Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папулярнасьць Дональда Туска ў Польшчы імкліва расьце


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Віцэ-сьпікер польскага Сэйму і кандыдат на пасаду прэзыдэнта Дональд Туск, які наведваў ў мінулым месяцы Беларусь, каб выказаць падтрымку актывістам СПБ на чале з Анжалікай Борыс, выйшаў на першае месца ў прэзыдэнцкай гонцы, значна абагнаўшы канкурэнтаў.

Паводле апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, Дональда Туска падтрымлівае 41% выбаршчыкаў, гэта прыкладна ўдвая больш, чым ягоных бліжэйшых канкурэнтаў – мэра Варшавы Леха Качыньскага і цяперашняга сьпікера Сэйму Уладзімежа Цімашэвіча. Папулярнасьць Туска цягам 6 тыдняў узрасла амаль ў 5 разоў.

Палітолягі лічаць, што віцэ-сьпікеру і лідэру партыі “Грамадзянская плятформа” дапамагла падтрымка вядомага кардыёлага Збігнева Рэлігі, які адмовіўся ад ўдзелу ў выбарах на карысьць Дональда Туска, а таксама заява Леха Валэнсы, які назваў Туска найлепшым кандыдатам.

Варта адзначыць, што “Грамадзянская плятформа” займае вельмі актыўную пазыцыю што да беларускіх справаў – дэпутаты Эўрапарлямэнту ад гэтай партыі ініцыявалі шэраг заяваў парлямэнту ў гэтай справе, а сам Дональд Туск у часе канфлікту вакол Саюзу палякаў наведаў Гарадзеншчыну. Паводле ягоных словаў, сытуацыя ў Беларусі нагадвае найгоршыя часы ваеннага становішча ў Польшчы:

(Туск: ) “Там не спыняецца псыхічны тэрор і націск на актывістаў Саюзу палякаў. Іх запалохваюць, прычым вельмі жорстка”.

Дональд Туск кажа пра неабходнасьць як мага больш актыўнага ўдзелу міжнародных арганізацыяў у вырашэньні праблемаў парушэньняў правоў чалавека і нацыянальных меньшасцяў у Беларусі, а таксама заклікае да больш рашучых захадаў польскія ўлады.

(Туск: ) “У Польшчы ёсьць такія палітыкі, якія кажуць, што ў Беларусі нічога асаблівага не адбываецца, што лепш палагодзіць сытуацыю. Гэта памылка, бо натуральна, што такія паводзіны толькі заахвочваюць тых, хто штодзённа парушае грамадзянскія правы”. На здымку: Дональд Туск побач з Анжалікай Борыс падчас наведаньня Гародні.
XS
SM
MD
LG