Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная бібліятэка – трэба перавезьці 7.5 мільёнаў кніг


Галіна Жарко, Менск Наведнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў цэнтры Менску сустракае абвестка: “Зь 1-га верасьня 2005 году плянуецца закрыцьцё бібліятэкі ў сувязі з пераездам у новы будынак. Тэрмін пачатку абслугоўваньня чытачоў будзе паведамлены дадаткова”. Бібліятэка сабралася ў дарогу.

Перавезьці трэба 7 з паловаю мільёнаў кніг, газэт, часопісаў... Выкладзеныя побач ў даўжыню стэляжы й паліцы, дзе ўсё гэта было разьмешчана, расьцягнуліся б на 60 кілямэтраў.

Паводле графіку, кожныя дзесяць дзён упакоўвалася больш за 500 тысяч кніг. Але чытачам, якія летам тэлефанавалі ў бібліятэку, адказвалі так:

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, кнігі ўжо не выдаюцца?”

(Бібліятэкар: ) “Кнігі выдаюцца з падсобнага фонду. Працуем”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, як бібліятэка перабіраецца. Бібліятэкары самі пакуюць кніжкі?”

(Бібліятэкар: ) “Пакуем самі. Кнігі, каталёгі. Усё самі робім”.

(Карэспандэнт: ) “Цяжкі пэрыяд?”

(Бібліятэкар: ) “Як заўсёды, у каго рамонт, пераезд. Нават ня ведаем, што нас там чакае”.

Самае складанае ў бібліятэкараў наперадзе – разьмяшчэньне і інвэнтарызацыя фондаў у новым будынку.

Ахвотна і ветліва размаўляючы з чытачамі, супрацоўнікі, на жаль, адмаўляліся адказваць на пытаньні карэспандэнта.

(Бібліятэкар: ) “Нас папярэджвалі, каб мы не давалі інтэрвію”.

Зрэшты, інфармацыі пра Нацыянальную бібліятэку даволі.

У фондах, апроч кніг на 50-ці мовах сьвету, захоўваюцца рукапісы, дысэртацыі, ноты, карты, аўдыёвізуальныя матэрыялы, электронныя дакумэнты.

Асабліва каштоўныя 65 тысяч рукапісаў, рэдкіх кніг і старадрукаў. Сярод іх калекцыя інкунабулаў – кнігаў, надрукаваных да 1501 году. Іх – 44, а ўсяго старажытных выданьняў 26 тысяч.

(Карэспандэнт: ) “Старажытныя кнігі... небясьпечна іх перавозіць?”

(Бібліятэкар: ) “У нас будуць адмысловыя кантэйнэры. Але якая будзе тэхналёгія яшчэ не зусім вядома”.

(Карэспандэнт: ) “Што найбольш небясьпечна для старажытных кніг? Тэмпэратура?”

(Бібліятэкар: ) “Так. І вільготнасьць. Трэба, каб надвор''е было добрае. Хоць яны ў нас будуць заплямбаваныя ў кантэйнэрах”.

(Карэспандэнт: ) “І ахова?”

(Бібліятэкар: ) “Вядома. Кнігі застрахаваныя”.

Нябесным заступнікам бібліятэкараў і архівістаў лічыцца сьвяты Лаўрэнцій. Юнаку ў 258 годзе папа Сікст даручыў захоўваць усе скарбы, у тым ліку і каштоўныя кнігі, якія рымскія ўлады вырашылі канфіскаваць. Юны захавальнік не падпарадкаваўся і за тое быў спалены жывым.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваеце атмасфэру пераезду?”

(Бібліятэкар: ) “Так. Калі бачым скрынкі, каб перавезьці фонд... Калі пачынаем падлічваць колькасьць плёмбаў. Колькасьць дроцікаў, якую трэба нарэзаць з матка, каб заплямбаваць скрынкі. Атмасфэра пераезду адчуваецца.”

Паводле статыстыкі, на дзьве тысячы беларусаў прыходзіцца адна бібліятэка. Гэта самы высокі паказьнік сярод краін былога СССР. Але колішняя “ленінка”, а цяперашняя “нацыяналка” выклікае асаблівыя пачуцьці. Гэта стала зразумела падчас апытаньня.

(Карэспандэнтка: ) “Калі бібліятэка пераедзе, нейкая аўра страціцца?”

(Спадар: ) “Думаю, страціцца. Будынак стары – цёпленькі такі “канструктывізм”. Я ведаю старую бібліятэку ў Варшаве і новую. Яна прасторная, свабодная, але старэнькая – цяплейшая. Мне будзе шкада”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкі дух бібліятэкі існуе?”

(Спадар: ) “Існуе, існуе... Яго адчувае чалавек, які шмат гадоў ходзіць”.

(Спадар: ) “Мне даводзілася бываць у многіх бібліятэках. Многія маюць свой твар, свой стыль. Гэта таксама мае. У Маскве бібліятэка занадта вялікая. А тут – хатняя такая. Спакойна тут”.

(Карэспандэнт: ) “Калі яна пераедзе ў новы будынак, нешта страціцца, на вашу думку?”

(Спадар: ) “Сьцены не галоўнае. А тое, што будуюць... Пажывем, пабачым”.

(Спадарыня: ) “Цяжка перадаць, але тут ня тыя адчуваньні, чым у іншых бібліятэках. Можа быць, з-за будынку, можа быць з-за людзей, якія тут працуюць”.

(Спадарыня: ) “Мне зусім ня хочацца, каб пераехалі ў іншы будынак, нават, калі гэта новы. Тут свая атмасфэра. Мне тут падабаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваюць людзі прысутнасьць добрага духа бібліятэкі?”

(Спадар: ) “Думаю, адчуваюць. І супрацоўнікі, і чытачы адчуваюць. Наша скарбонка, храм, сьвятыня... І чытачы пастаянныя – знаёмыя, даўнія. І вельмі прыемныя, сымпатычныя супрацоўніцы бібліятэкі”.

Паслухаем аднаго з пастаянных і даўніх чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі доктара філялягічных навук Івана Саверчанку.

(Саверчанка: ) “Я тут напісаў усе свае навуковыя працы. У маім лёсе бібліятэка, сапраўды, займае ключавое месца”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю вялікую “ваенную тайну”. Ваша жонка працуе ў бібліятэцы... Ці ня там вы сустрэліся?”

(Саверчанка: ) “Там. Гэта там яна мяне... як бы гэта сказаць больш далікатна...”

(Карэспандэнт: ) “Прыгледзела?..”

(Саверчанка: ) “Прыгледзела. Прыгрэла. Прытуліла. Я займаўся кніжкамі, а жанчыны... яны ж займаюцца...”

(Карэспандэнт: ) “...яны людзьмі займаюцца...”

(Саверчанка: ) “Так, яны людзьмі займаюцца. І ў асабістым лёсе бібліятэка сталася вельмі важным чыньнікам”.

Паслугамі Нацыянальнай бібліятэкі карысталася 90 тысяч чалавек, якім штогод выдавалася 3,5 мільёны кніг. Штодня ў старую бібліятэку прыходзіла 2,5 тысячы, нягледзячы на тое, што колькасьць месцаў – менш за тысячу. У новым будынку чытальныя залі разьлічаныя на 2 тысячы наведнікаў. Запісваць будуць ня толькі жыхароў Менску. Праўда, старыя чытацкія білеты дзейнічаюць ужо ня будуць.

(Карэспандэнт: ) “У новым будынку будзе платны запіс?”

(Бібліятэкар: ) “Будзе платны білет. Ён і цяпер платны”.

(Карэспандэнт: ) “Даражэй будзе?”

(Бібліятэкар: ) “Даражэй. Будзе зусім іншы від білетаў”.

У Беларусі каля 12 тысяч бібліятэк з агульным фондам каля 250 мільёнаў асобнікаў. Але ад фондаў “нацыяналкі” навукоўцы часова адлучаныя. Пытаюся Івана Саверчанку:

(Карэспандэнт: ) “Ці адчулі вы нязручнасьці ад пераезду?”

(Саверчанка: ) “Такі момант ёсьць, але аптымізму тут больш, чым пэсымізму. Мне падаецца, што там будзе лепш. Прасторней. Будзе абноўлена матэрыяльная база. Інфармацыйныя рэсурсы”.

Наперадзе – перавозка аграмаднай колькасьці кніг. Паводле папярэдніх падлікаў, кніжны караван мог бы апаясаць Менск па кальцавой дарозе два разы. Гэтага, вядома, ня здарыцца, але пераяжджае бібліятэка ў аўральным парадку.

(Саверчанка: ) “Можна было ім даць больш часу. Не абмяжоўваць – да восені ці да новага году. Прэзыдэнт ня мае тут рацыі. Ня варта ціснуць. Варта было б перавозіць калекцыямі – беларускую залю, рэдкую кнігу, залю замежнай літаратуры. Не так – быццам бы шлюзы адчыніліся, і ўсё паплыло, а каб калекцыі перавозіліся цалкам. Тады, як мне думаецца, гэта было б больш эфэктыўна і тэхналягічна і для бібліятэкі, і больш выгодна і правільна для чытачоў”.

Спачатку пераезд плянавалі расьцягнуць на некалькі гадоў. Тое рэкамэндавалі і калегі з Расеі і Нямеччыны, якія ўжо перажылі падобнае. Але перасяліць бібліятэку ў дужа сьціслыя тэрміны запатрабаваў прэзыдэнт Лукашэнка. Нягледзячы на тое, што цалкам аўтаматызаваць перавозку не ўдалося. Паводле дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага, архітэктары новага будынку не прадугледзелі магчымасьці глябальнага перамяшчэньня кніжных фондаў. Зручных для гэтага пад’ездаў да будынкаў няма. Пагрузкаю і выгрузкаю кнігі будуць займацца быццам бы студэнты Ўнівэрсытэта культуры і вайскоўцы. Апэрацыя па перамяшчэньні кніг, праўда, як і шмат якая іншая інфармацыя, зьвязаная з новай бібліятэкай, трымаецца ў сакрэце.

Многія кнігі, у якіх наперадзе падарожжа, ужо вандравалі па сьвеце. Пра гэта, а таксама пра перамяшчэньне кніг у віртуальную прастору, – наступным разам.
XS
SM
MD
LG