Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зуброўцы” выйшлі на волю


Любоў Лунёва, Менск З спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на волю выйшлі трое актывістаў моладзевага руху “Зубр”. Яны адседзелі 10 сутак за пікет на знак салідарнасьці з арыштаванымі грузінскімі партнэрамі Георгіем Кандэлакі і Лукам Цуладзэ. Каля двух дзясяткаў сяброў моладзевага руху “Зубр” сустрэлі з кветкамі й шампанскім Натальлю Ўшко, Аляксея Ляўковіча і Аляксандра Курбацкага. Сябры "Зубра" расказалі пра сваё знаходжаньне за кратамі.

Аляксандар і Аляксей паведамілі, што сустрэлі ў камэры актывістаў “Кмары” Георгія Кандэлакі і Луку Цуладзэ. Гаворыць Аляксей Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “У панядзелак бачыў Георгія Кандэлакі гадзіны дзьве, а потым мяне перавялі ў іншую камэру. Мы зь ім сустрэліся пасьля суду. Яго прывялі ў 11-ю камэру. Я сказаў Георгію, што мы сядзім за пікет у іх падтрымку. Яму было вельмі прыемна. Быў рады мяне бачыць. Доўга мяне абдымаў. Мы зь ім паразмаўлялі. Потым нас раскінулі па розных камэрах”.

Натальля Ўшко ўпершыню адбывала арышт у камэры спэцпрымальніка.

(Ушко: ) “У камэры са мной былі тры алкашкі, якія дапіліся да апошняй стадыі. Ну, і адна была нармальная. Кожны вечар дзяўчаты прыносілі вядро гарачай вады. Іх выводзілі памыць падлогу, а мяне зусім нікуды не выводзілі. Палітычных не выводзяць. Я была там першы раз і зусім ня страшна”.

Аляксандр Курбацкі, студэнт політэхнічнага каледжу, толькі другі раз удзельнічаў у апазыцыйнай акцыі.

(Курбацкі: ) “У палітычнай акцыі я ўдзельнічаў толькі другі раз, вось ужо й “трапіў”. Сядзець 10 сутак вельмі складана. Гэта не курорт… Ды з такой ежай… Дзякуй маім сябрам за перадачкі, што не забыліся пра мяне. Тут не так ужо і страшна. Можна і 10, і 15 сутак сядзець. Але ўсё роўна, буду ўдзельнічаць у палітычных акцыях, у якіх толькі здолею”.

Сябры “Зубра” стараліся перадаваць арыштаваным прэсу і прадукты. Яўген Афнагель лічыць гэта неабходным для падтрыманьня маральнага духу сваіх сяброў.

(Афнагель: ) “З траіх людзей, якія былі арыштаваныя і сядзелі на Акрэсьціна, двое былі першы раз. Таму вельмі важна было іх падтрымаць. Як толькі яны “селі”, мы зрабілі ўлёткі з патрабаваньнем вызваліць іх. Мы напісалі, за што гэтыя людзі сядзяць. Улёткі расклеілі каля суду, на спэцпрымальніку, у месцах, дзе яны жывуць, і на месцы, дзе была акцыя. Ну, вядома, перадавалі ім газэты, харчы. Думаю, што падтрымка адчувалася”.

Натальля, Аляксей і Аляксандар паведамілі, што, нягледзячы на магчымы арышт, абавязкова возьмуць удзел у наступных акцыях апазыцыі.

Гл. таксама • Актывісты "Кмары" расказалі пра свае прыгоды ў Менску
XS
SM
MD
LG