Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у вышэйшых эшалёнах улады Ўкраіны (абноўлены)


Юры Сьвірко, Кіеў Дзяржаўны сакратар Украіны пайшоў у адстаўку ды абвінаваціў у карупцыі найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта Віктара Юшчанкі.

Дзяржсакратар Украіны Аляксандар Зінчанка, які да мінулага тыдня ачольваў сакратарыят (былую адміністрацыю) прэзыдэнта Юшчанкі, на прэсавай канфэрэнцыі ў панядзелак абвінаваціў у карупцыі сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Пятра Парашэнку, першага памочніка прэзыдэнта Аляксандра Трацьякова й лідэра парлямэнцкай фракцыі прэзыдэнцкай партыі “Наша Ўкраіна” Міколу Мартыненку. Спадар Зінчанка запатрабаваў адстаўкі гэтых трох асобаў, якія “стварылі ўласнае клянавае Ltd і перавялі Віктара Юшчанку з рэальнага сьвету ў віртуальны”.

Спадар Зінчанка заявіў, што абвінавачваньні ў карупцыі на адрас найбліжэйшага атачэньня прэзыдэнта Віктара Юшчанкі патрабуюць пэрсаніфікацыі:

(Зінчанка: ) “Назаву некаторых. Сакратар Рады нацыянальнае бясьпекі й абароны Парашэнка, першы памочнік прэзыдэнта Трацякоў, некалькі іхніх партнэраў кшталту Мартыненкі – цынічна й сыстэмна рэалізоўваюць свой сцэнар выкарыстаньня ўлады ў сваіх мэтах. Зьмест сцэнару мае наступныя асноўныя элемэнты: уласнасьць, суды, праваахоўныя органы, кадры, СМІ, улада”.

Пятра Парашэнку кіеўскія палітолягі называюць галоўным ворагам прэм''ер-міністра Юліі Цімашэнкі. Спадара Парашэнку апошнім часам даволі часта абвінавачвалі ў спробах значна пашырыць свае паўнамоцтвы, стварыць ценявы ўрад, атрымаць даход ад перапродажу буйных прадпрыемстваў Украіны ды атрымаць кантроль над буйнымі тэлеканаламі, аднак упершыню гэтыя абвінавачваньні прагучалі на ўзроўні былога чыноўніка высокага рангу ды блізкага паплечніка прэзыдэнта Юшчанкі.

Аўтар абвінавачваньняў Аляксандар Зінчанка – былы камсамольскі функцыянэр і кіраўнік ліквідацыйнае камісіі Усесаюзнага ЛКСМ, з 1995 да 2002 году ачольваў адзін з трох буйных украінскіх тэлеканалаў “Інтэр”. У гэтыя ж гады ўваходзіў у кіраўніцтва прапрэзыдэнцкай партыі, але ў 2003 годзе пайшоў зь яе з пасады першага намесьніка старшыні. Быў віцэ-сьпікерам Вярхоўнай Рады й летась кіраўніком перадвыбарчага штабу Віктара Юшчанкі. 16 чэрвеня сёлета брытанскі часопіс “The Economist” напісаў, што спадар Зінчанка заявіў у Лёндане пра адмову Ўкраіны ад удзелу стварэньні сыстэмы радыёвяшчаньня на Беларусь з тэрыторыі суседніх краін.

На прэсавую канфэрэнцыю спадара Зінчанкі, якую трансьляваў у жывым эфіры "5-ты канал", прыйшоў уласьнік гэтага каналу ды галоўны абвінавачаны Пятро Парашэнка. Ён падкрэсьліў, што выступае як фізычная асоба, а не сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі:

(Парашэнка: ) “Я падкрэсьліваю, што Аляксандар Аляксеевіч Зінчанка як дзяржаўны сакратар меў усю паўнату ўлады ў дзяржаве для таго, каб давесьці й прыцягнуць да адказнасьці ўсіх тых, каго ён згадваў у сваім выступе. Больш за тое – менавіта яму прэзыдэнт сваім указам даверыў пытаньне барацьбы з карупцыяй, калі была створаная група па барацьбе з карупцыяй”.

Пятро Парашэнка заявіў, што Аляксандар Зінчанка мусіў не рабіць бяздоказныя палітычныя абвінавачваньні для прэсы, а быў абавязаны як прадстаўнік улады абнародаваць факты карупцыі. Спадар Парашэнка зазначыў, што спадар Зінчанка не падаў на прэсавай канфэрэнцыі ніводнага канкрэтнага факту. Аднак Аляксандар Зінчанка сказаў, што ягоная прэсавая канфэрэнцыя – гэта толькі пачатак адкрытай дыскусіі пра карупцыю ў новай украінскай уладзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG