Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будзеш сьвістаць, то трасцу і мець будзеш


Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Дзеяслоў сьвістаць нясе сярод іншых сэнсаў і пераносны – нічога карыснага не рабіць; а назоўнік трасца (у адным са сваіх значэньняў) перадае сумны вынік – нічога ня мець. Народная мудрасьць вучыць: зь нічога атрымліваецца нічога, і часам гэтага “нічога” ў нашым жыцьці назапашваецца даволі шмат. Пра гэта добра сказана ў дасьціпным вершыку Марціна Коўзкага: І ў цябе нічога, І ў мяне нічога! Гэтага нічога Надта ж вельмі многа...

Дарэчы, трасца – ці ня самае любімае народам слова; я чуў яго змалку і чую (на той жа Камароўцы) па сёньняшні дзень. Яно зьяўляецца сэнсавай асновай шырокавядомых фразэалягізмаў; яно, можна сказаць, нацыянальны сымбаль нашай незадаволенасьці, бо як толькі нам трэба выказаць яе, сваю незадаволенасьць кім-небудзь або чым-небудзь, мы адразу ж і згадваем трасцу. Прыкладаў мора: і трасца табе ў бок, і трасца тваёй галаве, і трасцу зьеж... Наша незадаволенасьць усё адтуль – з нашай зайздрасьці да таго, хто ўмее працаваць, хто ўмее зарабляць грошы; наша незадаволенасьць з нашай ляноты. Дык ня трэба ленавацца. Мовячы па-народнаму, ня трэба сьвістаць.

Бо, як казаў Пракоп Дубяга, герой забытай аповесьці Якуба Коласа “Адшчапенец”, як будзеш сьвістаць, то трасцу і мець будзеш!

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG