Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына заяўляе аб пашырэньні правоў ЦВК


Вячаслаў Кулік, Менск Старшыня Цэнтральнай выбарчай кампаніі Лідзія Ярмошына паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода пра новыя магчымасьці кантролю за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, Цэнтарвыбаркам актыўна вядзе падрыхтоўку да выбарчай кампаніі 2006 году.

(Ярмошына: ) “Тое, што мы зрабілі каштарыс – гэта ўжо падрыхтоўка да выбараў. Тое, што сядзім і разьлічваем патрэбу ў блянках – таксама. Распрацоўваем формы дакумэнтаў і гэтак далей”.

Лідзія Ярмошына ізноў нагадала, што прэзыдэнцкія выбары будуць каштаваць 17 мільёнаў даляраў. Крайні тэрмін галасаваньня – 16 ліпеня 2006 году. Спадарыня Ярмошына заявіла, што пры рэгістрацыі прэтэндэнтаў у кандыдаты зьявіліся дадатковыя магчымасьці ўзмацніць кантроль. “Цэнтрвыбаркам зараз будзе кіравацца указам прэзыдэнта аб забароне выкарыстоўваць тэхнічную дапамогу з-за мяжы”, - паведаміла Лідзія Ярмошына.

(Ярмошына: ) “Калі кандыдат будзе выкарыстоўваць якія-небудзь незаконныя сродкі або падкупляць выбаршчыкаў падчас выбарчай кампаніі, то ЦВК разгледзіць пытаньне пры рэгістрацыі і можа адмовіць у рэгістрацыі”.

Цяпер правы Цэнтральнай выбарчай камісіі дастаткова шырокія ў гэтым пляне?

(Ярмошына: ) “Так”.

Паводле ўказу Лукашэнкі, тэхнічная дапамога з-за мяжы ня можа выкарыстоўвацца на выраб і распаўсюджваньне агітацыйных матэрыялаў, арганізацыю мітынгаў, правядзеньне палітычнай і масавай работы сярод насельніцтва. Перакрываць каналы інвэстыцыяў для беларускай апазыцыі павінны сілавыя структуры і тайная агентура. Цэнтральная выбарчая камісія ў сьпісе выведнікаў ня значыцца. Між тым, заяву Ярмошынай адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Станіслаў Шушкевіч камэнтуе наступным чынам.

(Шушкевіч: ) “Што можа Ярмошына гаварыць? Яна можа сьпяваць дытырамбы прэзыдэнту і выконваць загады. Што да тэхнічнай дапамогі, то я хацеў бы ведаць, што гэта такое і калі яе хто аказваў? Што, подпісы будуць дапамагаць зьбіраць кандыдатам? Я мяркую, што гэта чарговая прыдумка, каб рабіць нейкія перашкоды. Але гэта паказвае яшчэ што? Абсалютна адназначна: Ярмошына і яе карміцелі разумеюць, што паўстае магутная аб''яднаная палітычная сіла. Гэта ня толькі палітычныя партыі, але і непалітычныя структуры. Многія зь іх зачыненыя ўладай, але яны ёсьць. Яны раяцца разам і супрацьстаяць гэтаму цемрашальству. І вось трэба рабіць нейкія перашкоды. Яны ўсімі сіламі забараняюць. Яны цяпер у стане амаль агоніі”.

Сказаў Станіслаў Шушкевіч. Старшыня апякунскай рады рэгіянальнага руху “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў таксама лічыць, што ўказ пра забарону тэхнічнай дапамогі можа выбіць з выбарчай гонкі любога кандыдата.

(Лявонаў: ) “Гэта яшчэ адна зачэпка. Я дастаў свае грошы ці чужыя... Альбо нават за кошт беларускай улады выпусьціць нейкія ўлёткі і сказаць, што гэтыя ўлёткі вырабленыя на заходнія грошы. Альбо любую іншую правакацыю ўтварыць і спасылацца на тое, што гэта грошы заходнія. Наагул, дэманструецца ўсяму сьвету гэты прынцып: “Што хочам, тое і робім!” Ніякіх падставаў ім ня трэба, мы ведаем, што могуць змахляваць, склікаць суд, вынесьці нейкае рашэньне. Улада дэманструе неабмежаваную нахабнасьць”.

Васіль Лявонаў кажа, што ўлада імкнецца абмежаваць доступ апазыцыйных палітыкаў на поле барацьбы за вышэйшую пасаду. “За “хіміяй” Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца пойдуць яшчэ больш жорсткія карныя меры”, -- папярэджвае палітык.

(Лявонаў: ) “Пасьля нейкіх людзей павядуць і пасадзяць за краты. Гэта непазьбежна. Дабяруцца. Ніякіх сумневаў не павінна быць”.
XS
SM
MD
LG