Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскі форум – працяг прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску пачынае працу Першы беларуска-расейскі эканамічны форум. Эканаміст Яраслаў Раманчук, лічыць, што гэты форум “працяг прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі”. Таксама на сёньняшні дзень заплянаванае паседжаньне Савету Міністраў так званай “саюзнай дзяржавы”.

Ініцыявалі форум чыноўнікі Пастаяннага камітэту саюзнай дзяржавы. Паводле яго прадстаўніка, намесьніка дзяржсакратара Валеры Дразда, на яго правядзеньне з саюзнага бюджэту выдаткавана 4 мільёны расейскіх рублёў. Мерапрыемства абяцае быць масавым. Агульная колькасьць удзельнікаў і гасьцей – 1980 чалавек. Ад Беларусі заяўлена 208. Прадстаўнічай чакаецца дэлегацыя Расеі. Узначаліць яе прэм’ер Міхаіл Фрадкоў, а ўсяго з Масквы і іншых рэгіёнаў Расеі прыбудзе каля 800 асобаў. Астатнія госьці – прадстаўнікі замежжа. Вось што пра гэта паведаміў спадар Дрозд:

(Дрозд: ) “Няпросты форум. Няпростая задача была арганізаваць прыезд сюды расейцаў. Натхніць іх на гэты прыезд. Але ўсё атрымалася. Яны едуць сюды з задавальненьнем. Актыўна. Усе патрабуюць выступіць. На пленарным паседжаньні, як я мяркую, будзе разглядацца стратэгія – стратэгія ўзаемадачыненьняў”.

Як лічаць беларускія экспэрты, у гэтым форуме найперш зацікаўлены афіцыйны Менск. Зь імі нельга не пагадзіцца. Рэч у тым, што падрыхтоўку форуму кантраляваў пэрсанальна прэзыдэнт. Дарэчы, паводле апошніх зьвестак, Лукашэнка зьбіраецца прысутнічаць сёньня на адкрыцьці форуму, нягледзячы на тое, што расейскага лідэра Уладзіміра Пуціна на ім ня будзе. Кіраўнік навуковага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук так пракамэнтаваў сёньняшнюю падзею:

(Раманчук: ) “Гэта мабілізацыя бізнэс-рэсурсу Расеі для падтрымкі той стратэгіі інтэграцыі, якую абраў беларускі прэзыдэнт. Гэта спроба зрабіць добры твар пры вельмі кепскай гульні паміж нашымі краінамі. Гэта піяр, на які запрошаны алігархі і буйны бізнэс, які абслугоўвае таварныя, фінансавыя і рэсурсныя патокі паміж нашымі краінамі. І гэта таксама працяг кампаніі спадара Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. І, безумоўна, ціск на Крэмль, каб паказаць яму, што ў нашых стасунках усё добра і няма патрэбы нічога мяняць. Так я бачу гэты форум”.

Дарэчы, расейскія экспэрты таксама лічаць, што ў правядзеньні форуму большае зацікаўленьне мае беларуская кіраўнічая эліта. Паводле іх, ранейшыя мэтады нарошчваньня Беларусьсю гандлёвага таваразвароту з Расеяй праз сваю амбасаду ў Маскве не спрацоўваюць. Таму беларускі бок разьлічвае, што форум дапаможа актывізаваць двухбаковы гандаль. У прыватнасьці, так лічыць кіраўнік аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандр Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Гаспадарчы комплекс Беларусі зацікаўлены перш за ўсё ў пастаўках па ільготных цэнах энэргарэсурсаў. З другога боку, беларуская эканоміка зацікаўлена ў вялізным расейскім рынку. У апошні час ён скарачаецца для беларускіх вытворцаў. І гэта ня можа не хваляваць беларускі бок”.

Сёньня адначасова з пачаткам эканамічнага форуму чакаецца паседжаньне Савету Міністраў “саюзнай дзяржавы” з удзелам расейскага і беларускага прэм’ер-міністраў Міхаіла Фрадкова і Сяргея Сідорскага. На паседжаньні мяркуецца разгледзець больш за два дзясяткі пытаньняў. У тым ліку эканамічны блёк, што, паводле намесьніка дзяржсакратара Валерыя Дразда, сьведчыць пра высокі ўзровень беларуска-расейскіх ўзаемадачыненьняў у эканамічнай сфэры. А вось якім меркаваньнем наконт узроўню інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў падзяліўся Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Эканамічнай інтэграцыі няма. Ёсьць падставы для таго, каб казаць, што мае месца эканамічная дэзінтэграцыя. Гэта прызнаюць як расейскія, так і беларускія экспэрты. Няма зоны вольнага гандлю, ня кажучы пра нейкую мытную прастору. Ёсьць дзясяткі прыкладаў таго, як беларускі бок уводзіць жорсткія абмежаваньні на расейскія тавары і паслугі на расейскім рынку. Беларускі рэальны сэктар таксама губляе пазыцыі на расейскім рынку. Такім чынам, няма інвэстыцыяў. Няма створаных расейскім капіталам у нашай краіне і беларускім капіталам у Расеі буйных прадпрыемстваў. Такім чынам, гэта ўсё падобна на інтэграцыю алігархаў і дзяржаўнага бізнэсу, якіх апякаюць чыноўнікі высокага рангу, а не на нармальную інтэграцыю звычайных людзей, якая ва ўсіх іншых частках сьвету зьяўляецца рухавіком эканамічнага разьвіцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG