Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкам у справе за палітычныя флэш-мультфільмы аддалі пашпарты


Любоў Лунёва, Менск Праграмісту Алегу Мінічу і ягонай жонцы Галіне сьледчы гарадзенскага КДБ вярнуў пашпарты, згодна з рашэньнем менскай пракуратуры. 16 жніўня менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для яе сталі флэш-мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”. У трох чалавек — менчукоў Андрэя Абозава, Паўла Марозава, і гарадзенца Алега Мініча — супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, забралі больш за дзясятак кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. У Алега Мініча і ягонай жонкі забралі пашпарты. У крымінальнай справе ўсе праходзяць як сьведкі.

Алег Мініч і ягоная жонка Галіна на працягу двух тыдняў намагаліся вярнуць свае пашпарты, якія ў іх забраў сьледчы гарадзенскага КДБ Алег Варанецкі. Спачатку з кватэры Алега ў КДБ адвезьлі ягоныя кампутар, сканэр, манітор, усе кампакт-дыскі і пакеты графічных праграмаў. Потым сьледчы выклікаў у кабінэт Алега і Галіну і ўзяў іх пашпарты — нібыта дзеля таго, каб унесьці зьвесткі ў кампутар, але насамрэч пакінуў іх у сябе.

Скаргу на дзеяньні сьледчага КДБ разглядаў Віктар Шабан, кіраўнік сьледчай групы. Ён забавязаў сьледчага вярнуць пашпарты. Алег Мініч лічыць, што сапраўдныя прычыны такога рашэньня ня ў тым, што пракуратура вырашыла дзейнічаць згодна з заканадаўствам, але ўплыў міжнароднай грамадзкасьці.

(Мініч: ) “Лічу, што на менскую пракуратуру паўплываў грамадзкі рэзананс і грамадзкая думка. У маю абарону выступіла праваабарончая арганізацыя мультыплікатараў і карыкатурыстаў. Магчыма, падзейнічала пагроза зь іх боку ўзяцца за алоўкі, пэндзлі і працягнуць справу стварэньня мультфільмаў пра палітыку ў Беларусі. А ў нас палітычная сытуацыя — самі ведаеце… Улады вырашылі, што лепш аддаць пашпарты. Як справа будзе разьвівацца далей, невядома. Спадзяюся, што палітычная сатыра ня будзе карацца законам. Я праграміст, і мяне па сутнасьці пазбавілі сродкаў вытворчасьці. Буду намагацца вярнуць свой кампутар”.

Алег Мініч упэўнены, што супрацоўнікам КДБ тэхніка не дапаможа знайсьці неабходных доказаў. Ён абураецца, што дагэтуль яму не вярнулі нават навушнікаў.

Кіраўнік сьледчай групы Віктар Шабан паведаміў, што тэхніка будзе знаходзіцца ў КДБ. Пытаньне, калі яе вяртаць уладальнікам, не разглядалася.

(Шабан: ) “Цяжка сказаць, што будзе з гэтымі кампутарамі. Вядзецца сьледзтва. Рашэньне будзе прынятае”.

Сябра “Трэцяга шляху” Павал Марозаў будзе намагацца вярнуць сваю маёмасьць.

(Марозаў: ) “Я вельмі рады, што справа з пашпартамі вырашылася, што перамог здаровы сэнс. Наступным крокам я бачу вяртаньне ўсіх нашых кампутараў, таму што большая частка гэтых кампутараў належыць нашым сябрам і да справы ніякага дачыненьня ня мае. Нашы кампутары таксама сьледзтву не дапамогуць, бо на іх у асноўным вучэбныя матэрыялы. Ёсьць, канечне, небясьпека, што гэтыя кампутары могуць быць канфіскаваныя, але я лічу, што не такім чынам мусіць папаўняцца бюджэт праваахоўчых органаў”.

Згодна з Крымінальным кодэксам, тэхніку могуць канфіскаваць, калі ў судзе будзе даказаная віна ўладальнікаў. Але дагэтуль у справе няма ні падазраваных, ні абвінавачаных.
XS
SM
MD
LG