Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі нарэшце адменяць абавязковы "штампік на выезд"?


Уладзімер Глод, Менск 5 верасьня Канстытуцыйны суд зноў распачаў справу аб адмене дазвольнага запісу пра выезд за мяжу ў пашпартах грамадзянаў Беларусі. Мяркуецца, што гэтая справа будзе слухацца праз два тыдні – 19 верасьня.

Афіцыйнай падставай для разгляду гэтай справы стала хадайніцтва беларускага ўраду. Савет Міністраў просіць працягнуць дзейнасьць абавязковага для грамадзянаў Беларусі дазвольнага запісу ў пашпарце пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы. Урад спасылаецца на тое, што ягоныя структуры не пасьпяваюць да канца сёлетняга году стварыць сыстэму кампутарнга ўліку асобаў, чый выезд за межы Беларусі абмежаваны. Таму, маўляў, патрэбна і надалей мець дазвольны запіс.

Яшчэ тры гады таму Канстытуцыйны суд прызнаў "штампік" антыканстытуцыйным. Паводле Канстытуцыйнага суду, такі запіс абмяжоўвае правы грамадзянаў краіны. Тады ўраду было прапанавана стварыць такую сыстэму ўліку перасячэньня мяжы, якая б дазваляла адсочваць гэты працэс бяз адмысловага штампу ў пашпарце. Быў вызначаны і тэрмін завяршэньня гэтай працы – не пазьней за 31 сьнежня 2005 году.

Тое рашэньне суду ініцыявала група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Сярод тых парлямэнтароў, хто прадстаўляў дэпутацкі корпус у Канстытуцыйным судзе, быў і Ўладзімер Парфяновіч.

Экс-парлямэнтар лічыць, што згаданая праблема была б ужо даўно вырашаная, калі б дзяржава ня мела ад гэтага вялікага прыбытку. Справа ў тым, што за кожны год дзейнасьці дазвольнага штампу трэба плаціць адну базавую велічыню – на сёньняшні дзень 25,5 тысячы рублёў:

(Парфяновіч: ) "За ўсім гэтым стаяць грошы, каб іх здымаць з нашых грамадзянаў. Калі скажуць так: мы будзем ставіць дазвольны штамп, але ня будзем браць за гэта грошы, тады кожны запытае: а навошта нам гэты штамп наагул? Пакуль будуць браць грошы, гэта ўсё будзе цягнуцца яшчэ дзесяць гадоў".

Спадар Парфяновіч нагадаў таксама, што яшчэ тры гады таму, калі рыхтавалі дэпутацкі запыт у Канстытуцыйны суд, памежнікі зь Дзяржаўнага камітэту Беларусі афіцыйна адказвалі, што яны пасьпяхова абыходзяцца без кампутарызацыі.

(Парфяновіч: ) "Мне адказалі, што для іх гэты запіс ня мае ніякага сэнсу – ці ёсьць гэты штамп, ці яго няма. Яны працуюць са сшыткам, у якім занесеныя ўсе асобы, якім, на думку ўладаў, не патрэбна выяжджаць за мяжу. Таму ніякія кампутары ім не патрэбныя. За гэтым стаіць адно – грошы. Грошы, якія трэба ўзяць зь людзей. Вось і усё".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG