Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў энцыкляпэдычны даведнік “Грыбы і грыбная кулінарыя”


Іна Студзінская, Менск У Беларусі выдадзены ўнікальны энцыкляпэдычны даведнік “Грыбы і грыбная кулінарыя”. Аўтары – кандыдат біялягічных навук Галіна Сяржаніна і кандыдат філялягічных навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Іван Яшкін.

Гэта сур’ёзнае навукова-папулярнае выданьне аб’ёмам 400 старонак утрымлівае 270 каляровых ілюстрацыяў грыбоў і 23 мапы – пашырэньня грыбоў, мапы радыяцыйнага забруджваньня. Шыкоўная паліграфія. Кнігу выдала “Беларуская асацыяцыя куінараў”. Аўтары-дасьледнікі – адзін біёляг, другі – філёляг, па 40 гадоў жыцьця аддалі вывучэньню грыбоў, таму ў кнізе сабрана ўсё: асновы навукі пра грыбы – мікалёгіі, апісаньні грыбоў, назвы на лаціне, па-расейску, па-беларуску, фальклёр, рэцэпты грыбных страваў. Распавядае адзін з укладальнікаў энцыкляпэдычнага даведніку “Грыбы і грыбная кулінарыя” Іван Яшкін.

(Яшкін: ) “Галіна Іванаўна Сяржаніна – па сваёй мікалягічнай частцы – пабудова грыбоў, клясыфікацыю іх, упарадкаваную, унармаваную тэрміналёгію навуковую зрабіла. Яна і кулінар добры. Нам проста пашанцавала – сустрэцца з такім чалавекам. Я са свайго боку прэзэнтаваў народныя назвы, найменьні грыбоў. 35 гадоў даводзілася зьбіраць рэцэпты, запісаныя з вуснаў гаспадынь… Адным словам, матэрыял дакумэнтаваны, зь першых крыніц. Такога фундамэнтальнага дасьледаваньня яшчэ не было”.

Здаецца, ня так багата грыбоў расьце ў Беларусі, проста называюцца яны ў розных мясьцінах па-рознаму. Да прыкладу, ёсьць такі грыб, які ў розных мясцовасьцях Беларусі называюць “капыт”, “капыл”, па-расейску гэта “свинушка”.

(Яшкін: ) “У народных назвах, канешне, адлюстравалася спэцыфіка, якасьць зямлі і расьліннасьці, сумеснае жыцьцё грыбоў і лесу. Баравік (Boletus edulis на лаціне), па-руску “белый гриб”. Мы стараліся па ўсіх абласьцях, дзе былі, зафіксаваць, як гэты грыб называецца: маявік, траецкі грыб, жытнік, проста баравік. На Берасьцейшчыне і Гарадзеншчыне – шчыры грыб, шчыры баравік. На Палесьсі – проста грыб, а ўсе астатнія – казьлякі, на Гомельшчыне – дабракі. Баравік, дзякуючы Адаму Міцкевічу, паэме “Дзяды”, зафіксаваўся ў польскай, літоўскай мове і зрабіўся тэрмінам”.

Кніга сапраўды ўнікальная. Я даволі даўно ведаю Івана Яшкіна. Калі ён працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук, шмат езьдзіў у фальклёрныя экспэдыцыі і зьбіраў рэцэпты. Гадоў дзесяць таму Іван Яшкін выдаў невялічкую кніжку “Грыбы ў нацыянальнай беларускай кухні”, якая разыйшлася імгненна. Апошнім часам у Менску адкрылася нямала рэстаранаў беларускай кухні – страўні “Стары горад”, “Камяніца”, “Талака”, і даволі маладыя кухары вельмі цікавяцца менавіта адмысловымі беларускімі стравамі. Таму аўтары зьмясьцілі шмат арыгінальных рэцэптаў, і ня толькі беларускіх.

(Яшкін: ) “Галіна Іванаўна адабрала і з міжнароднай грыбной кухні самыя лепшыя…”

(Карэспандэнтка: ) “Карацей, тут і беларускія самыя лепшыя, і замежныя, можна сказаць, што з усяго сьвету…”

(Яшкін: ) “Даведнік у гэтых адносінах сапраўды ўнікальны. Праўда, адзін рэцэпт не ўвайшоў: надраць бульбы, і столькі ж на мясарубку прапусьціць баравікоў. І тады перамяшаць і запячы з салам у такую бабку. Смаката!”

(Карэспандэнтка: ) “І ўсё ж такі, грыбы – гэта ў некаторай ступені небясьпека. Ня ўсе ўмеюць адрозьніваць ядомыя і неядомыя, ня ўсе ўмеюць гатаваць. Вашы парады, каб не атрымаць атручваньня”.

(Яшкін: ) “Некаторымі грыбамі нельга закусваць гарэлку або віно. Навозьнікам, да прыкладу. І яшчэ: ёсьць “залатое правіла”: ня ведаеш – не бяры”.

Замовіць кнігу можна па тэлефоне ў Менску 227-76-58.
XS
SM
MD
LG