Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўскі дасьледчы цэнтар: рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Варшаўскі Цэнтар ўсходніх дасьледаваньняў: “Усё больш частыя хвалі рэпрэсіяў сьведчаць аб ўзмацненьні аўтарытарных тэндэнцыяў ў Беларусі і рашучасьці Аляксандра Лукашэнкі застацца пры ўладзе”. Адмыслоўцы дзяржаўнага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, што ў Варшаве, лічаць, што нягледзячы на тое, што да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў якіх ізноў будзе балятавацца Аляксандар Лукашэнка застаўся яшчэ год, улады рыхтуюцца да іх усё больш інтэнсіўна.

“Аляксандар Лукашэнка хоча максымальна ізаляваць Беларусь ад зьнешніх уплываў і зьліквідаваць усе асяродкі патэнцыйнага супраціву. Рэпрэсіі накіраваныя ня толькі супраць палітычных партыяў, але таксама супраць недзяржаўных арганізацыяў і нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў”, – гаворыцца ў матэрыяле экспэрта Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у справах Беларусі Агаты Вяжбоўскай-Мязгі, які зьявіўся на афіцыйнай старонцы гэтай арганізацыі.

Аўтарка адзначае, што нядаўнія папраўкі, якія Лукашэнка ўнёс у свой дэкрэт №460 яшчэ больш абмяжоўваюць і так моцна абмежаваныя магчымасьці замежнай дапамогі беларускім арганізацыям і прыватным асобам – у выніку магчымасьці працы ў межах закону для грамадзкіх арганізацыяў – мінімальныя.

У матэрыяле гаворыцца таксама, што апошнія тыдні прынесьлі чарговую хвалю рэпрэсіяў супраць праяваў грамадзкай незалежнасьці і плюралізму ў Беларусі. Аўтарка падае прыклады Міколы Статкевіча, якога дадаткова абвінавацілі ў арганізацыі незаконнай акцыі перад брамай гэтак званай “хіміі” ці допыты й затрыманьні аўтараў інтэрнэт-старонкі, дзе зьмешчаныя сатырычныя мультфільмы пра беларускага кіраўніка.

Агата Вяжбоўска-Мязга піша таксама піша пра закрыцьцё ўладамі эвангелічнай рэфармацкай царквы, якая існавала ў Беларусі больш за чатыры стагодзьдзі, а таксама пра рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў Беларусі.

“Усё больш частыя хвалі рэпрэсіяў ня толькі супраць палітыкаў і апазыцыйных арганізацыяў, але ўсіх праяваў грамадзкай незалежнасьці і стварэньне для такіх санкцыяў законных падставаў, сьведчаць аб ўзмацненьні аўтарытарных тэндэнцыяў у Беларусі і рашучасьці Аляксандра Лукашэнкі застацца пры ўладзе”, – гаворыцца ў матэрфяле варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў.
XS
SM
MD
LG