Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Трафімчук: “Дзяржавы адказныя за сваіх пацярпелых”


Алена Струвэ, Менск Кіраўніца беларускай ААНаўскай праграмы “CORE” Зоя Трафімчук прадстаўляе ў Вене інтарэсы людзей, якія сьвядома вырашылі застацца жыць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Брагіншчыны, Чачэршчыны, Слаўгарадчыны і Століншчыны (ня выключана, што ў хуткім часе праграма закране і іншыя пацярпелыя ад Чарнобылю беларускія раёны). Сярод пытаньняў, якім займаюцца ўдзельнікі праекту, назіраньне за станам здароўя, сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё сельскіх рэгіёнаў, адукацыя і культурная спадчына.

Навуковыя матэрыялы, якія прадставілі на форуме сто аўтарытэтных навукоўцаў сьвету, і першыя дыскусіі вакол іх Зоя Трафімчук ацэньвае так:

(Трафімчук: ) “Я не магу сказаць, што асноўны даклад такі рэвалюцыйны, бо дыскусія пра штучную мінімізацыю ці штучнае перабольшваньне наступстваў Чарнобылю існавала заўсёды. Аднак вельмі станоўчы той момант, што большасьць удзельнікаў дыскусіі гаварылі пра тое, што нават калі насамрэч не існуе доказаў, зьвязаных з уплывам радыяцыі на здароўе, трэба ўсё роўна быць пільнымі. Праблема гэтак званага паступовага малога апраменьваньня застаецца з намі на доўгія гады. Захоўваецца адказнасьць дзяржаваў за тое, каб пацярпелыя людзі атрымлівалі дапамогу”.

(Карэспандэнтка: ) “А менавіта вы самі прытрымліваецеся якой пазыцыі: радыяцыя — гэта тое, ад чаго трэба ўцякаць, альбо ўсё ня так цяжка, галоўнае не нэрвавацца, спакойна жыць і сеяць, напрыклад, тую ж кукурузу?”

(Трафімчук: ) “Я супраць таго, каб пытаньне ставілася наступным чынам: калі вы жывяце ў гэтай зоне, то вы мусіце жыць тут надалей. Іншая справа, што нашая праграма разьлічаная на тых, хто сьвядома зрабіў свой выбар. Паверце, такіх людзей нямала. Вось сёньня перад удзельнікамі канфэрэнцыі выступала жыхарка Брагіншчыны Тамара Макеева. Удзельнікі форуму задалі ёй пытаньне: чаму вы застаяцеся жыць у гэтай зоне? Жанчына адказала: я запатрабаваная тут.

Іншая справа, як жыць на забруджанай тэрыторыі. Трэба кантраляваць харчы, весьці здаровы лад жыцьця, асвоіць гэтую новую радыялягічную культуру, не засяроджвацца пастаянна на бэкерэлях, а разумець, што за гэтым стаіць. Трэба таксама патрабаваць ад дзяржавы, каб навука стала на абарону гэтых людзей, каб кожны чалавек мог быць гаспадаром сытуацыі. Рэакцыя на падобную пазыцыю сярод удзельнікаў форуму была вельмі пазытыўнай, настрой быў на працяг міжнароднага супрацоўніцтва. На прыкладзе арганізацыі “CORE”, якую я прадстаўляю, ёсьць пэрспэктыва надзеі”.

Гл. таксама • У Вене на Чарнобыльскім форуме абмяркоўваюць даклад “Спадчына Чарнобылю: мэдычныя, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы” • У Вене адбываецца прадстаўнічая канфэрэнцыя на тэму Чарнобыля
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG