Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэвалюцыянэр, як і злодзей, павінен сядзець у турме...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Арышт у Менску актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кмара” Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ стаў адным з найбольш гучных палітычных скандалаў апошняга часу. Іх затрымалі нібыта для праверкі дакумэнтаў, потым абвінавацілі ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы, а пазьней і ў хуліганстве, хоць гэтыя абвінавачаньні многія палітыкі і праваабаронцы лічаць неабгрунтаванымі. Як ацэньваюць гэтыя падзеі слухачы “Свабоды”? Вось які ліст даслаў нам Аркадзь Сьвістуноў з Магілёва:

“Навошта столькі шуму вакол гэтых грузінскіх рэвалюцыянэраў? Як яшчэ павінна была рэагаваць на засылку розных агентаў улада, якую спрабуюць зрынуць? Расейскія цары таксама саджалі рэвалюцыянэраў у турмы, высылалі ў ссылкі. Так што ні Севярынец, ні Статкевіч не павінны плакаць і стагнаць. Стаў рэвалюцыянэрам — дык цярпі і не стагні. Рэвалюцыянэр, як і злодзей, павінен сядзець у турме. Такая ў яго доля. Ніякія рэвалюцыі нам не патрэбны. І дарэмна Лукашэнка пакідае ў календары сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта толькі лішні напамін людзям пра тое, што любую ўладу пры жаданьні розныя там рэвалюцыянэры могуць скінуць і растаптаць. Сьвяткаваць тут няма чаго. Што аранжавая рэвалюцыя, што чырвоная — сутнасьць адна. Паглядзеў бы я, як рэагавалі б правіцелі ў вашых хвалёных Штатах (альбо Нямеччыне ці Францыі), калі б нехта ім рыхтаваў каляровую рэвалюцыю. Яны таксама не сядзелі б склаўшы рукі, а імгненна затаўклі б рэвалюцыянэраў у турму”.

А вы не задумваліся, спадар Сьвістуноў, чаму ў заходніх краінах з устойлівымі дэмакратычнымі інстытутамі ўжо даўно (у некаторых нават на працягу некалькіх стагодзьдзяў) людзі не выходзяць на вуліцы з патрабаваньнямі зьмены ўлады? Так, там ёсьць масавыя выступы з патрабаваньнямі спыніць вайну, падвысіць заробкі, абараніць правы нацыянальных меншасьцяў. Людзі праводзяць і страйкі, і маніфэстацыі — усё гэта там дазволена законам. Але ніхто не ідзе штурмаваць Белы дом, ці Бундэстаг, ці Элізэйскі палац, патрабуючы неадкладна зрынуць дзейную ўладу. Чаму? Адказ вельмі просты. Бо зьмяніць гэтую ўладу людзі могуць на наступных выбарах. Прычым, што надзвычай важна, выбары гэтыя будуць справядлівыя, празрыстыя, у выніку якіх большасьць грамадзянаў не сумняецца.

А вось там, дзе людзі пазбаўленыя такой магчымасьці, дзе правіцелі з дапамогай розных маніпуляцыяў засяроджваюць у сваіх руках неабмежаваную ўладу, пазбаўляюць людзей права на справядлівы выбар ды прэтэндуюць на пажыцьцёвае валадараньне — там і адбываюцца рэвалюцыі. І нават калі выкрасьліць з календароў і падручнікаў гісторыі любыя напаміны пра гэта — зьмена гэтых рэжымаў усё роўна непазьбежная. Бо адбываецца гэта не паводле прыхамаці некалькіх рэвалюцыянэраў, а паводле законаў грамадзкага разьвіцьця.

Наш даўні слухач Анатоль Жэрдзеў з Гомелю ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, як эўрапейская супольнасьць павінна ставіцца да падзеяў у Беларусі. Спадар Жэрдзеў спрабуе зірнуць на праблему з вышыні гісторыі:

“Толькі на першы погляд падзеі на ўсходніх межах Эўразьвязу могуць падацца лякальным канфліктам. Успомнім, хто зьнішчаў найлепшых людзей Польшчы і Беларусі ў 18—19 стагодзьдзях. Іх забівалі, саджалі ў турмы, высылалі на Поўнач і ў Сібір. Калі ж да ўлады прыйшлі “кухарчыны дзеці” — гэта значыць, неадукаваныя і прымітыўныя ўладары, то пачалі зноў з таго, што паслалі войскі на чале з Тухачэўскім, каб сваімі ботамі растаптаць свабоду і незалежнасьць. Гэта ім не ўдалося, і, раззлаваўшыся, яны адпомсьцілі ў Катыні, зьнішчыўшы дзясяткі тысяч найлепшых людзей, якія маглі б дапамагчы ў барацьбе з фашызмам. Сёньня такія ж палітыканы мараць памыць тыя боты ў Індыйскім акіяне.

З усіх заходніх палітыкаў толькі Кандаліза Райс добра разумее падтэкст гэтых падзеяў і іхных закулісных арганізатараў. Таму лічу, што ў Эўрапарляманце трэба разглядаць не лякальны канфлікт, а пытаньне аб тых палітыках, якія душаць свабоду і зьдзекуюцца са свабоды і нацыянальнай годнасьці людзей. Прыклады: лёс цэлых народаў, якія бальшавікамі былі высланы са сваёй зямлі. Пасьля распаду СССР ні немцам Паволжа, ні крымскім татарам так і не дазволілі аднавіць свае аўтаномныя рэспублікі. Такім чынам, павінна разглядацца пытаньне аб масавым парушэньні правоў чалавека, а не лякальны канфлікт”.

І Эўрапарлямант, і іншыя міжнародныя эўрапейскія арганізацыі маюць ня так шмат магчымасьцяў, спадар Жэрдзеў, каб разглядаць яшчэ і гістарычныя крыўды і прэтэнзіі народаў. Ім бы зь сёньняшнімі палітычнымі рэаліямі ды супярэчнасьцямі разабрацца. А ўжо калі заглыбляцца ў гісторыю, ды яшчэ ў мінулыя стагодзьдзі… Параўнайце палітычныя мапы эўрапейскага кантынэнту — цяперашнюю і, напрыклад, тую, што была на пачатку мінулага стагодзьдзя… Большай часткі сёньняшніх эўрапейскіх дзяржаваў сто год таму папросту не існавала. А пры вызначэньні дзяржаўных межаў амаль у кожнай новай краіны ўзьнікалі прэтэнзіі і крыўды. У мінулым стагодзьдзі гэта ня раз прыводзіла ня тое што да спрэчак — нават да ўзброеных канфліктаў на кантынэнце.

Фрагмэнт ліста Васіля Валошкі з пасёлка Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Слухач разважае пра тое, да чаго прывядзе прымусовае далучэньне адсталых калгасаў да пасьпяховых прамысловых прадпрыемстваў:

“Да такога нават бальшавікі ў свой час не дадумаліся. Калгас, па сутнасьці, становіцца падразьдзяленьнем заводу, і кіраваць ім ужо будзе дырэктар гэтага заводу — чалавек, як правіла, вельмі далёкі ад сельскай гаспадаркі. А што бывае, калі пячы пірагі бярэцца шавец — нават дзеці ведаюць. Каб падняць адсталы калгас, пачынаюць убухваць туды заводзкія грошы. Ад гэтага церпяць усе — і рабочыя заводу, у якіх зьніжаюцца заробкі, і спажыўцы прамысловай прадукцыі. Грошы ж зь неба ня падаюць: адсталы калгас павісае цяжарам на сабекошце прадукцыі. А не займацца калгасам дырэктар заводу ня можа: за гэта імгненна можна страціць пасаду.

Цікава: калі б у Галяндыі ці Швэцыі кіраўнік дзяржавы прымусіў які-небудзь канцэрн ці кампанію ўзяць на буксір адсталых фэрмэраў — што было б? Думаю, праз колькі дзён гэтага кіраўніка дзяржавы ўжо абсьледавалі б мэдыкі”.

Ніводзін фэрмэр у Заходняй Эўропе, спадар Валошка, не трымаўся б дзесяцігодзьдзямі за сваю зямлю і гаспадарку, калі б увесь гэты час яна прыносіла толькі страты. Банкруцтва ў рынкавай эканоміцы — звыклая справа. Збанкрутавала фэрма — значыць, гаспадар вымушаны яе прадаць. А новы гаспадар павінен будзе ўлічыць няўдалы досьвед папярэдніка і абнавіць тэхніку альбо зьмяніць вытворчы кірунак фэрмы так, каб яна больш адпавядала патрэбам рынку і была эканамічна прыбытковай.

Прымусовае шэфства над адсталымі калгасамі — вынаходзтва камуністычнага рэжыму. Прэзыдэнт Лукашэнка тут не прыдумаў нічога новага — ён толькі, так бы мовіць, “творча пераасэнсаваў” досьвед сваіх папярэднікаў.

Урывак зь ліста Віктара Буто зь Менску:

“Добра, што ў вашай перадачы зьявіўся канкурэнт — расейскамоўная “Нямецкая хваля”. Вунь як захваляваліся беларускамоўныя — спрабуюць не дапусьціць яе зьяўленьня. А яна ж неабходная для аб’яднаньня ўсіх расейскамоўных, якіх у Беларусі — большасьць. І чаму гэтага ўпарта ня хочуць заўважаць тыя, хто так упарта адстойвае беларускую мову? Хто ў нас карыстаецца беларускай мовай? Былыя чыноўнікі, былыя дэпутаты, якія чапляюцца да расейскамоўных, спрабуюць прымусіць іх пісаць і размаўляць па-беларуску. А ў выніку толькі адштурхоўваюць людзей ад сябе. І ўсе галасуюць за расейскамоўных, бо баяцца паўтарэньня беларусізацыі, якая стала б яшчэ адной дадатковай праблемай, якіх у людзей і без таго хапае. І галоўная праблема — ігнараваньне законаў на ўсіх узроўнях”.

І дзе гэта вы, спадар Буто, бачылі чыноўнікаў, якія б прымушалі гаварыць і пісаць па-беларуску. Не прыпомню, каб такія былі нават на пачатку 1990-х гадоў, калі фармальна ажыцьцяўлялася палітыка беларусізацыі. У сваіх лістах вы часта апэлюеце да заканадаўства, наракаеце на тое, што ўсе беды беларусаў — з тае прычыны, што законаў ня хочуць выконваць. Але тым жа заканадаўствам замацаваны аднолькавы дзяржаўны статус беларускай і расейскай моваў. Дык чаму тады ў дзяржаўных установах адмаўляюцца прымаць у людзей заявы па-беларуску? Чаму ў дзяржаўных унівэрсытэтах нельга атрымаць адукацыю па-беларуску? Чаму на дзяржаўным тэлеканале немагчыма паглядзець фільм па-беларуску? І як на ўсё гэта павінны рэагаваць людзі, якіх трывожыць будучыня беларускай мовы?

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл зь Менску і Валянцін Цішко з Маладэчна. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG