Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вырасла сёлета на сотках славутай Лысай гары?


Ігар Карней, Менск Як і па ўсёй краіне, на адным з самых вядомых дачных каапэратываў, што праславіўся дзякуючы прывіднаму Ведзьмаку Лысагорскаму і паэме “Лысая гара”, ідзе бітва за ўраджай. З чатырох сотак лепшыя прадстаўнікі беларускай літаратуры чэрпаюць ня толькі натхненьне, але і запасы дзеля фізычнага існаваньня.

Умоўная “дэмаркацыйная лінія” падзяляе ўслаўленую ня то Нілам Гілевічам, ня то Міколам Аўрамчыкам Лысую гару на два каапэрытывы “Узгор’е” – першае і другое. У першым жывуць рэдкія ўжо клясыкі паваеннай літаратуры, якія атрымалі сьціплыя надзелы яшчэ ў пачатку 60-х; “Узгор’е-2” праз дваццаць гадоў пасьля таго аддалі пад забудову маладзейшаму пакаленьню. Пра гэта, спрытна працуючы рыдлёўкай, апавядае пісьменьнік Генрых Далідовіч, жыхар “Узгор’я-2”.

(Далідовіч: ) “Тут даволі вялікі масіў дачны. Суседзі нашы – супрацоўнікі Міністэрства сувязі. Каля тых, хто трапіў у паэму “Лысая гара”, побач пасялілі пэдагогаў, работнікаў выдавецтваў і розных міністэрстваў. Таму гэты раён у поўным сэнсе можна назваць дачным. Побач - вёсачка Малая Валоўшчына, крыху далей – Вялікая Валоўшчына, вайсковае стрэльбішча. А самі лецішчы пачалі будаваць у 60-я гады, быў тады сапраўдны бум, попыт на лецішчы. Ну, і дзяржава вырашыла: каб вы меней на сходах выступалі, дык лепей корпайцеся ў зямлі, перацірайце гэтыя камякі”.

Шчыра кажучы, блукаў я па абодвух “узгор’ях”, а людзей, якія ў так званай позе “зю” рыюць зямлю ў пошуках багатага ўраджаю, амаль ня бачыў – мабыць, насамрэч дзялянкі, выдаткаваныя савецкай уладай, аказаліся проста мізэрэнымі... Пісьменьнік Іван Стадольнік пасьля некалькіх складаных апэрацыяў фізычна ня здольны пералапачваць зямлю, таму некалькі каліваў капусты ўвесну кінуў проста каля парога. Кажа – няхай хоць чарвякам радасьць будзе. Гэтым разам Стадольнік прыехаў па ігрушы, але тыя яшчэ зялёныя, вось ён і узрадаваўся магчымасьці паразважаць пра пэрспэктывы сапраўднай Лысай гары і “Ўзгор’я-2”, якое, падаецца, урэшце таксама “прымазалася” да той славы.



(Стадольнік: ) “Зь пісьменьнікаў толькі Зуёнак там, на Лысай гары, і Вярцінскі. І ўсё. Вельмі шмат прадаюць, саміх пісьменьнікаў усё меней…”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму прадаюць?”.

(Стадольнік: ) “Старыя пісьменьнікі паміраюць, а дзеці ўжо ня хочуць капацца тут, у іх ужо іншыя інтарэсы. Канечне, сумна. Бо купляе ўсялякае хам’ё, хто грошы мае. А культуры – ніякай. Хоць старшыня ў нас вельмі прыстойны: паставіў кантэйнэры, каб сьмецьце не раскідвалі. А гэтыя людзі ўжо жывуць паасобку, самі па сабе. І я лічу, што яны набылі гэта толькі дзеля зямлі. А потым зьнясуць усё бульдозэрам, паставяць свае дамы. А можа і нічога не паставяць. Зямля ёсьць зямля. Якуб Колас геніяльна напісаў у “Новай зямлі”: ”Зямля – гэта свабода, зямля – гэта карміліца, зямля – гэта мараль. Яна чалавека робіць чалавекам, зямля”.

Іду да “старажыла” Лысай гары, Васіля Зуёнка. Як і казаў спадар Стадольнік, Зуёнак - адзіны, хто можа назваць сябе карэнным жыхаром, бо той самы Анатоль Вярцінскі пасяліўся тут крыху пазьней. Як аксакал, Зуёнак апэлюе не да відаў на ўраджай, а да больш высокіх матэрыяў:



(Зуёнак: ) “Для мяне Лысая гара стала ў нейкім сэнсе другой радзімай. Таму што я тут ужо амаль чатыры дзясяткі гадоў. Дарэчы, вось на гэтай лавачцы, на якой мы сядзім, напісанае тое, што для мяне, можа быць, самае галоўнае – паэма “Маўчаньне травы”.

(Карэспандэнт: ) “Вось так, проста на вуліцы?”.

(Зуёнак: ) “Якраз дзе вы цяпер седзіцё… Хатка, праўда, была яшчэ не абкладзеная цэглай, а звычайная, стандартная, бо тады ж лішку не дазвалялі – толькі тры на пяць мэтраў і не вышэй, па-мойму, за тры мэтры. А краявід быў абсалютна такі. Бярозка толькі нашмат меншая была. Пасадзілі яе мой малы сын і жонка дубчыкам, а цяпер яна вунь якая вымахала. А як прайшоў ураган ды паламаў чамусьці ўсё бярозы, дык суседзі кажуць: а калі яна заваліцца, усё паламае, пакрышыць? Шкада, што зь ёй рабіць?”.

Наколькі апраўданая дачная гаспадарка? З гэтым рытарычным пытаньнем зьвяртаюся да Марыі Нічыпараўны, жонкі Генрыха Далідовіча.



(Марыя Нічыпараўна: ) “Хіба толькі ягады: варэньне, пераціраю іх. Гэта, вядома ж, я нічога не купляю. А што да астатняй гародніны, то я кожны год ежджу на начны рынак. Так як у нас амаль тры сям’і, купляю скрынямі памідоры, мяшкамі гуркі, перцы і раблю нарыхтоўкі. Хіба што цыбуля і морква для гэтых салатаў свае. А ўсё астатняе набываю. Тыдні два ў мяне, як кажуць, функцыянуе перапрацоўчая фабрыка, затое цэлую зіму сям’я забясьпечаная ўсім. Рыхтую каля васьмі відаў адных толькі салатаў. Ва ўсялякім разе, слоікаў 200 маю”.

(Карэспандэнт: ) “І потым ужо разьмяркоўваеце…”.

(Марыя Нічыпараўна: ) “Прыяжджае сын – мы яму даем, у яго зашклёная лёджыя, ёсьць дзе захоўваць... А самі мы ўжо на лецішча прыяжджаем адпачыць, зь людзьмі сустрэцца, таму што мы людзі вясковыя і мне, напрыклад, усё гэта ў ахвотку”.

На здымках:

1. Генрых Далідовіч за капаньнем элітнай бульбы. 2. Іван Стадольнік “самаадхіліўся” ад бітвы за ўраджай. 3. Васіль Зуёнак побач са сваім 40-гадовым “домам-вэтэранам”. 4. Марыя Далідовіч з улюбёнцам сям’і і суседзяў – катом Цімафеем.

Фота аўтара
XS
SM
MD
LG