэчы, бо “патрэбны час, каб іх аб''ектыўна ацаніць”.

Віцэ-сьпікер Сэйму Дональд Туск, які быў на сустрэчы разам са спадарыняй Борыс заявіў, што, у прыватнасьці, амбасадар Нямеччыны пагадзіўся, што гэта Польшча павінна мець найбольшы ўплыў на фармаваньне ўсходняй палітыкі Эўразьвязу, асабліва ў дачыненьнях зь Беларусьсю.

(Туск: ) “Я ведаю, што гэта пакуль толькі словы, але мы не спадзяваліся, што такія пазытыўныя рэакцыі зьявяцца так хутка”, – заявіў Туск.

Анжаліка Борыс падкрэсьліла, што верыць, што дапамога аб’яднанай Эўропы зьменіць сытуацыю ў Беларусі.

(Борыс: ) “Гэта толькі пытаньне часу – Беларусь таксама стане краінай, дзе шануюць ўсіх грамадзянаў”.

У чацьвер спадарыня Борыс будзе мець шэраг сустрэчаў у Эўрапейскім парлямэнце, у тым ліку яна мае выступіць перад дэлегацыяй Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG