Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене адбываецца прадстаўнічая канфэрэнцыя на тэму Чарнобыля


Алена Панкратава, Менск У Вене ў рамках міжнароднай канфэрэнцыі ”Чарнобыль: спадчына і шлях наперад” пачалося абмеркаваньне дакладу, прысьвечанага медычным, экалягічным і сацыяльна-эканамічным наступствам чарнобыльскай катастрофы. Арганізатар канферэцыі - міжнароднае аб’яднаньне Чарнобыльскі форум, у які ўваходзяць прадстаўнікі васьмі ААНаўскіх агенцыяў, уключна з МАГАТЭ, Усясьветнай арганізацыяй аховы здароўя, ПРАААН ды прадстаўнікі ўрадаў трох пацярпелых ад аварыі краінаў – Беларусі, Украіны, Расеі.

Найбольшая ўвага журналістаў сёньня прыкаваная да выступаў – генэральнага дырэктара МАГАТЭ Эль Барадэя, міністра па надзвычайных сытуацыях Расеі Сяргея Шойгу, старшыні беларускага Дзяржкамчарнобыля Уладзіміра Цалкі (Раней плянавалася, што афіцыйную пазыцыю Беларусі па чарнобыльскай тэматыцы ў Вене агучыць намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Дражын, але зь невядомых прычынаў ён не прыехаў на форум).

Як лічаць венскія назіральнікі, падрыхтаваная адмыслова да канфэрэнцыі 600-старонкавая справаздача, аўтары якой 100 навукоўцаў і экспэрта-практыкаў, ёсьць рэвалюцыйным дакумэнтам і сапраўдным ключом да тых пытаньняў, якія амаль 20 год заставаліся без адказу.

У дакладзе выкрываецца характар чарнобыльскіх захворваньняў, аналізуюцца прычыны сьмяротнасьці ў рэгіёнах, даюцца канкрэтныя рэкамэндацыі ўрадам і мясцовым арганізацыям. Шэраг аўтараў выказваюць меркаваньне, што многія, ў тым ліку, мэдычныя праблемы забруджаных рэгіёнаў выкліканыя не радыяцыяй, а нізкім ўзроўнем жыцьця людзей і стрэсам. Некаторыя заходнія навукоўцы называюць гэты стан “паралізуючым фаталізмам”, калі людзі пачынаюць верыць ў нізкую працягласьць свайго жыцьця і не дэманструюць аніякай сацыяльнай ініцыятывы. Менавіта гэтыя меркаваньні выклікалі сёньня найбольшую дыскусію сярод удзельнікаў канфэрэнцыі.

Дададзім, што ад Беларусі Чарнобыльскі форум прадстаўляюць таксама кіраўніца аанаўскай праграмы CORE Зоя Трафімчук, жыхары чарнобыльскай зоны, прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных структураў. Пра хаду дыскусіяў у Вене мы будзем інфармаваць вас ў нашых інфармацыйных радыёпраграмах.

Гл. таксама • У Вене на Чарнобыльскім форуме абмяркоўваюць даклад “Спадчына Чарнобылю: мэдычныя, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы” • З.Трафімчук: “Дзяржавы адказныя за сваіх пацярпелых”
XS
SM
MD
LG