Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская "Times": “Наступны прыпынак – рэвалюцыя ў Беларусі”


Юрыя Дракахруст, Прага “Наступны прыпынак – рэвалюцыя ў Беларусі” – у артыкуле пад такой назвай брытанская "Times" распавядае пра тэхналёгіі палітычных пераменаў у Беларусі. Са зьместам артыкулу вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

Назва публікацыі ўтрымлівае і пэўную гульню словаў – там гаворыцца пра "Blackberry revolution". Даслоўна "Blackberry" – гэта чарніцы. Кожная з папярэдніх аксамітных рэвалюцыяў мела свой сымбаль – ружа ў Грузіі, апэльсін ва Ўкраіна, цюльпан у Кіргістане. Але сярод кампутаршчыкаў "BlackBerry" – гэта вядомы брэнд кішэннага кампутара, які дазваляе магчымасьць бяздротавай сувязі па ўсім сьвеце, з магчымасьцю тэлефанаваньня, перасылкі электроннай пошты, і выхаду ў інтэрнэт.

Паводле "Times" у пераменах у Беларусі могуць адыграць вырашальную ролю ня сіла, а новыя сацыяльныя і камунікацыйныя тэхналёгіі.

У артыкуле апавядаецца, у прыватнасьці, пра кампутарную гульню “Больш моцная сіла”, у якой мадэлюецца тактыка негвалтоўных вулічных акцыяў пратэсту. Выданьне паведамляе, што ў хуткім часе будзе зробленая вэрсія гэтай гульні для Беларусі, дзе можна будзе трэніравацца ў тактыцы вулічнага пратэсту на мапе Менску.

"Times" прыгадвае пра двух грузінскіх актывістаў Луку Цуладзэ і Георгія Кандэлакі, якія прыяжджалі ў Беларусь для сустрэчаў з маладымі апазыцыянэрамі, але былі арыштаваныя і дэпартаваныя з краіны.

Актывісты моладзевых рухаў краінаў, у якіх адбыліся пасьпяховыя аксамітныя рэвалюцыі, імкнуцца распаўсюдзіць дэмакратычныя перамены на іншыя краіны. "Times" піша, што актывісты сэрбскага “Отпора”, грузінскай “Кмары” і ўкранскай “Поры” зрабілі важкі ўнёсак у перамогу правых сілаў на выбарах у Альбаніі гэтым летам.

Газэта цытуе Івана Маравіча – аднаго зь лідэраў сэрбскага "Отпору", які лічыць, што ў наш час рэвалюцыя – гэта тавар, які трэба ўмець прадаць. Маравіч кажа, што ўзорам сэрбскай мадэлі была рэклямная стратэгія "Кока-Колы".

"Times" распавядае пра вэтэрана польскага супраціву Міраслава Гаецкага, які ў 70-80-я гады мінулага стагодзьдзя стварыў сапраўдную імпэрыю падпольнага друку, якая змагалася з камунізмам у Польшчы. Цяпер жа фірма Гаецкага выдае тысячы кампакт-дыскаў апазыцыйнага зьместу, якія патаемна ўвозяцца ў Беларусь.

На думку аўтара публікацыі ў "Times" менавіта насычэньне беларускага рынку непадцэнзурнай відэапрадукцыяй зьяўляецца важкім сродкам падрыхтоўкі пераменаў у Беларусі. Выданьне называе імя Пітэра Экэрмана, фільм якога аб рэвалюцыйных падзеях у Сэрбіі неаднаразова дэманстраваўся па незалежным тэлебачаньні ў Грузіі падчас рэвалюцыі “ружаў”.

Цяпер Пітэр Экэрман пераключае сваю ўвагу на Беларусь. Ён зьяўляецца аўтарам грунтоўнага дасьледаваньня, у якім падсумоўваецца досьвед адхіленьня ад улады аўтарытарных рэжымаў у 67 краінах за апошнія 30 гадоў. Парады дасьледчыкаў апазыцыйным рухам у аўтарытарных краінах наступныя: апазыцыя павінна згуртавацца вакол адзінай мэты, выпрацаваць стратэгію негвалтоўных дзеяньняў, знайсьці шляхі камунікацыі ці нэўтралізацыі сілавых структураў, усталяваць кантакты з замежнымі мэдыямі і пазбавіцца страху перад дыктатарам, адкрыта высьмейваючы яго.

“Ці спрацуе гэта ў Беларусі? – задае пытаньне "Times". Сачыце за гэтай крайнай”.

***

Да публікацыі ў брытанскай газэце варта дадаць два факты сёньняшняга дня, якія наўпрост тычацца тэмы публікацыі.

"Комсомольская правда в Беларуси" паведаміла, што міжнародная асацыяцыя мульціплікатараў CRN пагражае заваліць сьвет сатырычнымі стужкамі пра Аляксандра Лукашэнку. Арганізацыя, якая аб''ядноўвае стваральнікаў мультфільмаў з 64-х краінаў сьвету, выказвае абурэньне перасьледам іхных беларускіх калегаў, супраць якіх за фільмы пра кіраўніка дзяржавы распачатая крымінальная справа. Сябры CRN патрабуюць спыніць перасьлед, у адваротным выпадку Лукашэнка атрымае тысячы мультфільмаў пра сябе па ўсім сьвеце.

Тым часам у самой Беларусі прайшлі вучэньні спэцпадразьдзяленьняў унутраных войскаў. "Інтэрфакс" паведамляе, што, падводзячы іх вынікі, міністар Уладзімер Навумаў падкрэсьліў, што “роты хуткага рэагаваньня і полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня прафэсійна падрыхтаваныя да таго, каб спыняць масавыя беспарадкі і ліквідаваць групавыя парушэньні грамадзкага спакою”.

На першым этапе вучэньняў адпрацоўваліся дзеяньні ў ходзе інцыдэнтаў падчас футбольных матчаў. Другі этап быў прысьвечаны як раз дзеяньням падчас масавых беспарадкаў. Падчас вучэньняў байцы спэцпадраздзяленьняў “разьдзялялі і расьсейвалі разьюшаны натоўп і аказвалі дапамогу пацярпелым грамадзянам” – паведаміў "Інтэрфаксу" суразмоўца з МУС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG