Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе АЭС у Беларусі?


Ігар Карней, Менск Згодна з канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі, да 2010 году ў Беларусі застаецца магчымасьць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Як мяркуюць распрацоўнікі дакумэнта, зацьверджанага ўказам прэзыдэнта, будаўніцтва АЭС дазволіць падвысіць энэргетычную незалежнасьць краіны. Праціўнікі такой ідэі нагадваюць пра сумны досьвед аварыяў на АЭС, сьмяротныя наступствы якіх адчуваюць многія пакаленьні.

У шэрагу прыхільнікаў будаўніцтва АЭС — дзяржаўны куратар гэтай ідэі, першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец. Паводле чыноўніка, тое, што Беларусь амаль цалкам залежыць ад Расеі ў пастаўках энэрганосьбітаў — “ненармальная зьява”. А ўласная АЭС, якая выкарыстоўвала б таннае ядзернае паліва, цалкам вырашыла б праблему. Кіраўнік Навукова-дасьледчага інстытуту ядзерных праблемаў Уладзімер Барышэўскі падтрымлівае гэтую ідэю і перакананы: без выкарыстаньня атамнай энэргіі чалавецтва паступова зьнікне.

(Барышэўскі: ) “Маё меркаваньне такое: чалавечая цывілізацыя бязь ядзернай энэргетыкі вымра. Таму далей пачынаюцца эканамічныя ды іншыя пытаньні”.

(Карэспандэнт: ) “У тым ліку, і пытаньні маральнага кшталту…”.

(Барышэўскі: ) “Ды не, чаму? Тая вытворчая дзейнасьць, тое, што ідзе на карысьць чалавецтва, — усё маральна. Проста трэба ўмець гэтым карыстацца”.

(Карэспандэнт: ) “Але зноў нельга не згадаць досьвед Чарнобылю…”

(Барышэўскі: ) “А пры чым тут Чарнобыль? Вы прабачце, што я досыць рэзка адказваю. Калі прыходзяць нейкія людзі-“папуасы”, якія адну за адной здымаюць дзевяць сыстэмаў абароны, то пра што можна казаць ўвогуле?”

Кіраўнік Антыядзернага камітэту, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ўладзімер Парфяновіч перакананы: нават размовы пра падобныя праекты трэба лічыць злачыннымі. Краіна, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай трагедыі, мусіць накласьці забарону на ідэю будаўніцтва АЭС.

(Парфяновіч: ) “Справа нават ня столькі ў Чарнобылі, колькі ў тых нэгатыўных працэсах, якія непазьбежна будуць за заявамі аб будаўніцтве АЭС. Ніхто цяпер ня ведае, што насамрэч чакае беларускі народ. Таму я заклікаю адмовіцца ад ідэі будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі”.

Дырэктар НДІ ядзерных праблемаў Уладзімер Барышэўскі, у сваю чаргу, лічыць, што правакаваньне “чарнобыльскага псыхозу” неапраўданае ў сучасным сьвеце. На думку навукоўца, “дылетанты і прэса” мусяць узяць на сябе значную долю адказнасьці за стварэньне вобразу “атама-забойцы”.

(Барышэўскі: ) “Усё, што тычыцца Чарнобылю, дык толькі людзей напалохалі. І прэса, шчыра кажучы, у гэтым вызначылася найперш. Прэса супэрвінаватая ў хваробах людзей. Натоўп “завёўся”, а спыніць яго ўжо немагчыма”.

За колькі часу можна пабудаваць АЭС? І ці рэальна ва ўмовах Беларусі ўкласьціся ў тэрмін да 2010 году? Гаворыць Уладзімер Барышэўскі:

(Барышэўскі: ) “Пытаньне нават не да мяне, а да краіны, якая будзе будаваць: да Расеі, да Бэльгіі — я ж ня ведаю, хто канкрэтна можа будаваць. Ня мы ж будзем гэта рабіць. Ці вы, можа, думалі, што беларуская прамысловасьць возьмецца будаваць АЭС? Раней будавалі доўга, бо гэта былі першыя АЭС. Але ўвогуле ўсё залежыць ад грошай, ад замовы. Ірану атамную электрастанцыю будуюць колькі ўжо гадоў! Таму пытаньне ня толькі эканамічнае, тут і праблема падрыхтоўкі кадраў і г.д. Але маё меркаваньне, што гэта прасоўвае ўсе дзяржавы наперад, адназначнае. А вось калі будаваць — пытаньне куды больш складанае, чым вузка прафэсійнае”.

Ці азначае гэта, што пляны наконт будаўніцтва АЭС могуць усё ж рэалізавацца? Як ляканічна адказаў спадар Барышэўскі, любая тэорыя можа стаць рэальнасьцю. Аднак, пакуль няма адпаведнай прэзыдэнцкай дырэктывы, вывучэньне магчымасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі можа заняць некалькі гадоў. Але і ў гэтым выпадку асноўным будзе пытаньне фінансаваньня: хто дасьць крэдыты на будаўніцтва АЭС з улікам таго, што падобныя праекты каштуюць мільярды даляраў?

Варта нагадаць, што ў 1988 годзе савецкае кіраўніцтва абвясьціла пра намер будаўніцтва АЭС у Віцебскай вобласьці. Аднак намаганьнямі грамадзкасьці гэтыя пляны былі сарваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG