Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене на Чарнобыльскім форуме абмяркоўваюць даклад “Спадчына Чарнобылю: мэдычныя, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы”


Іна Студзінская, Менск У падрыхтоўцы дакумэнту бралі ўдзел сотні навукоўцаў, эканамістаў, мэдычных экспэртаў. У дакладзе ёсьць цэлы разьдзел рэкамэндацыяў для трох дзяржаваў — Беларусі, Расеі і Ўкраіны, што найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ці прыслухаецца найвышэйшае кіраўніцтва краіны да гэтых рэкамэндацыяў і як беларускія навукоўцы ацэньваюць даклад, што прагучаў у Вене?

Гэты даклад — вельмі аб’ёмны і грунтоўны дакумэнт, і дасканала вывучыць яго ў адмыслоўцаў не было яшчэ часу і магчымасьцяў. Але, да прыкладу, спэцыялісты Дзяржкамчарнобылю і НДІ радыёбіялёгіі Акадэміі навук Беларусі рыхтавалі матэрыялы для гэтага дакладу. Меркаваньне загадчыцы міжнароднага аддзелу Дзяржкамчарнобылю Сьвятланы Машчынскай:

(Машчынская: ) “Навукоўцы розных краінаў сумеснымі намаганьнямі ацанілі асноўныя наступствы для пацярпелых краінаў — экалягічныя і мэдычныя. Інфармацыя гэта адкрытая, што для Беларусі важна. Асноўныя рэкамэндацыі, якія там прагучаць, — гэта таксама высновы і беларускіх навукоўцаў. Для нас важна захаваць увагу да наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і дазволіць прыцягнуць дадатковае фінансаваньне”.

Фізык-ядравік Станіслаў Шушкевіч, з аднаго боку, не задаволены тэмпамі пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Але тлумачыць гэта аб’ектыўнымі фактарамі. Прафэсар Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Форумы такія патрэбныя, і наступствы бываюць. Але вельмі павольна гэта адбываецца, вельмі марудна. Трэба было б рабіць значна больш, але для гэтага патрэбныя грошы. А эканоміка наша слабая. Таму ў межах магчымасьцяў нашай эканомікі, мне здаецца, робіцца столькі, колькі можна зрабіць. Я, напрыклад, не пратэстую супраць ніякіх іх захадаў. Я бачыў гэтыя рэкамэндацыі, бачыў гэтае абгрунтаваньне, і мне здаецца, што гэта больш-менш нармальна”.

Намесьнік дырэктара Навукова-дасьледчага інстытуту радыёбіялёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук, доктар біялягічных навук Аляксандар Навумаў браў удзел у падрыхтоўцы дакладу. Вось ягонае меркаваньне:

(Навумаў: ) “Праблемы ня вырашаныя. То бок, вырашаюцца першачарговыя задачы, а застаюцца доўгатэрміновыя. У працэсе сваіх дасьледаваньняў мы атрымліваем новыя зьвесткі, дадзеныя, якія ўпершыню ў сьвеце вывучаем. І свае ўяўленьні трэба пераглядаць. А радыяцыя ж на стагодзьдзі з намі застанецца. Будуць участкі, якія будуць дзясяткі, сотні тысячы гадоў небясьпечныя. А карыстацца трыбунай эўрапейскага, усясьветнага маштабу трэба. Мы павінны гаварыць пра тое, што ёсьць”.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка доўгі час займаўся чарнобыльскімі пытаньнямі і ведае праблему знутры, сам шмат езьдзіў у зону і атрымаў другую групу інваліднасьці.

(Нікітчанка: ) “Людзі як паміралі, так і паміраюць, як хварэлі, так і хварэюць. Ніякіх зрухаў няма. І ніякае МАГАТЭ, ніякая Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя нам не дапаможа, ня мае нават мэты нам дапамагчы. Ім важна нашы праблемы замаўчаць, каб людзі ня ведалі. Таму што гэта моцна б’е па іх бізнэсе. Яны не забясьпечылі абарону насельніцтва ад аварыі. І наступстваў пасьля форуму ня будзе ніякіх. Чаму? Таму што таварыш Лукашэнка заявіў: “Пачынаючы з 2001 году чарнобыльскай праблемы ўжо няма”. Вось і ўсё”.

Гл. таксама • З.Трафімчук: “Дзяржавы адказныя за сваіх пацярпелых” • У Вене адбываецца прадстаўнічая канфэрэнцыя на тэму Чарнобыля
XS
SM
MD
LG