Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія шанцы на ўдзел у палітычным жыцьці сваіх краінаў маюць два Міхаілы - Марыніч і Хадаркоўскі?


Уладзімер Глод, Менск Ужо ня першы месяц, а можа і ня першы год палітолягі параўноўваюць палітычныя працэсы ў Беларусі і Расеі і заўважаюць пэўныя падабенствы – расейскі прэзыдэнт нібыта правярае на беларускім палігоне пэўныя палітычныя манэўры і пасьля ажыцьцяўляе іх у Расеі. У гэтым кантэксьце цікава параўнаць становішча двух самых вядомых палітычных вязьняў гэтых дзьвюх краінаў: Міхаіла Хадаркоўскага ў Расеі і Міхаіла Марыніча ў Беларусі.

І Марыніч, і Хадаркоўскі публічна абвясьцілі пра свае намеры актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах сваіх краінаў. Спадар Марыніч заяўляў аб жаданьні балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі, спадар Хадаркоўскі спрабуе зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты расейскай Дзярждумы, паколькі ў аднамандатнай Унівэрсытэцкай акрузе Масквы будуць праводзіцца давыбары на вакантнае месца. Наколькі магчыма ў межах расейскага заканадаўства Міхаілу Хадаркоўскаму зарэгістравацца прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат? Пра гэта гаворыць у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё адзін з адвакатаў Міхаіла Хадаркоўскага -- Юлій Шмідт.

З пецярбурскім адвакатам Юліем Шмідтам я пазнаёміўся яшчэ на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі ён прыяжджаў у сталіцу Беларусі, дзе нядоўгі час працавала так званая менская група ў справах Нагорнага Карабаху. Тады ён выступаў тут у якасьці экспэрта. Апошні раз мы размаўлялі на мінулым тыдні ў Варшаве, на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 25-м угодкам польскай "Салідарнасьці". Паводле адваката, Міхаіл Хадаркоўскі мае права балятавацца ў дэпутаты да таго часу, пакуль ня будзе разгледжаная ягоная касацыйная скарга. Таму расейскія ўлады вельмі сьпяшаюцца, цьвердзіць юрыст, паседжаньне прызначанае на 14 верасьня:

(Шмідт:) "За некалькі дзён гарадзкому суду прапаноўваецца вывучыць, я думаю, старонак 300-400 касацыйных скаргаў і 450 тамоў крымінальнай справы (!). Пакуль прысуд Хадаркоўскаму не набыў законнай сілы, а гэта будзе да разгляду яго ў судзе касацыйнай інстанцыі, ён карыстаецца тымі самымі правамі, як і любы іншы грамадзянін Расеі. Улады сьпяшаюцца, таму што іх мэта - як мага хутчэй надаць прысуду законную сілу. Тады пытаньне аб вылучэньні майго падабароннага адпадзе само па сабе. Дзеля таго, каб ня мець сабе дадатковых цяжкасьцяў, улада ідзе на такі гвалт над правам". Спадар Шмідт сказаў мне, што, хоць ён ужо даволі працяглы час не наведваў Беларусь, па-ранейшаму цікавіцца нашымі справамі. У прыватнасьці, добра ведае сутнасьць справы Міхаіла Марыніча. Прысуд вядомаму беларускаму палітыку пецярбурскага адваката абсалютна не зьдзівіў:

(Шмідт:) "Я, канешне, уважліва адсочваю сытуацыю ў Беларусі. Я з жахам ацэньваю сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне. І наагул, калі я бачу вашага начальніка і слухаю яго з экрана тэлевізара, я часам пачынаю думаць -- можа нават наш, расейскі, начальнік крыху і лепшы... Хоць калі параўноўваць... Ну што тут параўноўваць? На жаль, на жаль, ні вам, ні нам не пашанцавала".

Апошнім часам можна пачуць шмат меркаваньняў наконт таго, што Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка шукаюць магчымасьць працягнуць сваё існаваньне на чале сваіх дзяржаваў на трэці тэрмін. Адным з галоўных варыянтаў вырашэньня гэтай задачы выглядае праект аб''яднаньня Расеі і Беларусі ў адзіную краіну. І вось што думае вядомы юрыст пра саюз Расеі і Беларусі.

(Шмідт:) "Саюз, мабыць, мог бы быць магчымым, каб не асабістыя амбіцыі кіраўнікоў. Наш начальнік, і, мабыць, ваш таксама, адчувае страх перад аксамітнымі рэвалюцыямі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Таму ён, як цар-Ірад, які вынішчаў у калысцы немаўлят, вынішчае магчымых апанэнтаў, нават на ўзроўні іх палітычнай сьпеласьці. Таму ваш “бацька” ўяўляецца нашаму начальніку ўсё ж канкурэнтам. І нават калі яны падзеляць пасады прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта, абодва будуць адчуваць сябе надзвычай няўпэўнена. Адзін будзе незадаволены тым, што ён ня першы, а другі будзе баяцца таго, што вось гэты чалавек так хоча быць першым, што можа зробіць нейкія актыўныя дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG