Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: Кангрэс дэмсілаў, праўдападобна, адбудзецца ў Расеі


Ганна Соусь, Менск Нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, праўдападобна, адбудзецца ў Расеі. Пра гэта сёньня Радыё Свабода заявіў лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю, кіраўнікі шэрагу палітычных арганізаваных структураў. З улікам новых абставін, новай дадатковай інфармацыі ёсьць вельмі вялікая верагоднасьць, што кангрэс можа прайсьці ў Расейскай Фэдэрацыі”.

Раней удзельнікі сталай кансультацыйнай нарады дэмакратычных партыяў зьвярталіся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапамагчы з арэндай памяшканьня для кангрэсу. Потым вялася гаворка пра тое, што Кангрэс можа быць праведзены ў Кіеве.

У Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў абрана ўжо болей за 400 дэлегатаў – гэта болей за палову ад яго ўдзельнікаў. 217 кандыдатаў былі абраныя на раённых сходах дэмакратычных сілаў, астатнія ўдзельнікі – былыя дэмакратычныя кандыдаты на парлямэнцкіх выбарах 2004 году, актывісты Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, якім былі накіраваныя пэрсанальныя запрашэньні.

Кангрэс, на якім будзе названае імя адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году, плянуецца правесьці 1-2 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG